×

Роля татараў у беларускай мінуўшчыне

З гісторыі паходжання назвы

Назва, а дакладней, этнонім «татары» мае даўнюю, а галоўнае — супярэчлівую гісторыю. Да Чынгісхана, а гэта значыць да пачатку XIII стагоддзя, татарамі называлі манголамоўнае племя, якое жыло на поўдзень ад уласна манголаў, таксама на ўсходзе сучаснай Манголіі. На працягу стварэння мангольскай дзяржавы племя татараў было амаль дашчэнту вынішчанае манголамі, таму што татары ў свой час атруцілі бацьку Чынгісхана Егусей-Багатура. Астатнія пяць тысячаў татараў Чынгісхан раскідаў па туменах і тысячах свайго народа-войска. Але справа ў тым, што суседніяі народы працягвалі манголаў называць татарамі (у першую чаргу кітайцы). Пэўна, таму што татары жылі геаграфічна бліжэй да Кітая, чым уласна манголы. Доўгі час гэтыя назвы былі сінонімамі.

І вось у савецкай гістарыяграфіі з’явіўся недарэчны тэрмін «мангола-татары». На Русі мангольскіх заваёўнікаў таксама называлі татарамі. Татарамі іх называлі і ў Беларусі, у ВКЛ. Манголы-заваёўнікі ўтварылі ў Паволжжы сваю дзяржаву Залатую Арду, але складалі ў ёй нікчэмную меншасць. Даследчык Леў Гумілёў прыводзіць нават лічбы — чатыры тысячы залатаардынскіх манголаў: адна з гэтых тысячаў была сфармаваная з джурджэняў (народнасць на паўночным усходзе Кітая), другая тысяча была, як цяпер бы сказалі, інжынерна-артылерыйская. Яна абслугоўвала камнямёты і сценабітныя машыны. Тым больш, і гэтыя тысячы былі раскіданыя. Дзве — у Залатой Ардзе, адна ў Сіняй, дзе кіраваў брат Батыя хан Шэйбані, і адна ў Белай, дзе кіраваў другі брат Батыя — Ардан-Ічэн.

Што і казаць, гэтыя манголы былі хутка асіміляваныя мясцовым насельніцтвам. Карэнным насельніцтвам Залатой Арды былі кіпчакі, або, як іх у нас называлі, полаўцы. Гэта быў вялікі цюркамоўны народ. З цягам часу ўсё цюрскамоўнае насельніцтва Залатой Арды пачалі называць татарамі. Хаця сярод гэтага насельніцтва сама назва «татары» прыжывалася з цяжкасцю.
Вядома, што ядро сучаснай татарскай нацыі складаюць казанскія татары. Але гэта ў асноўным нашчадкі волжскіх булгараў, якія часткова змяшаліся з кіпчакамі. І саманазва «татары» перайшла да іх ад рускіх, якія так называлі ўсіх цюркамоўных мусульманаў. Як сведчыць сучасны татарскі класік Равіль Бухараеў, нават яшчэ пры першым савецкім перапісе 1926 года татары ў глухіх вёсках пратэставалі супраць таго, каб іх запісвалі татарамі. Яны даказвалі, што татары заўсёды былі іх ворагі, а сябе называлі «булгарамі» ці «казанцамі». Крымскія татары цяпер і ўвогуле лічацца асобнай нацыяй. А ёсць яшчэ татары сібірскія, астраханскія, касімаўскія, мішары, нагайбакі і іншыя.

Татары ў Беларусі

Увесь гэты экскурс у гісторыю і паходжанне татараў я, шаноўчы чытач, зрабіў для таго, каб было лягчэй зразумець калі і чаму з’явіліся татары на тэрыторыі Беларусі. А з’явіліся яны цалкам натуральна, з геграфічна бліжэйшай нам Залатой Арды. І пачаўся гэты працэс у XIV стагоддзі. У этналогіі татараў, якія жывуць на тэрыторыі былога ВКЛ, называюць літоўскімі татарамі.

Татары траплялі ў ВКЛ трыма шляхамі: як ваенныя найміты, як палітычныя бежанцы і як палонныя. На службу татараў запрашаў яшчэ Гедзімін для барацьбы з крыжакамі. Потым былі пасяленні татараў, якія трапілі ў палон у бітве на Сініх Водах у 1362 годзе пры князі Альгердзе. Потым у ВКЛ уцёк хан Тахтамыш, у канцы XIV стагоддзя. Былі паходы Вітаўта ў Крым і пад Азоў, у выніку якіх у 1397 годзе ў ВКЛ былі пераселеныя палонныя татары.

У 1997 годзе адзначалася 600-годдзе гэтай падзеі. Дарэчы, паводле класіфікацыі ААН карэнным народам лічыцца той, які жыве ў дадзенай мясцовасці 500 гадоў. Такім чынам, татары з’яўляюцца карэнным народам Беларусі. Яны ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве на баку ВКЛ. Потым было яшчэ пасяленне татараў пасля Клецкай бітвы, у Клецку і Мінску. Увогуле, татары сяліліся ў ВКЛ дысперсна: больш на паўночным захадзе Беларусі і паўднёвым усходзе Літвы, гэта значыць на Віленшчыне і Гродзеншчыне, часткова на Міншчыне і Брэстчыне. На ўсходзе Беларусі татараў амаль не было, хіба акрамя невялікай групы мсціслаўскіх татараў. Татары жылі ў Вільні, Троках і іх ваколіцах, каля Ліды, Ашмянаў, Гродна, Брэста, Слоніма, Навагрудка. У Мінску існавала Татарская Слабада і Татарскія Агароды. Татарскія асяродкі былі ў Клецку і Смілавічах. У сучаснай Віцебскай вобласці татары жылі ў Відзах, Глыбокім і Докшыцах.

Татары ў Беларусі былі ваенна-служылым саслоўем. Яны лічыліся шляхтай, але ім забаранялася мець прыгонных сялянаў. Перад ліквідацыяй Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі ў войску быў кавалерыйскі полк з татараў. Калі ў 1812 годзе пачалася вайна з Напалеонам, на баку французаў ваяваў эскадрон літоўскіх татараў. Гэты эскадрон, які пасля ператварылі ў роту, ахоўваў асобу самога Напалеона. Пасля заканчэння вайны гэтая рота, у якой засталося 26 чалавек, увайшла ў склад войска Царства Польскага. Пры Расійскай Імперыі татары належалі да дваранскага саслоўя, неслі службу ў войску, на грамадскай службе. Паводле перапісу 1897 года ў Вільні жыло каля 700 татараў, у Троках — каля 200, столькі ж у Відзах. Усяго ў Беларусі і Літве жыло каля 11 тысячаў татараў. Пасля Рыжскага мірнага дагавора 6 тысячаў татарў апынуліся ў Польшчы, 3,7 — у БССР, 1,5 — у Літве.

Выбітныя асобы

Татары далі Беларусі нямала вядомых ваенных і грамадскіх дзеячаў. Напрыклад, генерал Мацвей Гасанавіч Канапацкі камандаваў войскам БНР, генерал Сулькевіч быў дыктатарам у Крыме ў 1918 годзе.

Большасць беларускіх татараў паходзіць з Крыма, з прычарнаморскіх стэпаў, меншая частка — з Паволжжа. Былі таксама выхадцы з Каўказа. Спачатку татары размаўлялі на розных цюркскіх дыялектах, але хутка страцілі сваю мову. Татары ў Беларусі бралі шлюб з беларускімі жанчынамі, што іслам ім дазваляў, таму і дзеці ўжо не гаварылі па-татарску. Бо, вядома, матчына мова засвойваецца хутчэй, чым бацькава. Гэтая акалічнасць прывяла да таго, што ў XVII–XX стагоддзях з’явіліся кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскімі літарамі. Так званыя «кітабы» і «хамаілы». Праўда, частка з іх напісаная па-польску, бо паланізацыя таксама не абмінула татараў.

Татарамі цяпер называюцца нашчадкі тых татараў, якія захавалі іслам, бо гэта ледзь не адзінае, што выдзяляе іх з навакольнага насельніцтва. Большасць татараў з цягам часу прыняла хрысціянства, пераважна каталіцтва, і такім чынам поўнасцю злілася з мясцовым насельніцтвам. Цяпер у Беларусі жыве прыкладна 10 тысячаў татараў.

Сяргей ВАСІЛЬЕЎ, г. Мёры
Друкуецца паводле дазволу рэдакцыі «Краязнаўчай газеты», 2011, № 9 с.4

Telegram

Читайте еще