×

Могілкі Уручча

Могілкі Уручча

Няма дакладных звестак, калі былі заснаваныя могілкі вёскі Ўручча. Доўгі час гэта былі звычайныя вясковыя могілкі на ўзгорку каля Маскоўскай шашы (цяпер гэты ўчастак дарогі на Маскву адносіцца да праспекта Незалежнасці). Нават у першай палове 1990-х гг узгорак, дзе знаходзяцца гэтыя могілкі, быў амаль з усіх бакоў акружаны пусткай. Зараз могілкі заціснутыя з усіх бакоў: тры гандлёвыя цэнтры, дзве паркоўкі (адкрытая і крыты паркінг) і транспартны вузел у выглядзе прыпынку для розных відаў гарадскога і міжгародняга транспарту разам са станцыяй метро.

Помнікі на могілках Уручча перадаюць каларыт некалькіх эпох. Пахаванні ў раёне ўвахода з боку праспекта Незалежнасці – гэта пераважна савецкія помнікі без рэлігійнай сімволікі эпохі развітога сацыялізму. Далей ідуць пахаванні пад помнікамі з цэльнага камення, характэрныя да другой паловы ХІХ ст і выкарысталіся нават у 1930-х гг., а таксама пахаванні пад жалезнымі крыжамі. У сярэдзіне некропаля і бліжэй да абрыву ў бок паркоўкі паміж вуліцамі Шафарнянскай і Ложынскай шчыльнасць пахаванняў вельмі высокая: можна лёгка не заўважыць і наступіць на безыменную магілу, ад якой застаўся толькі маленькі ўзгорак.

Плошча могілак – 0,7893 га і яго адміністрацыя знаходзіцца на Ўсходніх (Маскоўскіх) могілках (1). У 1997 г пасля некаторага перыяду кансервацыі некропаля яго зрабілі даступным для камерцыйных пахаванняў, але па стане на 2018 год там дазволена толькі пахаванне да сваякоў урны з прахам ці труны з папярэдняй згоды адміністрацыі Усходніх могілках (2). Хадзіў міф, што гэтыя могілкі ліквідуюць пад новыя забудовы, як Старажоўскія ў савецкі час, але ён не мае пад сабой падставы. Паводле законаў РБ, ліквідаваць некропаль магчыма толькі праз 100 год пасля апошняга пахавання на іх, пасля чаго можна разбіць на іх месцы парк. Паколькі на такіх могілках як Уручча прыкладна 1-2 разы на год робіцца новае пахаванне, то да іх ліквідацыі яшчэ далёка...

Самае старое са знойдзеных даследчыкамі пахаванняў належыць Праскоўі Шырынскай, якая памерла ў 1878 годзе (3). Адно з самых распаўсюджаных прозвішчаў пахаваных – Шыдлоўскія (4). Дарэчы, наяўнасць мноства магіл з адным прозвішчам – гэта характэрная прыкмета былых вясковых могілак, якія ўвайшлі ў межы горада.

Від на могілкі з боку цэнтра горада. Фота 2012 г. Аўтар: карыстальнік ЖЖ Dmitrij_Kr (3)

У некаторых частках могілках можна сустрэць «канкурэнцыю» старых і новых пахаванняў. Фота Андрэя Берастоўскага, ліпень 2013 г.

У некаторых частках могілках можна сустрэць «канкурэнцыю» старых і новых пахаванняў. Часам агароджа пахавання ХХ ст ставіцца амаль на помнік ХІХ-пачатку ХХ ст. Звычайна апошні альбо валяецца побач, як пераможаны натуральным адборам, альбо ціха зыходзіць у грунт. Праўда, у выпадку з помнікам на гэтым фота, ёсць некаторы догляд за пахаваннем: каля магілы свежыя кветкі і яйкі, верагодна прынесеныя на Радаўніцу.

Летам 2013 г., калі на вуліцы Ложынскай каля метро будавалі паркінг, рабочыя будоўлі часам хадзілі выпіваць на могілкі. Фота Андрэя Берастоўскага, ліпень 2013 г.

Летам 2013 г., калі на вуліцы Ложынскай каля метро будавалі паркінг, рабочыя будоўлі часам хадзілі выпіваць на могілкі. Магчыма, у бытоўцы іх чакаў злы начальнік... Рабочыя паклалі пілу і сякеру на помнік Аксінцья Шалімы і селі ў цені, калі патрапілі ў кадр. У той час на могілках хапала пустых бутэлек з-пад піва ды іншых алкагольных напояў. Дарэчы, гэты помнік захаваў чытабельны надпіс дзякуючы працы рэстаўратараў, сляды дзейнасці якіх можна знайсці на многіх помніках і крыжах гэтага месца.

«Анна Васільевна Шалима. Жыла 60 лет. Умерла 27 февраля 19...». Фота Андрэя Берастоўскага, ліпень 2013 г.

Замшэлы помнік магілы з незвычайнай з пункту гледжання арфаграфіі эпітафіяй: «Анна Васільевна Шалима. Жыла 60 лет. Умерла 27 февраля 19...» Надмагільных надпісаў на рускай мове з варыянтам «жыла» замест «жила» на гэтых могілках некалькі.

Напамін пра Вялікую Айчынную. Фота Андрэя Берастоўскага, ліпень 2013 г.

Напамін пра Вялікую Айчынную: разбіты помнік магілы Надзеі Аксенцьеўны Хаткевіч (1912-1942). Зразумела, што указанне, што яна памерла, паказвае, што яе смерць не была прама звязана з ліхалеццем нямецкай акупацыі, але смерць трыццацігадовай жанчыны ад хваробы, голаду ці іншых прычын магла быць ускосна звязана з вайной. На могілках Уручча ёсць яшчэ некалькі пахаванняў часоў вайны, дзіцячых і дарослых, у пэўных выпадках пазначана «загінуў». Праўда, і ў такіх выпадках чалавек можа стаць ахвярай злачынца ці няшчаснага выпадку... Тое, што помнік Н. Хаткевіч разбіты, не абавязкова звязана з адмысловым вандалізмам: нярэдка магільныя помнікі ламаюцца з-за падзення дрэў. Магчыма, на магіле Надзеі Аксенцьеўны стаіць новы помнік.

Такія магілы, заваленыя ржавым металаломам, можна сустрэць на многіх могілках Мінска. Фота Андрэя Берастоўскага, ліпень 2013 г. (4)


Такія магілы, заваленыя ржавым металаломам, можна сустрэць на многіх могілках Мінска. У 2016 годзе наглядчыкі могілках сталі чапляць да такіх пахаванняў «лісты шчасця» – папярэджанні сваякам навесці парадак на магіле з пагрозай дэмантажу помнікаў, крыжоў і агароджы праз 2 гады. На Вайсковых могілках такая палітыка прывяла да канфліктаў паміж супрацоўнікамі Спецкамбіната КБА і рэстаўратарамі.

 

І наўздагон некалькі цікавых дадатковых фактаў:

1. Паводле інфармацыі, якую прадстаўнікі ўлады разбіралі на адмысловай сустрэчы з настаўнікамі школы №197 ў 2004 г., на пустцы побач з могілкамі Беларуская праваслаўная царква планавалі пабудаваць свой храм, але фактычна ўся свабодная муніцыпальная зямля ў гэтым месцы разышлася пад патрэбы бізнеса.

2. Недалёка ад могілак зніклай вёскі Уручча падчас будаўніцтва лініі метро знайшлі рэшткі маманта. Вось так амаль на адным месцы старажытны мамант, помнікі магіл ХІХ-ХХ ст і хмарачосы з бізнес-цэнтрамі ХХІ ст. Можна экскурсіі сюды вадзіць!

3. У адрозненне ад некаторых іншых могілак Мінска, з могілкамі Уручча не звязаныя шырокавядомыя легенды і паданні ў стылі «хорар». Але знаходжанне могілак каля транспартных развязак і той факт, што яны знаходзяцца на ўзгорку, з якога ў снежны перыяд году катаюцца на санках дзеці, можа спарадзіць такія легенды, бо выпадкі таго, што нешта такім дзецям падалося, мелі месца. Але гэта пытанне і да бацькоўскага выхавання павагі да некропаляў.

4. Могілкі Уручча – амаль адзінае месца, дзе побач з чалавечым некропалем знаходзяцца могілкі свойскіх жывёлаў. Амаль адзінае, бо побач з ліквідаванымі нямецкімі могілкамі ў лесапарку насупраць Усходніх могілак, ёсць пахаванні кошак і сабак, а праз дарогу вуліцы Ўсіхсвяцкай насупраць тых жа Ўсходніх могілак таксама знаходзіцца некропаль дамашніх гадаванцаў у лесапарку Зялёны луг. Усе гэтыя пахаванні жывёлаў – стыхійныя, але, да гонару гарадскіх улад і мясцовых жыхароў, ніхто не знішчае магілы дамашніх гадаванцаў.

Могілкі Уручча – амаль адзінае месца, дзе побач з чалавечым некропалем знаходзяцца могілкі свойскіх жывёлаў.

Зноскі:
(1) Згодна сайту Спецкамбіната КБА http:ritual-minsk.by/uruche.
(2) Згодна дадзеным старонкі http://ritorg.by/kladbisch-minska/kladbische-uruche-v-minske.html
(3) Кладбище исчезнувшей деревни Уручье // BY_Mohilki у LiveJournal, публікацыя 2.11.2012, доступ: http://by-mohilki.livejournal.com/30319.html
(4) Фотаздымкі з артыкула «Аб чым маўчаць уруччанскія могілкі» // Блог Андрэя Берастоўскага, публікацыя 12.07.2013, доступ: https://berastouski.blogspot.com/2013/07/blog-post_12.html (усяго каля 40 здымкаў)

 

Instagram
Instagram

Читайте еще