×

Брылеўскія могілкі

Брылеўскія могілкі (таксама вядомыя як «Брылевічы» і «Дружба») знаходзяцца ў чатырохкутніку паміж праспектамі Дзяржынскага і газеты «Праўда», гандлёвым цэнтрам «Магніт» і праваслаўнай царквой Ператварэння Гасподня.

Год заснавання гэтага некропаля невядомы. Ёсць звесткі, што на яго тэрыторыі былі дрыгавіцкія курганы. У час Расійскай імперыі існавалі як праваслаўныя вясковыя могілкі, а ў савецкі час там з'явіліся пахаванні свецкага тыпу. Плошча Брылеўскіх могілак: 0,5 га (1). Пасля таго, як вёскі Брылевічы і Рылоўшчына аб'ядналі пад назвай «Дружба» ў 1964 г., могілкі таксама атрымалі назву «Дружба», якая заставалася афіцыйным да 2009 г., калі за некропалем замацавалася назва «Брылеўскія» (2). З 1985 года знаходзяцца ў складзе беларускай сталіцы.

Брылеўскія могілкі маюць некалькі адрозненняў ад некаторых іншых маленькіх былых вясковых могілак Мінска. Па першае, старыя магілы ХІХ-пач.ХХ ст. тут раскіданы па ўсёй тэрыторыі некропаля, а не сканцэнтраваны ў адным месцы. Па другое, на тэрыторыі могілак засталося даволі шмат месца пад пахаванні, але з 1980 г. яны маюць статут закрытых: там магчыма пахаваць толькі блізкіх сваякоў урнай да тых, хто ўжо там ляжыць. «Брылевічы» знаходзяцца ў распараджэнні адміністрацыі Кальварыйскіх могілак.

Від на могілкі з боку праспекта газеты «Праўда». Фота А. Берастоўскага Ліпень 2014 г. (3)
Схема некропаля з сайта Гарадской рытуальнай службы, доступ: https://ritual.by/info/cemetery/brilevskoe-druzhba/
Ганна Фёдараўна Пакляк (1875-1944) не дажыла да канца нямецкай акаупацыі палову месяца. Прычына смерці не ўсталявана. Фота А. Берастоўскага Ліпень 2014 г.


Даволі шмат магіл знаходзіцца пад жалезнымі крыжамі, многія з якіх былі ў не вельмі задавальняючым стане на лета 2014 г.

Фота А. Берастоўскага Ліпень 2014 г.

Адно з самых распаўсюджаных прозвішчаў на Брылеўскіх могілках – Швабоўскія. Мноства пахаванняў пад адным прозвішчам – нярэдкая з'ява для былых вясковых могілак. Гэты помнік Аўдоцці Швабоўскай напалову сышоў у грунт па стане на лета 2014 года і такіх у гэты час было шмат, як і разбітых або паваленых помнікаў.

Фота А. Берастоўскага Ліпень 2014 г.
Сямейная магіла Петровых. Першае пахаванне датуецца 1878 годам. Тут могуць быць і больш старыя магілы. Фота А. Берастоўскага Ліпень 2014 г.

Цікава, што самі могілкі знаходзяцца ў мікрараёне забудовы ХХІ ст. сярод хмарачосаў. На здымку каля ўвахода на могілкі бачна царква Ператварэння Гасподня на фоне будоўлі новага хмарачоса ў стылі «хай-тэк». Атрымалася кампазіцыя: «мінулае, сучаснасць і будучыня на адным фота». Гэты бізнес-цэнтр, дарэчы пазней стаў неаднаразовым месцам правядзення футурыстычных выстаў робататэхнікі…

 Фота А. Берастоўскага Ліпень 2014 г


Зноскі:
(1) Паводле звестак Гарадской рытуальнай службы, доступ: https://ritual.by/info/cemetery/brilevskoe-druzhba/
(2) Паводле рашэння Мінгарсавета 25-го склікання № 251/16/25 ад 23.09.2009 «Аб прысваенні найменаванняў безымянным скверам, праектуемым вуліцам г. Мінска і перайменаванні могілак г. Мінска», доступ: https://minsk.gov.by/ru/normdoc/2778/
(3) Могілкі «Брылевічы». Раскіданае мінулае зніклай вёскі // Блог Андрэя Берастоўскага (ўсяго 50 здымкаў 2014 года), доступ: http://berastouski.blogspot.com/2014/07/blog-post.html

 

Telegram

Читайте еще