×

Могілкі Малы Трасцянец

кладбище Малый Тростенец

Могілкі Малы Трасцянец – абмежавана дзеючыя (з 1990 года) могілкі на тэрыторыі Мінска ў прыватным сектары недалёк ад вуліцы Сяліцкага паміж алеяй смерці Трасцянецкага мемарыяла і Ельніцкай вуліцай у прыватным сектары Малы Трасцянец. Год заснавання невядомы, плошча: 1,8285 га, знаходзіцца пад наглядам адміністрацыі Чыжоўскіх могілак (1). Ёсць пахаванні канца ХІХ і пачатку ХХ ст. з эпітафіямі дарэвалюцыйным рускім правапісам. Знойдзены пахаванні часоў Вялікай айчыннай вайны. Як і на іншых былых вясковых некропалях, на Малым Трасцянцы ёсць распаўсюджаныя прозвішчы: Корзун, Ляшкевіч і Дамашэвіч. Як і на іншых старых могілках, старыя пахаванні знаходзяцца на ўзгорку. Значная частка пахаванняў: магілы з помнікамі на сямейных участках. Частка помнікаў характэрна для канца ХІХ – першай паловы ХХ ст (цэльны камень, рэлігійнай сімволіка), частка помнікаў – гэта свецкія пахаванні 1950-80-х гг., і трэцяя катэгорыя – гэта постсавецкія мармуровыя помнікі з праваслаўнай сімволікай ці без.

Від на могілкі з боку вул. Сяліцкага. Побач з могілкамі, але не на іх тэрыторыі знаходзіцца царква св. Міколы. Фота А. Берастоўскага. Жнівень 2021 г. (2)
План-схема некропаля побач з галоўным уваходам. Фота А. Берастоўскага. Жнівень 2021 г.
Іван Дамашэвіч памёр маладым 17.04.1945 г. Фота А. Берастоўскага. Жнівень 2021 г.
А Вовачка Цывілік пражыў толькі 3 цяжкія гады нямецкай акупацыі (1941-44). Фота А. Берастоўскага. Жнівень 2021 г.

На верхняй частцы некропаля ёсць яшчэ магіла Мікалая Ракуця (1921-1935), які трагічна загінуў у юным узросце: патануў, а на ніжняй частцы – помнік у форме кроплі з чорнага мармуру Дзмітрыя Леанідавіча Коўзуна, які пражыў толькі некалькі месяцаў 1978 г...
На верхняй частцы могілак ёсць таксама магіла Антаніны Корзун, якая памерла 5 ліпеня 1941 г. Ці звязана яе смерць з вайной, засталося загадкай.

Здаецца, магіла Вольгі Новік – адзіная магіла з эпітафіяй на беларускай мове. Фота А. Берастоўскага. Жнівень 2021 г.

На могілках ёсць пахаванні 2020 і 2021 г. Звычайна на былых вясковых абмежавана-дзеючых некропалях хаваюць 1-2 чалавек у год. Пандэмія 2020-21 гг., як здаецца, не змяніла гэту тэндэнцыю. Фота А. Берастоўскага. Жнівень 2021 г.
Магіла пач. ХХ ст. Станіслава Дамашэвіча. Часткова помнік сышоў у грунт, але мае прыкметы рэстаўрацыі. Фота А. Берастоўскага. Жнівень 2021 г.
А магіла Івана Корзуна (1917) замшэла, хоць на могілках прыбіраюць гарадскія службы. Фота А. Берастоўскага. Жнівень 2021 г.
На верхняй частцы некропаля ёсць унікальны драўляны помнік на участку сям'і Хмыз. Фота А. Берастоўскага. Жнівень 2021 г.

Цікавыя факты
* Нягледзячы на суседства з часткай Трасцянецкага мемарыяла і былым канцлагерам, прамой сувязі паміж могілкамі «Малы Трасцянец» і гэтым лагерам няма: ахвяры лагера смерці пераважна пахаваны ў Благаўшчыне, дзе ім стаіць адмысловы мемарыял недалёка ад Трасцянецкага палігона бытавых адходаў і Лясных могілак.
* 19 красавіка 2015 г. на тэрыторыі Малога Трасцянца былі знойдзены 8 снарадаў часоў Вялікай Айчыннай і знішчаны сапёрамі на спецыяльным палігоне. (3)

Зноскі
(1) Кладбище «Малый Тростенец» // Сайт Спецкамбіната КБА, доступ: https://ritual-minsk.by/kladbishche-malyy-trostenec/
(2) Могілкі ў Шабанах і на паўднёвы ўсход ад Мінска // Блог Андрэя Берастоўскага, доступ: https://berastouski.blogspot.com/2021/08/blog-post.html
(3) Снаряды ВОВ нашли перед Радуницей на кладбище в Минске // sputnik.by, доступ: https://sputnik.by/20150419/1014821280.html

 

кладбище Малый Тростенец
Instagram
Instagram

Читайте еще