×

Чарнігаўскія могілкі

Чарнігаўскія могілкі схаваліся на узвышшы сярод прыватнага сектара мінскай вуліцы Чарнігаўскай ў раёне старога аэрапорта побач са школай-інтэрнатам №9 для для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі. Гэта былі вясковыя праваслаўныя могілкі, якія актыўна выкарыстоўваліся ў савецкі час, асабліва ў 1950-70-х гг., а да сярэдзіны 2000-х гг. нават маглі выкарыстоўвацца для камерцыйных пахаванняў. У выніку на іх маленькай тэрыторыі (0,6347 га) захаваліся помнікі і пахаванні розных тыпаў: праваслаўныя з помнікамі з цэльнага камення, вайсковае пахаванне 1944 г. з зоркай, пахаванні з жалезнымі крыжамі і тыпавымі савецкімі помнікамі без рэлігійнай сімволікі, помнікі з каменнай крошкі 1990-х гг. з рэлігійнай сімволікай і без яе. На такіх могілках, як гэтыя, у цяперашні час дазваляецца падхаванне урны з прахам да сваякоў, што бывае прыкладна адзін раз на год. 

Від на Чарнігаўскія могілкі. Здымак зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 21 лістапада 2018 года.

Могілкі знаходзяцца па суседству з забудовай прыватнага сектара. Гэта рэалія былых вясковых могілак: Чарнігаўскія, Масюкоўшчына, Цна аддзелены ад жылых дамоў толькі нешырокай праезнай часткай. На цёмна-карычневай сметніцы каля ўвахода на могілкі бялее аб'ява, што да весны 2019 г вываз смецця ажыццяўляцца не будзе, бо гэтаму можа перашкодзіць снегапад.

Уваход на могілкі. На інфармацыйным стэндзе, сярод іншага, зазначана, што адміністрацыя Чарнігаўскіх могілак знаходзіцца на вуліцы Кальварыйскай, 43 на Кальварыйскіх могілках.

Уваход на могілкі. Здымак зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 21 лістапада 2018 года.
План
Здымак зроблены Валожынскім У. 14.03.2009 г.

На Чарнігаўскіх могілках ёсць свая славутасць – брацкая магіла 15 чырвонаармейцаў, якія загінулі падчас баёў за Мінск у ліпені 1944 года. Вядомы толькі чатыры імёны: Цярэшына Таццяна Іванаўна, Паўлава Праскоўя Яфімаўна, Зарэчнеў Мікалай Іванавіч і Хамідуліна Манда Хамітаўна. Гэта самае дагледжанае пахаванне на Чарнігаўскіх могілках. Помнік на брацкай магіле ахоўваецца законам і дагледжваецца міністэрствам унутраных спраў Беларусі. 

Брацкая магіла 15 чырвонаармейцаў. Здымак зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 21 лістапада 2018 года.

 

Здымак зроблены Валожынскім У. 14.03.2009 г.

 

Старое дрэва ўрасло ў агароджу магілы. Здымак зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 21 лістапада 2018 года.
Здымак зроблены Валожынскім У. 14.03.2009 г.

Многія магілы слаба дагледжаныя. На некаторых вісяць «лісты шчасця» – патрабаванні ад спецкамбіната КБА прывесці магілу ў парадак з пагрозай у адмоўным выпадку замяніць за дзяржаўны кошт існуючыя надмагільныя элементы тыпавым помнікам.

На некаторых вісяць «лісты шчасця». Здымак зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 21 лістапада 2018 года.

Магіла «Міхала Уладзімеравіча і Ніны Паўлаўны Капусьцік» (арфаграфія захавана) з адзінай пакуль знойдзенай эпітафіяй на беларускай мове правапісам «тарашкевіца».

Магіла «Міхала Уладзімеравіча і Ніны Паўлаўны Капусьцік». Здымак зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 21 лістапада 2018 года.

 А на магіле Фабьянны Канановіч, памерлай у 1968 г. эпітафія напісана па-польску. Такія пахаванні на былых праваслаўных могілках – рэдкасць. На Цне бачыў толькі адну такую ж.

Магіла Фабьянны Канановіч. Здымак зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 21 лістапада 2018 года. 

Перад беларусамоўным помнікам магілы Капусцікаў стаіць чорны жалезны крыж з напамінам пра цяжкія пасляваенныя гады: Швідовіч Валерый пражыў 2 гады ці менш – з 1947 па 1949 г. На Чарнігаўскіх могілках ёсць і іншыя дзіцячыя магілы, якія адносна дагледжаны.

Швідовіч Валерый пражыў 2 гады ці менш – з 1947 па 1949. Здымак зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 21 лістапада 2018 года. 

Амаль над 45-градусным абрывам на мяжы могілак стаіць адзінока сведка яшчэ адной трагедыі. Зінаіда Уладзіміраўна Пацерайчанка пражыла 31 год і загінула 26 снежня 1951 года пакінуўшы бацьку і маці. 

Сведка яшчэ адной трагедыі. Здымак зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 21 лістапада 2018 года.

(файл «31») А Сямён Асадоўскі памёр яшчэ ў часы Расійскай імперыі і яго помнік з надпісам рускім дарэвалюцыйным правапісам нагадвае пра тую эпоху. Такіх помнікаў тут некалькі. Ёсць нават павалены помнік ХІХ ст. з датай 1889 ці 1869 г. Некаторыя іншыя помнікі «царскага» часу напалову сышлі ў грунт. Дарэчы Капусцік і Асадоўскія – даволі распаўсюджаныя назвы на гэтых могілках, што характэрна для былых вясковых некропаляў: у вёсках многія маюць адно і тое ж прозвішча.

Такіх помнікаў тут некалькі. Здымак зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 21 лістапада 2018 года. 

Здымкі зроблены гісторыкам А. Берастоўскім 21 лістапада 2018 года.   

Здымак зроблены Валожынскім У. 14.03.2009 г.
Здымак зроблены Валожынскім У. 14.03.2009 г.

 

Дадатковая інфармацыя:
1.«Чарнігаўскія могілкі на Чарнігаўскай вуліцы» на сайце «Блог Андрэя Берастоўскага. Доступ: http://berastouski.blogspot.com/2018/11/blog-post_25.html
2. «Черниговское кладбище» на сайте «Библиотека минчанина». Доступ: http://minchanin.esmasoft.com/walks/chern/index.html
3. Информация о Черниговском кладбище на сайте ritual-minsk.by. Доступ: https://www.ritualminsk.by/chernigovskoe

Instagram
Instagram

Читайте еще