×

Хто насяляў Менск у першай палове XVII ст.

Хто насяляў Менск у першай палове XVII ст. - СТАРЫ МЕНСК

Стары Менск блукае па цемры архіўнай паперы...
Л.Дранько-Майсюк

Вуліца Дамініканаў,
Габрайская вуліца,
Ганчарны завулак...
Дзе тут затойваецца жыццё?
Дзе тут затойваецца смерць?
Алесь Разанаў

Мінулым можна ганарыцца, мінулае можна ненавідзіць, мінулым можна трызьніць... Навошта? Зусім ня дзеля таго, каб даводзіць ягоныя вартасьці і перавагі ці ягоную прымітыўнасьць, мажліва ня толькі каб вышукваць свае карані. Мінулае насамрэч — навокал. І гэта ня толькі рэшткі бруку ды сілуэты і цені помнікаў, праз якія мы крочым, гэта -- нашыя твары, рухі, галасы і нават маўчаньне. Бо мінулае адраджаецца з кожным новым народжаным, таму што ў яго наперадзе тое ж, што мелі ўсе ягоныя папярэднікі: маленства, юнацтва, сталасьць і сьмерць... Гэты парадак не скрануць з мейсца Новаму Часу і Новаму Чалавеку.

Набліжаючыся ўпершыню да горада па лясных ці палявых дарогах, падарожны найперш чуйна ўслухоўваўся ў наваколье, ці не памыліўся ён часам? Ці не абмінуў патрэбнае места? Але вось жа і не, бо хутчэй бяжыць конік, чуючы подых жытла, віляе хвастом рудая хорціца, што гэтаксама прадчувае набліжэньне прыгодаў. Зьмяняецца водар паветра. Цягне дымком, блізкай вадой. Далёкі стук ужо не пераблытаць з дзятлавым, і, нарэшце, вецер даносіць гук царкоўнага звона. Са стромкага пагорка адкрываецца доўгачаканы краявід. Гукі і пахі спакваля ўвасабляюцца ў дамкі і прыбудовы, камяніцы і бажніцы. Дарога, чым бліжэй да места, робіцца ўсё больш утаптанай, спрэс раскрэсьленай сьлядамі ног і калёсаў. І вось, нарэшце, трапляюцца першыя людзі...

Арыентыровачна 1772 г. Сучасная размалёўка. Больш ранняга выявы горада не знайшоў.

У горад лепш прыязджаць засьветла, каб не натыкнуцца ў прыцемках на вострыя калочкі кабылінаў, што паўсюль перагароджваюць праезд па вуліцах ды подступ да брамаў, не збочыць у якую лужыну дый увогуле не спаткацца з невядомым ліхам. Бо ноччу — цёмна, вусцішна. Удзень жа зусім прасьцей, асабліва ў такім месцы, як Менск. Падыміся на якое ўзвышша, а найлепш на тое галоўнае, дзе ратуш, дый азірніся на ўсе бакі, пэўна не заблукаеш. Усюды, як дастаць вокам, бачны менскі краявід: рэчкі ў нізіне і стары Замак ў засені земляных валоў, рынкавы пляц, далей татарскі канец з мячэцьцю ў атачэньні балотаў наўсцяж. Сапраўды канец.

Паўднёва-заходняя мяжа. Зьлева дамкі, сады, агароды ды дарога на Ракаў. Справа — Траецкая гара. Недзе за плячыма ўрочышча У сосен радовых, што недаязджаючы Ляхавае Лукі, зусім непадалёк ад горада. Бачная адсюль і Пярэспа.

Горад, аточаны з усіх бакоў урослым ажно ў сярэдзіну лесам, з плешкамі зялёных пагоркаў. Места, куды прыпаўзаюць вужакі, дзе ў мокрадзь пахне грыбамі, дзе чутныя лясныя рыкі.

План 1551 - 1792 гг.

Затое тут на Высокім мейсцы ногі цьвёрда стаяць на бруку. Тут няма рызыкі зваліцца ў якую яміну, або спатыкнуцца аб глыжак. Тут іншы спазор і іншы рух. Зазьвіняць званы ў храмах, склікаючы на малітву, і разаб’ецца натоўп на шматлікія ручаіны, і пацякуць яны па вулицах для людей парубленых, кожная ў свой бок: ва ўніяцкую Казьмы і Дзям’яна ці ў касьцёл на Траецкаю гару, у евангеліцкі Збор, што на вуліцы ў бок Койданава, ці то ў праваслаўную царкву апосталаў Пятра і Паўла на Нямігу, ці то ў семинарыум. А як пакажа сонца ў небе ды гадзіннік на ратушы свой пэўны час, так і заспяшаюцца жыхары кожны па сваіх патрэбах. Хто на рынкі і ў крамы, хто ў замкавую канцылярыю, у цэх на працу, хто ў аптэку ці на млын...

МЕНСКІ АПТЭКАР
Двадцаць гадоў менскім аптэкарам быў каралеўскі зямянін Матыс Чаховіч. Каб разам зь якой сваёй рахунковай кнігай вёў ён хроніку менскіх падзеяў, сьведкам якіх быў, пакінуў бы пасьля сябе няўміручую памяць. Колькі месьцічаў прайшло праз яго, кожны са сваім болем, сваёй гісторыяй! Мусіць ведала яго ўсё места, бо за такі доўгі час шмат хто, відаць, зьвяртаўся да яго неаднаразова. Брать, ужывать лекарствы — значыць, лекавацца, змагацца зь немаччу. Разам з бальверам-кровапуском аптэкар таксама чинил старане подчас хворобы месьцічаў.

У сярэднія вякі Магдэбургскае права давала гарадам прывілей на продаж "зелак" (лекавых траў). Менск атрымаў права на самакіраванне ў 1499 годзе. Канкрэтных звестак аб менскіх аптэках XVI стагоддзя няма. Ёсць ускосныя звесткі, што яны існавалі. Так, кароль Уладзіслаў IV ва ўказе Менскаму цэху цырульнікаў забараняў "габрэям-аптэкарам" лячыць людзей, але пазней (1646, 1649, 1679, 1722) яны атрымалі права не толькі "прадаваць карэнні" (лекі), але і займацца "цырульніцтвам" (лячэннем). Дакументальна пацверджаныя дадзеныя аб адкрыцці першай аптэкі ў Менску, ставяцца да 1659 годзе. Уладальнікам аптэкі быў Крыштоф Рабец. - заўвага У.В.

Улетку 1600 г. уначы аптэкар разам са сваёй сям’ёй перажыў страшэнны спалох, калі раптам на ягоны дом напала банда злодзеяў з пулгакамі, ручніцамі, сагайдакамі і, павыбіваўшы оболоны, ледзь не ўварвалася ў сьвятліцу, кго самого мала не постреливши. У тую ноч шмат хто пацярпеў у горадзе і шмат хто што страціў. Дарэчы, дом аптэкара ў гэты перыяд складаўся зь дзьвух сьвятліцаў, павеці по другой стороне і піўніцы пад камораю. За гэты час аптэкар пасьпеў пахаваць сваю першую жонку, нарадзіўшы зь ёй двух дачок, і ажаніцца яшчэ раз, але заможным напэўна так і ня стаў, бо ў 1600 годзе вымушаны быў прадаць свой дом за трыццаць коп грошаў напэўна больш пасьпяховаму ў справах злотніку Людвігу Бальцаровічу, а праз 20 гадоў у тэстаменце усё яшчэ называў сваю маёмасьць убогай.

Напрыканцы зімы 1620 года старога менскага аптэкара Матыса Чаховіча при бытности сям’і пахавалі каля Менскага касьцёла паводле ягонага пажаданьня поруч з прахам першай жонкі Раіны Рындзянкі. Складаючы тэстамент, Чаховіч запісаў, між іншым, у ім сваю мару і надзею пэўную на тое, што ягонае цела на суд Страшного суда цалком нескажоное встане. Маёмасьць жа сваю падзяліў паміж шматлікімі сваякамі так дбайна, як, мусіць, важыў мазі ды адсыпаў парашкі сваім кліентам. Жонцы — грошы і спрат домовы, дык каб лыжку срэбную выкупіць не забылася. Дачцы Настасьсі і зяцю Яну Ганецкаму — фальварак Затычын, дачцы Марухне і яе мужуЯну Андрыеўскаму —дом у месце Менску з аптэкаю со всим будованем и приналежностю, а таксама вала, ручніцу дый скрыню дубовую. Не забыўся дзед і пра ўнукаў: Ганне — 10 коп грошай на дагляд, Настасьсі — кубак срэбраны, ліхтар масендзовы, круцыфикс і карэтку. Унуку ж Ярашу дасталіся дылея лазуровая з вялікімі гузікамі ды макавы жупан. ...Разышліся з касьцёла асірацелыя сямейнікі, сьнег неўзабаве прысыпаў шматлікія сьляды...

МЕНСКІЯ АДРЭСЫ
Мейсца, дзе стаяў дом аптэкара, невядомае, але, напэўна, блізка Новага Рынку, бо чалавек ён быў патрэбны. Тут жа, у Новым месцы ля дома Людвіга Залатара ў 1600 годзе стаяў дом яшчэ аднаго аптыкара Паўла Міхайловіча, а ў 1618 — яшчэ аднаго залатара Івана Амазікавіча. У рынку новом, против ратуша жыў земскі судьдзя Грыгорый Макаравіч, які апроч таго, меў яшчэ маёмасьць на Траецкай гары. Побач, таксама насупроць ратушы, стаяў дом краўца Івана Макранскага, у якім гасподаю стаяў сын менскага старосты Уладыслаў Станкевіч. У доме, што меў назву “Дзеравянчын” жыў служэбнік князя Фёдара Друцкага-Горскага* Венцлаў Макранскі з Марушай Грамычанкай, а дом з назвай Макаравичовский земскі судьдзя Марцін Валадковіч набыў у пана Крыштафа Макаравіча ды падараваў у 1622 годзе сваёй жонцы Дароце Монвідаўне Дарагастайскай. Ён стаяў таксама насупраць ратушы паміж дамамі Івана Злотніка і Яна Цырульніка. У 1641 г. дом згарэў і ў дакументах згадваўся ўжо толькі голы пляц. Пасьля сьмерці Марціна Валадковіча ягоная жонка Дарота дала дазвол сыну Крыштафу будаваць на тым голым пляцу будынки, якие захоча.

*Фёдар Рыгоравіч Друцкі-Горскі (1550-я — 1-я палова 1615) — вялікалітоўскі арыстакрат. Староста цэльскі (1589—1615). Вялікай кар’еры не зрабіў, быў дэпутатам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ад Менскага ваяводства ў 1586, 1594, 1597, 1600, 1604 гадах, ад Віцебскага — у 1591 годзе, у тым ліку трыбунальскім маршалкам менскай кадэнцыі — у 1586, 1591, 1597 гадах, навагародскай — у 1604 годзе.

Дарэчы, пожар огнисты, які ў 1641 і 1646 гадох зьнішчаў Новае места, нарабіў у Менску шмат бяды, спустошыўшы безьліч гарадскіх пляцаў. Пацярпеў нават Менскі Дамініканскі кляштар, у якім згарэлі падчас пажару дакументы панны Марыны Стужынскай. Кароль Уладыслаў IV Ваза нават выдаў лібертацыю менскаму магістрату як погорельцам.

Уладзіслаў IV Ваза (9 чэрвеня 1595, Лобзаў каля Кракава — 20 траўня 1648, Мерач Троцкага ваяводзтва) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1632—1648), тытулярны цар маскоўскі (1610—1634) і кароль швэдзкі (1632—1648). Тытул караля і вялікага князя гучаў так: «Уладзіслаў IV, з Божай ласкі кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, мазавецкі, жамойцкі, інфлянцкі, смаленскі, северскі і чарнігаўскі, а таксама спадчынны кароль Швэцыі, Готаў і Вэндаў, абраны вялікім князем маскоўскім». Меў найдаўжэйшы тытул сярод усіх каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх.
Франц Люкс, каля 1639.

У 1641 годзе пасля пажару менскі земскі пісар Крыштаф Валадковіч вырашыў прадаць свайму брату Яну, які таксама меў пасаду пісара, але ў менскім гродскім судзе, свой пляц на вуліцы Полацкай за 500 злотых польскіх, які сам не так даўна атрымаў у дарунак ад маршалка ВКЛ Казіміра Леона Сапегі.

Крыштаф Валадковіч (каля 1600 — чэрвень 1670) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар земскі менскі, ваявода новагародскі з 18 сакавіка 1658.
Казімір Леў Сапега (15 ліпеня 1609, Вільня — 19 студзеня 1656, Берасце) — вялікалітоўскі дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Каралеўскі сакратар і пісар вялікі літоўскі (1631—1637), маршалак дворны літоўскі (1637—1645), падканцлер літоўскі (з 1645), адміністратар Берасцейскай эканоміі, староста рагачоўскі. Выбіраўся паслом на сеймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Казімір Леў Сапега (невядомы аўтар, да 1656)

Пасьля пажару вымушаны былі прадаваць свае пляцы многія людзі, што жылі на Верхнім горадзе. Гэтак стольнік Менскага ваяводства Ян Жыжэмскі* з жонкай Ганнай Есманаўнай прадалі сужэнству Юрыю Гарабурдзе і Крысьціне Завішанцы пляц на рынку насупраць ратушы. Месца было казырным: з аднаго боку да пляца месьціўся дом князя Грыгорыя Юрыя Друцкага-Горскага, з другога —менскага старосты Крыштафа Завішы, але ж пажар перамясьціў былых суседзяў з аднаго месца ў горадзе на іншае.

*Ян Жыжэмскі (?-да лютага 1635) – удзельнік Смаленскай вайны з Расіяй і паходу ў Валахію. Стольнік менскі з лютага 1633 года. Вызнаваў праваслаўе, фундаваў цэрквы і манастыры. 2 чэрвеня 1633 разам з праваслаўным насельніцтвам Менска спрабаваў дамагчыся выканання каралеўскага прывілея аб перадачы праваслаўным Мінскай царквы Святой Троіцы. З княжацкага роду Жыжэмскіх.

Кшиштоф Завиша (ок. 1600 — 23 января 1670) — государственный деятель Великого княжества Литовского, ловчий великий литовский (1629—1637), писарь великий литовский (1637—1649), маршалок надворный литовский (1649—1654) и маршалок великий литовский (1654—1669), каштелян виленский (1669—1670), староста минский (1631—1645) и браславский (с 1645). Представитель шляхетского рода Завишей герба «Лебедь». Сын подскарбия великого литовского Андрея Завиши (ок. 1557—1604).

«Панкратаўскі» дом быў побач шпіталя, «Ясінскі» дом — паблізу Замка. Двор «Міклушоўскі» знаходзіўся на вуліцы мима Збора ку Койданаву идучой.... Дом другога менскага злотніка Станіслава, які, відаць, належаў да іншага цэха залатароў, стаяў таксама ў Замку, насупроць Прачысьценскай царквы, побач з сядзібай Юрыя Бальвера. Дом бурмістра Івана Бабуркі з сынамі Раманам, Макарам і Васкам месьціўся на улачцы супроць Сьвіслачы, непадалёк касьцёлу. Менавіта тут, у доме славотного бурмістра павінны былі вяртаць грашовую пазыку два ня менш славутых віленскіх брата — купец Багдан і скарбны ВКЛ Лукаш Мамонічы ў 1600 годзе, але ў прызначаны тэрмін не зьявіліся. Пазьней бурмістр даведаўся пра раптоўную сьмерць Багдана. Цалкам верагодна, што Лукаш Мамоніч усё ж такі пабываў у бурмістравым доме над Свіслаччу ў іншы час. Іван Бабурка меў краму ў Менску і пэўна быў заможным чалавекам.

На волоках Полоцких, будучай Валоскай, жылі мяшчане Кузьма Пішчалка ды Фёдар Заляцелы, ці не той самы, які паводле Сыракомлі, пасьмяяўся перад каралеўскім сакратаром Гальяшам Марахоўскім над Жыгімонтам ІІІ Вазам, маўляў, я, даўшы пару чырвоных залатых, што хочаш у караля выпрашу, маючы, мусіць, на ўвазе атрыманыя ім ад караля ахоўныя граматы, што баранілі яго і ягоную маёмасьць ад менскага ўрада.

Жыгімонт Ваза, у Польшчы Зыгмунт III (20 чэрвеня 1566 — 30 красавіка 1632) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1587—1632), кароль шведскі (1592 — 1599). Сын караля Швецыі Юхана III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта Старога. Нарадзіўся ў горадзе Грыпсгольм у Швецыі. 3 1568 года спадчыннік шведскага трона. Абраны польскім каралём на элекцыйным сойме 1587 года, пасля смерці Стэфана Баторыя, дзякуючы падтрымцы Ганны Ягелонкі, канцлера і вялікага гетмана кароннага Яна Замойскага. Перамог іншага кандыдата, аўстрыйскага эрцгерцага Максіміліяна. Але на элекцыйным сойме не было паслоў ад ВКЛ. Каб дамагчыся падтрымкі сваёй кандыдатуры ў ВКЛ, 28 студзеня 1588 года зацвердзіў новую рэдакцыю Статута.

Жыла тут таксама жонка пінскага падстолія Грыгорыя Тэрлецкага Галена Бачанка. Тут жа на Волоках набыла дом у Якуба Раманскага і Багданы Кішчанкі ваяводзіная вендзенская Зафея Служчына. Гасподу для віленскага купца здаваў у сваім доме Ісак Багушэвіч Шышка, усе продкі якога мелі, як пра тое піша Сыракомля, ўласны пляц ля Койданаўскай брамы, дзе ў сярэдзіне ХVII стагодьдзя Лукаш Богуш Шышка вырашыў пабудаваць шпіталь. На вуліцы Юр’еўскай ля Сьвіслачы жылі князь Яраш Іванавіч Жыжэмскі, які свой дом з агародам перадаў на патрэбы менскага евангелицкага збора, паны Кулі, Ян Шчарбіцкі, войскі Іван Быкоўскі. Дарэчы, вуліца Вялікая Юр’еўская згадваецца ў зьвязку з зямяніным Аляксандрам Кулем. Гаспода Івана Мысьліўца знаходзілася насупраць царквы Сьвятога Юр’я. Яшчэ адзін жыхар вуліцы Юр’еўскай пісар канцэлярыі ВКЛ Юрый Паскевіч быў вызвалены за добрую працу каралём Уладыславам IV Вазай ад жаўнерскіх стацый ды абавязкаў сяліць у сваім доме гостей з соймаў, соймікаў, рокаў і рочкаў.

На вуліцы Зборавай жыў земскі пісар Стэфан Гладкі. На Зборавым пляцы, відаць, побач з самім зборам, зборавы падданы Федар Паповіч. Камяніцу ў Менску меў зямянін Яраш Ваўчок, які, ідучы на жовнерство супроць Масковіі, пакінуў яе ў апеку сястры Гэстэр і швагру Яну Кемешу.

Дамы, у якіх жылі месьцічы, складаліся з некалькіх жылых памяшканьняў — сьвятліцаў, а таксама з каморы і клеці. Сьвятліца на першым паверсе — низкая, великая, на другім — светлица на горе, а таксама сьвятліца сталовая, пакаёвая, ды алькер — бакавы пакой. У сенях магла захоўвацца зброя, а ў сьвірне вопратка, посуд і часам кнігі. У сьвятліцах стаялі кафляныя печы, сталы, шафы, лавы, ложкі сталярскай работы, шкатулы акаваныя са шматлікімі рэчамі, накшталт куфара.

У 1600 годзе на Траецкай гары меў жытло лентвойт, а пазьней бурмістр, Андрэй Масьленка, вядомы ў Менску тым, што ў ягонай гасподзе быў забіты ў тым жа годзе вазьніца шляхціца Эпімаха Бухавецкага, а таксама тым, што меў права, як купец, вывозіць попел са Сьвіслацкай пушчы да прыстані Мікалаеўшчына. Іншы Масьленка — Даніэль, райца, і таксама пасьля бурмістр, у дом якога княжна Эва Саламярэцкая мусіла в день Громниц, свята рымского, адвезьці сваю рыкаючую, сыпучую ды салодкую пазыку — мёд (20 каменев) вагі менскае), а таксама кароў, вепраў, жыта, пшаніцу, ячмень ды авёс. Яшчэ адзін Масьленка — Васіль служыў у 1600 годзе ў менскага мытнага дазорцы Аляксандра Каленскага ды зьбіраў у Менску старое мыта ад купецкіх тавараў. Мінавіта гэты Васіль Масьленка не пажадаў падпарадкавацца на загад канцлера Льва Сапегі ды вярнуць мытныя пячатку, скрынку з грошыма і статут, калі той вырашыў замяніць адных каморнікаў на іншых. Пасада была, відаць, хлебная, бо Масьленка ўпарціўся доўга, пярэчачы ў такі спосаб: я пану канцлеру не служу и листу его не слухаю, на ваш арест не дбаю и того арешту вашего не прыймую.

Тут жа на Траецкай гары, тылам да Сьвіслачы, стаялі два дамы князя Аляксандра Крошынскага побач з халупамі ягоных падданых рамесьнікаў-мяшчанаў, якім князь забараняў плаціць падаткі на карысьць горада, выклікаючы абурэньне магістрата. Непадалёк дзьве мяшчанкі Зафея і Ганна трымалі арэндаю дом у пана Станіслава Ляшчынскага ды здавалі ў ім пакоі на паўгода. Пастаяльцы кабетам трапляліся розныя. Служэбніка Яраша Рэзана дзьве гаспадыні напэўна запомнілі надоўга. Жывучы ў гасподзе пэўны тэрмін, новы жыхар еў, піў піва і мед кислы, прымаў у гасподзе гостей розных особ, але браў усё пераважна боргом (у пазыку), а пасьля, не заплаціўшы, цішком зьехаў у іншую гасподу, у дом плябанскага войта Марціна. Апроч таго па начох меў нахабства вяртацца да былых гаспадыняў дый страляць з ручніц, выстрашваючы з дому зляканых кабетаў.

На Траецкай гары месьціліся хрысьціянскія сьвятыні, у тым ліку першы менскі касьцёл з плябаніяй ды ставам побач. Менскі касцёл апроч іншага згадваецца ў судовых кнігах у зьвязку з гісторыяй забойства кн. Люмпарта Аўлачымскага. Менавіта каля касцёла слуга зямянаў Менскага ваяв. Станіслава Жука і Мікалая Ваўчка Станіслаў Богуш павінен быў … почавшы от дня недельного Троецы Светое… пры костеле менском католицком стоячы у каптуре з голою бронею учынок свои, то ест, забите на смерть небощыка Люмпарта Овлочымского невинное, перед кождым чоловеком, хто бы его о то спытал, вызнавати словы и явне почавшы от недели дня Светое Тройцы до шести недельных дней.

Сярод іншых бажніц - паненскі кляштар пры царкве сьв. Тройцы канвенту сьв. Базыля, а таксама Увазьнясенскі манастыр, сядзібы якога месьціліся наводдалі ад дамоў і халупаў, якіх багата было на Траецкай гары. Напрыканцы ХVI стагодзьдзя з Увазьнясенскім манастыром было зьвязанае імя продка Фёдара Дастаеўскага — Стэфана, які пэўны час быў ягоным арандатарам. Жыцьцё манастыра павольна рухалася ў рытме свайго часу, супадаючы з рытмамі самога места. Гэтак, у прытворы царквы Увазьнясеньня Хрыстова трымалі прысягу манастырскія падданыя Якуб Раціборскі, Даніла Марціновіч і Амбражэй Кажамяка ў адказ на абвінавачваньне іх у абрабаваньні цівуна князя Крыштафа Радзівіла Івана Татурчыча. Нібыта рабунак адбыўся на вуліцы Манастырскай, непадалёк царквы, і пацярпелы пазбавіўся грошай і адзеньня свайго і чужога, якое пазычыў у пісара. Пасьля прысягі княскі цівун забраў назад свае абвінавачваньні ды прыгадаў, што быў у той вечар опилы, і тыя падданыя айца Пайсея не былі причынцами ягоных шкодаў.

Гэтая падзея адбылася на самым пачатку ХVII стагодзьдзя, а крыху пазьней манастыр ізноў стаўся мейсцам няшчаснага выпадку. Манастырскаму ўрадніку Стэфану Пятроўскаму прыйшлося разьбірацца з сынам менскага кушнера Васілём Яўхімовічам, які стрэліў ды пацэліў у дзьвух кабылаў прылепскіх падданых, якія на загад айца мітрапаліта Іосіфа Руцкага прыехалі да Ўвазьнясенскага манастыра. Сам Васіль не стаў чакаць пакараньня, а зьбег з манастыра в поле до лесу.

Гасьцяваў аднойчы на Траецкай гары ў доме Шчаснага Арэшкаўскага менскі кравец Федар Гурчын. Быў на той час сакавік, гадина, або две в ноч і вяртаньне дамоў. Кравец крочыў па вуліцы Вялікай, калі быў спынены насупраць дома каваля Яна Пячонкі невядомымі, што ехалі на санях з Траецкае гары. Пасьля высьвятлілася, што ў санях ехаў з бяседы пахолак пана Самуэля Салагуба з сябрамі. На Траецкай гары, відаць, былі цэхі краўцоў і шабельнікаў, бо раз-пораз здараліся бойкі ці то краўца з краўцом, ці то краўца з шабельнікам, а то і шабельніка з кавалём. Аднаго разу на мосьце ля Траецкай гары шабельнік Ян Дындзюк зьбіў вучня шабельніка Якуба Ясіловіча, маладога Войтка Брэскага, высьвятляючы напэўна такім чынам міжсобку свае прафэсійныя праблемы.

Трэба сказаць, што дзякуючы актавым дакументам, збіраючы інфармацыю па крупіцах, мажліва аднавіць тапаграфію старога Менска. Прынамсі вядома, што менавіта раён Траецкай гары ў дакументах 1600 г. мае назву Старога места, у працівагу месту Новаму, дзе як раз у гэты час і была адбудавана менская ратуша. Згадка ў дакуменце пра Старое места паўстала праз інфармацыю аб уцёках лёзных людзей, якія ўстройвалі дэбошы ў Менску і каб пазбегнуць пагоні і затрымання, кінуліся ў раку Свіслач з места Нового на место Старое…в реку вскочывшы, переплынути на гору Троецкую хотели… Ці не сведчаць гэтыя звесткі пра вызначэнне самай старажытнай тэрыторыі на мапе Менска?

Манеты, якія мелі хаджэнне на тэрыторыі ВКЛ у першай палове XVII ст.

1 грош 1626
1 солід 1616
1 солід 1626
1596, 6 грошэй, Польша
1616 , полтарак, Польша
15 дукатаў 1617 з гербам Рэчы Паспалітай

ЖЫДЫ
На Нямізе жылі жыды... Унізе, на Нямізе. Імя аднаго зь іх, Езафа Давыдавіча Гафтара, стала вядома, дзякуючы тому, што быў ён слугой канцлера Льва Сапегі і меў уласны дом на Нямізе, а таксама прымаў у сябе другога слугу канцлера, пераеждчего жыда з Магілёва Самуэля Іляшэвіча. У час, калі ў Менску адбываліся чарговыя рочкі і горад запруджвалі гости, на дом жыда Гафтара напалі слугі аднаго з такіх прыбылых пана Яна Трацэўскага. Жыды кінуліся ўцякаць да Замку, што быў непадалёк, але на мосьце перад брамай былі спыненыя і пабітыя. У выніку з дому гаспадара зьніклі два срэбных кубка, которые важили чатыры гривны серабра, а ў госьця ўкралі фасцыкул спраў і лістоў пана Льва Сапегі, а таксама шаблю, ладовницу и пишталет. Дарэчы, на магілёўскім госцю быў надзеты жоўты каўпак, падшыты лісой, які зьнік таксама.

Падобныя гісторыі здараліся найчасьцей менавіта тады, калі ў Менску адбываліся судовыя рокі і рочкі, і горад перапаўняўся чужакамі, бальшыня зь якіх не зважала на гарадскія законы і скарыстоўвала час для свавольстваў і гультайства. Увогуле, Менску рэдка калі прыходзілася заставацца сам-насам, спакойна жыць сваім нутраным жыцьцём. Тры разы на год па чатыры тыдні адбываліся паседжаньні земскага суда: у студзені, пасьля Вадохрышча, якое ў каталікоў называецца сьвятам Трох Каралёў; летам, пасьля Сёмухі; у верасьні, пасьля сьвята Міхала. Паседжаньні гродскага суда пачыналіся з першага дня кожнага месяца і працягваліся два тыдні, доўга цягнуліся таксама і кадэнцыі Галоўнага Літоўскага Трыбунала, на якія з усіх ваяводстваў зьяжджалася безьліч людзей. Шматлікія пасольствы бясконца калесілі з Варшавы ў Маскву і наадварот, спыняючыся ў Менску, а таксама госьці-купцы і, што значна горш, — лесные люди — жаўнеры, якія бязмэтна швэндаліся па навакольлю пасьля якой-колечы шумнай вайсковай кампаніі. Вось чаму гасподы ў менскіх дварах заўсёды былі заселеныя і мелася патрэба ў новых.

У 1628 г. сям’я Мойжэша Давідавіча і Любы Юзэфаўны набылі дом ў мяшчанаў Чаргановічаў, продкі якіх спрадвеку жылі на Нямізе. Дом стаяў адным бокам да сядзібы менскага бурмістра Івана Якімовіча, другім – да дома Грышкі Краўца, тылам выходзіў на іншую вуліцу. Набываючы грунт, да жыдоў пераходзіў абавязак плаціць павіннасьць і выстаўляць па-чарзе падводы для шматлікіх паслоў і ганцоў.

Менская Халодная сынагога, таксама Вялі́кая. Месьцілася на сынагагальным двары на рагу вуліцы Школьнай і Нямігі. Пабудаваная, паводле розных дасьледчыкаў, не пазьней XVI—XVII ст.— першая мураваная сынагога ў Менску.

На Нямізе стаялі ня толькі драўляныя дамы, але і камяніцы. Адну такую камяніцу менскі жыд Юда Якубовіч прадаў у 30-ых гадах ХVІІ стагодьдзя Ільлі Гершонавічу і Залману Якубовічу за 5 тысяч злотых. Тэрыторыя бліз Замку была не зусім зручная для жытла. Некаторыя пляцы то затапляліся вадой, то некаторы час стаялі пустыя. Адзін такі кавал зямлі менскі староста і ваявода Пётр Тышкевіч падараваў жыду Марку Яхімовічу і адначасова вызваліў яго на дзесяць гадоў ад усіх гарадскіх павіннасьцяў з адной толькі ўмовай — пабудаваць на тым самым пляцы дом. А пасьля плаціць адно па 12 літоўскіх грошай на Замак. Дарэчы на самой тэрыторыі Замка на вуліцы насупраць царквы Святое Прачыстае жылі разам па-суседску з дамамі Станіслава Залатара і Юрыя Бальвера жыд Ізраел Якубовіч з сынам Леўкам и с помочниками своими жыдами и татарами менскими.

Гэтаксама ад раптоўных пажараў цярпелі ўсе насельнікі горада. Вядома, што кароль Уладыслаў IV Ваза выдаў у 40-х гадах XVII стагодзьдзя глейтавы (ахоўны) ліст жыдам Марку Яхімовічу і Лазару Маркавічу на вызваленне на 3 гады ад выплаты крэдыторам у сувязі з пажарам, бо у их усе згарело, и пришли они да такого убоства праз менски пожар. Той самы Марк Яхімовіч троху раней атрымаў дазвол ад кіеўскага і галіцкага мітрапаліта Іосіфа Руцкага на карыстаньне нівай па дарозе на Лошыцу поводле вячыстай куплі ад мяшчанаў Андрэя і Івана Масьлянак, аднак жа з умовай штогадовай выплаты грашовага падатку на рускі шпіталь пры Саборнай царкве ў Менску.

Дарэчы, справа з нямізскімі жыдамі, слугамі Льва Сапегі, на тым ня скончылася, а мела даволі тыповы працяг. Неўзабаве пасьля першага здарэньня абодва яны былі абвінавачаныя тым самым Янам Трацэўскім, які ўсё яшчэ не пакінуў горад, а стаяў гасподаю ў мешчаніна Васіля Чаргановіча на Нямізе, у спробе рытуальнага забойства хлопчыка на той жа вуліцы, ды яшчэ паклікаўшы на помоч многа жыдов. Калі талеранцыя была ўласьціва шляхетнаму Льву Сапезе, то шляхціц Ян Трацэўскі сьвята верыў у поганство народу жыдовского, которы непрыятелем есть народу хрестиянскому. Менскі суд апраўдаў жыдоў і забараніў Яну Трацэўскаму зьвяртацца з апэляцыяй да Галоўнага Трыбунала.

У судовых канцылярыях жыды, падаючы скаргі ці апэляцыі, пісалі писмом жыдовским, а ўжо пісар выкладал подпис обрейски на мову звыклую, пры гэтым рука ягоная часам мімавольна крэсьліла на паперы кірылічныя ці лацінскія літары на жыдоўскі ўзор.

ТАТАРЫ
З даўніх часоў жылі ў Менску і татары, засяліўшы і засвоіўшы прыбалоткі і балотныя мясьціны за Замкам. Але ж татары — «добрыя гаспадары» і ўраджаі ў іхніх садах і агародах былі на зьдзіўленьне і зайздрасьць тутэйшаму люду. Водгалас гэтага давялося пачуць ад карэннага жыхара, стоячы разам зь ім ў самым сэрцы колішняга старога Замка на прыканцы ХХ стагодзьдзя. Дзядзька распавядаў пра ўспаміны сваіх дзядоў, што жылі тут і пра іхную нелюбоў да татараў з усяго толькі тае нагоды, што цыбуля на татарскіх агародах была удвая-трая буйнейшай за іхную. Татары асвоіліся ў новай дзяржаве, падпарадкоўваліся ейным правілам, служылі ў ейным войску, карысталіся ейнай мовай, але мелі і свой закон татарски, гэтаксама як і свае імёны — Ждан, Айдар, Ахмет, Мустафа, Абдула, Куромша, Зюгра, Гірка, Шчасны, Шынка, Фатма, Гамза, Салтана, Селенбек, Мамай, Давыд, Зелюха… Тутэйшая кабета, пабраўшыся шлюбам з татарыным, зьмяняла сваё імя. Так, Югашка зрабілася Нетай. А моллу з мячэці Абрагіма Юсуфавіча тутэйшы люд называў попом духовным татарским. Іншымі былі назвы адзеньня і хатняга начыньня. А сярод звыклых ўпрыгожваньняў жабинца, туркуса, рубіна дый дыямента сустрэлася апісаньне перстня-обручки в середине баволий рог, які належыў татарыну.

На разбор судовай справы, якая паўставала паміж татарамі, возны браў з сабой сторону шляхту, паходжаньнем менавіта з татараў…пры которой справе на тот час маючы я, возный, стороною людей добрых шляхтичов двух в том князстве великом оселых, кн. Ахмета Шабановича, а другога также татарына кн. Куромшу Адамовича…

Зразумела, што татары таксама рабіліся «героямі» розных здарэньняў, нароўне з іншымі месьцічамі і прыбылымі сюды з іншых краёў. Гэтак, менскія жыхары Ісуп Палелеевіч з сынам Раманам пакрыўдзілі не каго-небудзь, а саму бурмістравую з другой белой головой Настасьсяй Лахаўнай, калі тыя вярталіся до домов своих ад приятеля. Было яшчэ толькі за гадину перед вечером і напэўна галава круцілася ад водару травеньскіх садоў, а сэрца было перапоўненае водгукамі сяброўскай бяседы, калі зьнянацку з тылу да іх падскочыў тыранска, здрадецким способом малады татарын Раман - бесурманин, ды добывшы шаблю, параніў адну з кабетаў у руку. Пра татарскі нораў было вядома са слоў саміх татараў, калі, махаючы са сьвістам шабляй, тыя выкрыквалі пагрозы: забью, буду мордовать и на крыж разбивать!

Татары называлі сябе князямі і шляхціцамі учцівымі, служылі магнатам і заможнай шляхце, але і самі мелі (у вабыход закону) на ўслужэньні шляхту, а таксама зваяваных способом жовнерским чужаземнікаў. У рэестры зрабаванай ў татараў маёмасьці была запісаная чэлядніца-маскоўка Феня Пекла.

ЗАМАК
Спусьціўшыся з Новага рынку на Старое места — на вуліцу Нямігу, ці то да ракі Нямігі, немажліва было ня заўважыць брацкую царкву Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла, дзе на той час служыў сьвятар Васіль Манеўскі, а на цвінтары спачывалі месьцічы. Вядома, прынамсі, з тэстамэнта жонкі Мацея Завішы княжны Паланэі Пашкоўскай пра жаданьне быць пахаванай у гэтай царкве. Праўда, на пачатку ХVII стагодзьдзя не было спакойна пад дахам бажніцы. Яе неаднойчы рабавалі да голых сьценаў, цягнучы царкоўнае начыньне па мастках праз Нямігу, апанаваныя сваёй праўдай гарадскія мужы (сярод рабаўнікоў значыліся і члены менскага магістрата). Захаваліся імёны двух чарніц жаночага манастыра пры Петрапаўлаўскай царкве — ігуменьняў Аўгіньні Шэмбелоўны і Ульяны Нямцовічаўны, што жылі там ў 40-ых гадох.

Талерка.Волава. Гданьск. XVII cт. Герб "Łasko". Талерка належыла роду Ласка-Варанавіцкіх. У кнізе вядомага сфрагіста Олега Однороженко (Київ) "Шляхетська геральдика Київської землі XV — першо ї половини XVII ст. за архівними джерелами та матеріалами сфрагістичної колекції Музею Шереметьєвих" есць герб на матрыцы пячаткі Базыля Багданавіча Ласка-Варанавіцкага 1644 года. Са збору І.Сурмачэўскага.

Ад царквы рукой падаць да пляца, на якім месьціўся Стары рынак, да крамак, да замкавых маста і брамы, праз якія можна было патрапіць да самога Замку. Рынак —мейсца звыклое ў горадзе. Тут таўклася штодня бальшыня месьцічаў і сялянаў з блізкіх вёсак ды фальваркаў. Тут можна было злавіць падданага-уцекача, тут апроч куплі-продажы, «купляліся» і «прадаваліся» гарачыя навіны і абвяшчаліся людям многим каралеўскія граматы. Мейсцы, куды возны прыбіваў копіі каралеўскіх граматаў ці баніцыйных лістоў, былі тыя, якія найчасьцей наведвалі месьцічы: ля варот крамных на рынку, на браме менскага Замку, у ратушы, у касьцёле, у зборы евангеліцкім. Паступова Стары рынак саступіў свой статус Новаму рынку, але яшчэ доўга быў мейсцам зносінаў, пакуль не здрабнеў і занядбаў сам Замак. Але пакуль тое здарылася, Замак заставаўся цэнтральнай часткай горада, у якой разьмяшчаліся замкавы суд і храмы, вязьніца, дамы ваяводы і старосты, а таксама падданых, мяшчанаў і рамесьнікаў. У архіве канцэлярыі гродскага суда ў вялікіх дубовых скрынях пад адмысловымі ключамі захоўваліся кнігі і справы Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага. Менавіта сюды, у замкавую канцылярыю беглі са сваімі скаргамі пакрыўджаныя зямяне ды мяшчане, адносілі рэляцыі возныя, прамаўлялі прысягі сьведкі. Тут чакалі сваіх даўжнікоў для разьліку, і пісар рыпеў пяром, перапісваючы ў актавыя кнігі квіты і цэдулы, тэстамэнты і лісты, выдаючы выпісы на рукі ўдзельнікам судовых працэсаў. Пісары былі найбольш адукаванымі людзьмі ў судзе ў адрозьненьне, напрыклад, ад возных, некаторыя з якіх маглі дазволіць сабе заставацца няпісьменнымі. Менскімі судовымі пісарамі былі ў гэты час Стэфан Гладкі, што жыў на вул. Зборавай, Станіслаў Унучка, Геліяш Гурын, Іван Драбышэўскі, а таксама пісар менскай каморы Васіль Масьленка. (Хочацца прыгадаць, але ня ў зьвязку з Менскам, пісара Рэчыцкага гродскага суда, што жыў на мяжы ХVI-ХVII стагодьдзяў — Фурсіяна Скарыну).

Лыжка. Волава. Германія, XVII ст. Знойдзена ля Полацка. На ёй надпіс - bri nicht kluger den die alden (шануйце старэйшых). Са збору І.Сурмачэўскага.

Замак быў аточаны з усіх бакоў земляным валам і апаясаны ровам з вадой і каб патрапіць за ягоныя сьцены, трэба было прайсьці замкавы мост і ўвайсьці ў браму, дзе на варце мусіў знаходзіцца замковый стораж. Па гэтай дарозе з места Нового до Замку і наадварот з Замку до места пратопала безьліч ног, сьціраючы лапцямі, ботамі дый тревиками драўляны насьціл Замкавай вуліцы. Пабываў тут у кастрычніку 1616 года і сын вядомага асьветніка Васіля Цяпінскага Тобіяш, каб заключыць пагадненьне і падпісаць ліст-угоду з зямяніным Юрыям Драбышэўскім, якая тычылася ягонага сына, а значыць унука Васіля Цяпінскага — Яна. Колькі разоў сьцены канцэлярыі і вушы прысутных чулі словы прысягі, прамоўленыя перад судовым врадам рознымі асобамі: “Я, Стефан Лойка, возны, прысегаю пану Богу всемогущому, в Тройцы единому. На чым, если справедливе присегаю, пане Боже мне помажы, а если несправедливе прысегаю, Боже мене забий”.

Талерка. Волава. XVII ст. Герб "Kroje" і літары KZ - Kazimierz Zbrozek, падчашы Падольскага ваявадства, меў стараства Веліжскае пад Віцебскам. Са збору І.Сурмачэўскага.

Але дарэмна ўяўляць судовую сьвятліцу мейсцам, дзе заўсёды панаваў закон і справядлівасьць, бо жывыя людзі ўносілі свае папраўкі, згодна ўласным уяўленьням пра сваё мейсца ў гэтым сьвеце. На самым пачатку лета 1600 года дзіўнае відовішча назіралі пэўна, задраўшы галовы, наведвальнікі Нізкага рынка, бо па замкавым мосьце стрымгалоў уцякалі з Замку лентвойт і ўсе бурмістры, райцы і лаўнікі, а па замкавых валах, од страху не потрафивши на мост, несьліся менскія мяшчане Іван Чаргановіч і Багдан Філіповіч, абодва ў аксамітных капелюшах, а за німі з голымі мячамі беглі невядомыя.

Пагоня скончылася тым, што абодва ўцекача далі нырца ў Сьвіслач ...в реку Свислоч поутекали и мало не потанули. Так завершылася спрэчка ў судовай ізбе пасьля слов ущипливых і поличак паміж менскімі мяшчанамі і зямянамі Наваградскага павету пад час адбываньня ў Менску чэрвеньскіх судовых рочак. Бойка паміж скаржнікамі, якія мкнуліся патрапіць ў замкавую каныцлярыю за пошукам справядлівасьці, магла распачацца яшчэ на подступах да Замку. Так і сталася паміж панамі Андрэям Стахоўскім і Самуэлем Есьманам, братамі галоўных удзельнікаў судовага працэса Стэфана і Паўла. Спаткаўшыся выпадкова ля сьцен царквы манастыра сьв. Пятра па дарозе з вуліцы Юр’еўскай да Замку, відаць, слова за словам, але счапіліся не на жарт, і да канцылярыі справа ў той дзень не дайшла, бо ў ход пайшлі апроч словаў неучстивых, доброй славе... доткливых, якімі шляхта лжила и лаяла адзін аднаго, шабля, абух ды чэкан.

Гандлёвая пломба (выкарыстоўвалася для апламбіроўкі тавараў, кшталту палатна). Волава. Дыяметр 5 см. Англія. Канец XVI– пачатак XVII стагоддзя. Знойдзена ля Менскага гарадзішча. Побач - соліды канца 16 стагоддзя. З аднаго боку - Ружа Цюдораў і дэвіз ангельскай манархіі "Dieu et mon droit " (Бог - маё права); з другога боку - вялікі каралеўскі герб Англіі і дэвіз ордэна Падвязкі - Honi soit qui mal y pense (Хай сарамаціцца той, хто падумаў дрэнна пра гэта). Са збору І.Сурмачэўскага.

Аднаго разу ўчыніў буянства ў менскай канцэлярыі нават сам земскі судзьдзя Пётр Зяновіч, калі сустрэў у ёй сына свайго крыўдзіцеля Фёдара Ваўка Міхаіла ....нет ведома для какое причины звазнившысе на его, словы неучтивыми... лаял и сороматил як ему упадобало, а пасьля паабяцаў помсьціць і корбачом неўзабаве правучыць. Бывала і так, калі нязгодная з рашэньням суда шляхта, будучи гневом порушона, пачынала фукать и лаять і справа магла дайсьці да палічак і нават крыві.

Апроч судовых сьвятліц ды ізбы, была ў Замку яшчэ изба чорная, где вязни седять, а пры ёй сторажы, што вязни стерегуть. Усяго ў Менску прыгадваюцца тры вязьніцы: у Замку, на Ратушы, у «Ду(ы)боўцы». У замкавай турме сядзелі людзі рознага стану —свавольнікі, злодеи прыличные, крывапрысяжцы, фальшэры, мужабойцы. Вязеньне магло быць тяжкое и строгое, калі вязьня садзілі ў калоду, вязалі ў пута ці закоўвалі ў ланцугі (одным ланцугом железным за шыю, а другим по середине), а магло быць і лягчэйшым. Тэрмін сядзеньня: ад 6 тыдняў — да паловы года. Прыгадваюцца везене земляное, у вежы на дне, у лехах вежы, а таксама менскі кат мистр тутошни, які вінаватых брал на муку і выконваў страту. Гэта маглі быць шыбеніца, чвертоване, стяте на горло, взбіте на кол, якія ўжываліся выключна за цяжкія забойствы па гарачых сьлядох. Але ж у вязьніцу трапляліся і выпадковыя асобы, у кожнага зь якіх была свая невясёлая гісторыя… .

Пярсценак. Золата, каляровыя эмали, крышталь. XVII ст. Менск. Са збору І.Сурмачэўскага.

Гэтак прыйшлося правесьці ноч в окрутном везени жаніху Яну Лібаровічу, які заехаў да Менска па сваіх вясельных справах, каб набыць золота, сребра, шат, коберцев и инших потребов і меў на гэта з сабою ажно 200 коп грошай. Відаць, вырашыў набываць упрыгожваньні ды срэбны посуд ў менскага залатара Івана [Амазікавіча] і спыніўся гасподаю ў ягоным доме на рынку. Стаміўшыся ад цяжара адказнасьці і прадшлюбнай мітульгі, малады чалавек, заваліўшыся ў гасподу праве под час полудневы, а гадине двенадцатой і павесіўшы шаблю з пулгакам на сьцяну, рухнуў на ложак Але прачнуўся ўжо бяз грошай, бяз шапкі, бяз пояса з машною. Учыніўшы гвалт гаспадару, апынуўся ў замкавай вязьніцы.

Прыходзіў у замкавую вязьніцу заручыцца за свайго падданага з маёнтка Новы Двор кашталян Пётр Монвід Дарагастайскі, бо затрымалі ягонага падданага на торгу добровольном подле крамов на Новым Рынку ў той самы дзень, як ён прыехаў да Менску і яшчэ нават не пасьпеў агледзецца. А два мяшчаніна прыцягнулі да вязьніцы зьляканага жыда Марка Перутовіча, які, ідучы на рынак, быў улапены, шарпаны …на зелжывот стану жыдовского і ўрэшце абрабаваны. А ўсяго толькі нёс ён на рынак сваю роботу едвабную — гузікі і пятліцы. Хіба ствараў каму непажаданую канкурэнцыю, ці ашукаў кагосьці са сваіх ранейшых пакупнікоў? Але ж і птушка ня любіць клеткі, а чалавек несвабоды. З турмы ўцякалі. Хто, будучы ўсажоным в колоду, з калоды ўцёк, хто неяк хітрасьцю —фартельна, а часам, робячы падкопы – выкопанем.

Пярценак. Срэбра, гранат. XVII ст. Магілёў. Са збору І.Сурмачэўскага.

Сюды, у Замак, прывозілі для агляду целы нябожчыкаў, прыводзілі параненых ахвяраў, каб сьведчыць на ранах. Пра нябожчыка, якога прывезьлі ў красавіку 1618 года напэўна казаў увесь Менск, бо то быў вядомы ўсім судзьдзя земскі менскі Грыгорый Макаровіч, зладзейскі забіты ў сваім маёнтку Хатаевічы. 1618 год быў наогул злым часом для мірнага насельніцтва. Нездарма ў пераліку бедаў, якія маглі напаткаць людзей у тыя часы, то бок, Божа уховай, огонь, поветрие моровое, голод, спустошене, ушкоджене — нищене од жовнера згадвалася першым. Перамога войскаў каралевіча Ўладыслава над Масквой, перамір’е ды ягоны новы тытул мала як зьмянілі тутэйшае жыцьцё. Бой, луп, грабеж цярпела насельніцтва ад жаўнераў, якія паспытаўшы маскальской крыві, вярталіся з маскоўскіх граніц, ня маючы на чом и о чом служить, бавячы час нямалы ў Воршы бяз службы..., ходзячы па лясох хто пешшу, хто на конях.... Менавіта такіх лясных людзей знайшоў непрыяцель судьдзі для выкананьня забойства. Прыехаўшы за німі да Воршы з краю Менского, паабяцаўшы грошай і палову нарабаванай судзьдзёвай маёмасьці, паехаў разам з імі назад у Литву, дзе і адбылося тыранское и неслыханое мордерство и забойство... Казалі, што судзьдзя сам выйшаў да гвалтаўнікоў, трымаючы ў рукох шкатулу з грошамі, облігамі на даўгі, просячы аб міласэрнасьці. На што яму адказалі: “И шкатула твоя і скарб твой і ты сам в наших руках”…, маўляў, пішы хутчэй свой тэстамэнт, ня ведаючы таго, што стары судзьдзя даўно ўжо паклапаціўся пра гэта, і тэстамэнт таксама ляжаў у шкатуле сярод грошай і каштоўных папераў. Апрануты быў судзьдзя ў свой апошні дзень у люндышовы капеняк, а на галаве была сабаліная шапка. Маёнтак Хатаевічы і ўдаву менскага судзьдзі злодзеі не пакідалі ў спакоі яшчэ праз доўгі час, пазбавіўшы здароўя і маёмасьці. Пазьней, на судовым працэсе з арганізатарамі злачынства братамі Душэўскімі інтарэсы ўдавы прадстаўлялі яе апекуны паны Пётра Стэцкі і Андрэй Бурба.

Пячатка з гербам "Ліс" і літарамі ZS. Срэбра. Мінская вобласць. Са збору І.Сурмачэўскага.

За падобнае злачынства, учыненае ў тый самы год, але ў маёнтку Бахароўскі, калі слуга і падданы забілі ў гумне свайго пана Томаша Якімоўскага, суд жорстка пакараў мужобойцов, каб кров людская невинне пролитая о помсту до Бога не волала. Аднаго праз містра менскага на горло стятем, а другога пазбавілі жыцьця чвартаваньнем. Забойцаў менскага земскага судзьдзі таксама напаткала жахлівая расплата. Усе былі пакараны горлом через окрутную смерть, взбтем на кол.

Кафля паліваная. XVII ст. Магілёў. Са збору І.Сурмачэўскага.

1618 год даўся ў знакі як насельніцтву вялікіх мест, так і малых паселішчаў. У сваім лісце брат менскага гараднічага Адама Валадковіча Яраш Валадковіч пісаў дзецям: “…иж я, в тых злых часех, видечы великое небеспеченство людского живота, же так винные, яко и невинные снат за грехи з допущеня Божего…без росправы зходят з сего мизерного света”.

Кафля паліваная. XVII ст. Магілёў. Са збору І.Сурмачэўскага.

…Жыцьцё і праца гарадскіх ураднікаў, якія засядалі і разьбіралі справы месьцічаў, саджалі і вызвалялі з вязьніцаў, аглядалі ахвяраў, было нялёгкім і напружаным. Бывала і так, што не дачакаўшыся якога даўжніка і прачакаўшы яго ў таварыстве з вознымі, сьведкамі, умацаванымі ў канцэлярыі ўвесь дзень, судзьдзя і пісар на чале са старостам, падняўшыся с места судового, по гадине нешпорной с замку проч одыходили. У горадзе было ўжо цёмна і ціха, калі праз замкавую браму, па мосьце, міма млына цягнулася да сваіх дамоў працэсія судовых мужоў, асьвятляючы сабе дарогу ці то ліхтаром, ці лучынай. А можа быць шлях ім высьвятляў месяц з буйнымі зоркамі, бачнымі ў паўнюткай цемры ажно да самага краягляду.

НОВАЕ МЕСТА (Верхні горад)
Ізноў падымемся ўгору, на Верхні горад. На Новым месьце — Новы рынак, ці Высокі. Сюды паступова пераносіцца менскі гандаль і ствараецца новы гарадскі цэнтр. Падняўшыся зь нізіны ў гару, горад як-бы зрабіў першы значны крок у бок Эўропы, аслупаваўшы свой зрух на самым узвышшы пабудовай ратушы. Такім чынам, насуперк Замку, які панаваў пад абаронай зямлі і вады і быў доўгі час адзіным цэнтрам горада, у які можна было патрапіць толькі праз мост і замкавую браму, напрыканцы ХVI стагодзьдзя ўтвараецца другі важны гарадскі цэнтр, узьняты над тэрыторыяй Нізкага горада і адкрыты з усіх бакоў.

Верхні горад

Новае места уяўляла сабой прастору, на якой размяшчаліся рыначны пляц з ратушай і крамамі, важніцай, дамамі менскіх жыхароў і бажніцамі. Але ж найважнейшай пабудовай тут была ратуша (ратуш) ку оздобе места на рынку збудаваный. У 1600 годзе пра ратушу пішуць як пра новазбудаваную, якая паўстала замест старой, пабудаванай яшчэ ў ХV стагодзьдзі. Гэтая новая, апроч сваёй непасрэднай функцыі быць цэнтрам гарадскога самакіраваньня, відавочна ўпрыгожвала горад і была ягонай яскравай дамінантай. Верхавіну ратушы ўпрыгожваў гадзіньнік, які даглядаў зегармистр Мікіта і наяўнасьць якога сьведчыла пра пачатак адлічэньня новага часу, а таксама звон. У сярэдзіне будынка, ратушнай ізбе, была вялікая сьвятліца са сталом і лавамі, а таксама вязьніца. Свае дамы месьцічы, што жылі на Новым рынку, апісвалі ў дакументах згодна месцазнаходжаньня ратушы — против ратуша, каля ратуша.

Тут засядаў урад места Менскага права майдэборскага на чале з войтам, бурмістрам сегорочным, райцамі, лаўнікамі ды паспольствам мяшчанамі, вырашаючы гарадскія патрэбы, выносячы прысуды паводле обетницы сумненя свойго, а таксама паводле доброго цнотливого слова купецкого. Будынак даглядалі ратушныя слугі і ахоўвалі вартаўнікі. Ратуша рэдка калі была зачыненая, унутры і звонку заўжды віравала жыцьцё.

Скульптурная кампазіцыя, створаная Сяргеем Аганавым, адлюстроўвае войта, кіраўніка Мінскага магістрата, з Каралеўскім прывілеем і ключом ад горада ў руках. Ля ног войта бачны план горада XVI ст.
Фота Валожынскага У.Г. 15.04.2017
Рэканструкцыя праектнага плана горада XVI ст. Фота Валожынскага У.Г. 15.04.2017

Аднойчы возны прынёс позву па самого пана войта Грыгорыя Тарлецкага, якога як раз на той час застаў у ратушнай ізбе. На войта скардзіўся мешчанін Аніска Мятліч, які ў свой час даў пану войту на адно лета свой агарод ва ўрочышчы “У гары Дзьмітроўскай” у Менску для сеяня речов оващовых, а цяпер ня можа вярнуць уласнасьць у свае рукі. Урэшце, войту хапала спраў, калі ў судовы суботні дзень ён чыніў справядлівасьць кожнаму пакрыўджанаму. У 1600 годзе такімі пакрыўджанымі апынуліся ўсе менскія мяшчане, калі даведаліся, што новавыбраны бурмістр Санко Філіповіч, замест працы на карысьць горада, зьехаў з гандлями прэч зь Менску. Калі ж возны знаходзіў дзьверы ратушы замкнутымі, ён утыкаў у іх свае паперы і ўголас паведамляў пра тое ратушнай варце і тым, хто знаходзіўся побач на пляцу. Часам возны прыходзіў да ратушы не адзін, а са слугой магната ці замкавым прадстаўніком, каб вызваліць якую-колечы асобу, што не падлягала суду магістрата, але не заўсёды ім удавалася вырваць вінаватага з рук раз’юшаных мяшчанаў. Гэтак быў скараны стятем през меч на горла на рынку насупраць ратушы гвалтаўнік Ян Байкоўскі, слуга князя Фёдара Друцкага-Горскага, злоўлены на гарачым учынку на Траецкай гары. Колькі не прасілі возны і прадстаўнік князя аддаць зьбітага мяшчанамі і зьвязанага паўрозамі вязьня на князскі суд, мяшчане скинувшисе, нас од его одтиснувши, перадалі гвалтаўніка ў рукі ката, адмовіўшы яму нават ў просьбе сустрэцца з капланам, абы з сумненем своим справицца мог, абяцаючы, што за грех и учинок свой покутовати буду и з маетности своее стороне жалобливой платити готов.

Герб Менска 1591-1790-х гадоў на пячатцы магістрата

Відавочна, ня ўсе цешыліся магчымасьцямі гарадскога самакіраваньня. А найбольш выразна сваю непрыхільнасьць да ўлады магістрата і ягонага сымбаля — ратушы, выказвалі заежджыя магнаты са сваімі слугамі ды памагатымі. Урэшце, яны чынілі великие и незносные крыўды ўсяму месту, і ў абыход закону, хадзілі па горадзе з ручніцамі, пулгакамі, лукамі, разьбіваючы па ўсіх вуліцах кабыліны, страляючы ў дамы і мардуючы ягоных жыхароў, хлеб на рынку беручы и всякую живность в крамах, у ремесников роботу гвалтом.

Ахвярай такіх ліхіх наездаў была таксама і ратуша. Ліхадзеі кідалі ў яе вокны каменьні, стралялі з ручніц па гадзіньніку, з лука пад галку, сяклі дзьверы і драўляныя бэлькі. Зранку возны, абыходзячы аскепкі бітага шкла, зьбіраў кулі і стрэлы пасьля начнога бою з ратушай. (Міжволі ўзьнікае аналогія, праўда, адно храналагічная: 1600 год. Гішпанія. Дон Кіхот. Ветракі. Змаганьне).

(Разбураная царскімі ўладамі ў 1857 годзе ратуша ўсё адно спрычынілася да патрэбаў свайго горада. З жалезнай бляхі было выраблена 1.483 асабовых шыльдаў на дамы гараджанаў. Камяні пайшлі на брукаваньне вуліц і пляцаў, дрэва — для мастоў і альтанкі над крыніцай у Гарадскім садзе... Бурылі будынак арэштанты менскага турэмнага замка.)

Другой ахвярай начнога нападу прыхадняў віцебскага ваяводзіча Самуэля Паца сталася Казьма-Дзьям’янаўская царква з брацкім шпітальным домам на цвінтары (сьвятыя Казьма і Дзям’ян лічыліся апекунамі лекараў і хірургаў) і школка руская для науки детиное, якія месьціліся паміж Новым і Старым рынкам на вулачцы, вядомай як Казьмадзям’янаўская (а значна пазьней Дзям’яна Беднага (!)). Ранкам вознага вадзілі на агляд шкодаў два брацкіх шпітальных старосты Захарый Дзямідавіч і Астап Паўловіч, паказваючы знакі гвалтоўнага найсьця: брама вялікая ўездная і хфортка, дзьверы і ўшакі сенечныя і сьвятлічныя шаблямі або кордамі пасечаныя. Сталы, лавы, услонцы і ўшакі аконныя ў сьвятліцы таксама парубаныя. Паказвалі нават конец шабли, што злодзеі паламалі, бьючы па дрэве, а таксама разьбіты масяньдзовы ліхтар з шасьцю сьвечкамі, што вісеў пасяродку сьвятліцы. Не кажучы ўжо пра пакаробленыя па ўсім горадзе кабыліны. Асьведчыў возны гэтак сама і раны на саміх брацкіх старостах, а таксама на сьвятары Пятніцкай царквы Яўціхію Васільевічу, які быў на той час у брацкім доме. Яго двойчы ўдарылі па твару і скралі аксамітную шапку. Забраліся нягоднікі і ў піўніцу, дзе пазьбівалі замкі і зашчэпы, пілі мёд, піва, гарэлку, а рэшту пораспущали. А яшчэ раней на змерканю, спаткаўшы каля дома мяшчаніна Паўла Скаршэўскага немца Міхаэля Путыка, які камораю тут мешкаў і вяртаўся да дому ад злотніка Людвіга Залатара, мо і сам быў залатых спраў майстрам-чужаземцам, а можа нямком ад нараджэньня, забілі і замардавалі.

 Скульптура "Гарадскія шалі". Яна сімвалізуе развіццё Мінска як буйнога цэнтра рамяства і гандлю пасля атрымання горадам у 1499 годзе Магдэбургскага права. Малая архітэктурная форма была створана аўтарскім калектывам: архітэктарам Сяргеем Багласавым і скульптарам Аляксандрам Прохаравым. Фота Валожынскага У.Г. 15.04.2017
 Скульптура "Гарадскія шалі" (скульптар - Аляксандр Прохараў). Фота Валожынскага У.Г. 24.04.2014

Ня могучы больш трываць такога здзеку і крыўды, калі места Менскае нішчат і пустошат как в земли неприятельской, месьцічы вырашылі згуртавацца, каб затрымаць зрушытелев спокою посполитого і перадаць як лёзных людзей да суду. Але злодзеі кінуліся ўцякаць за раку Сьвіслач, маючы намер перабрацца на Траецкую гару. Двое зь іх патанулі ў Сьвіслачы, астатнія ўцяклі з гораду на конях.

На Новым Месьце знаходзіўся евангеліцкі Збор, праз які вуліца і пляц мажліва і атрымалі адпаведныя назвы — Зборавыя. Да наступу контррэфармацыі яшчэ заставалася колькі часу і збор актыўна дзейнічаў для сваіх прыхаджанаў, сярод якіх было шмат вядомых у Менску людзей, такіх, як земскія судзьдзі Грыгорый Макаровіч і Марцін Валадковіч, староста рэчыцкі князь Яраш Жыжэмскі, які ахвяраваў яшчэ пры жыцьці свой уласны дом на вуліцы Юр’еўскай менскаму збору з милости своей хрестиянское. Але, бачачы, што дом з-за спусташэньня прыбытку збору не прыносіў, зборавы дазорца Ян Цэдроўскі і казнадзей Ян Тамашэвіч вырашыліся прадаць дом Жыжэмскага земскаму судзьдзі Марціну Валадкевічу за 80 коп грошай і, не прывлащаючи того собе, што хвале Божей належила и належить, перадаць грошы на зборавыя патрэбы. (Відаць, Ян Цэдроўскі быў надзейны чалавек, бо менавіта яму (а можа ягонаму сыну?) у 1656 годзе давялося адстойваць правы менскай шляхты перад непрыяцелем маскоўскім царом Аляксеем Міхайлавічам, баронячыся ад свавольства чужынца, прызначанага менскім ваяводам, — Юрыя Арсеньева).

Варта спыніцца... За вокнамі Менск пачатку ХХІ стагодзьдзя, на стале — спрэсаваная ў тоўстыя рукапісныя кнігі гісторыя Менска 1600 — 1640 гадоў. З кожнай старонкі — голас. Часам ціхі, часам вельмі гучны. Ёсьць нябясьпека памыліцца, пэўная спакуса стварыць «горад-макет». Разьмясьціць яго на стале і перасоўваць па ягоных уяўных вулках васковых чалавечкаў і коней, карэты і калёсы, захінаючы ўласным ценем горад ад Замку да Новага места. Нашая зьверхнасьць у гэтым выпадку зыходзіць з таго, што мы ведаем: наперадзе ў горада яшчэ столькі ўсяго будзе! Але хто ведае, што чакае нас, што ў нас наперадзе? Хто будзе пільна ўглядацца на макет гораду нашага часу, захінаючы яго сваім ценем і перастаўляючы нерухомыя фігуркі паводле свайго разуменьня.

Аўтарка дзякуе спадару Ўладзімеру Дзянісаву за каштоўныя парады падчас напісаньня артыкулу.
________________________________________

Заўвага
1 Кабыліна — драўлянае прыстасаваньне-загародка на 4 апорах і бервяно, якім перагароджвалі ноччу ў сярэднявечным горадзе вуліцы і подступы да брамаў для кантролю за перамяшчэньнем людзей.
2 Зямянін — шляхціц, які валодаў зямлёй.
3 Тэстамэнт – запавет, завяшчаньне.
4 Круцыфікс — крыж з распяцьцем.
5 Дылея — верхняя вопратка.
6 Войскі — службовая асоба ў ВКЛ. У час войнаў наглядаў за парадкам у павеце і апекаваўся тымі, хто застаўся ў маёнтках.
7 Лентвойт — службовая асоба ў ВКЛ, намесьнік войта ў гарадох, якія атрымалі магдэбурскае права.
8 Бурмістар — выбарная асоба, якая ўзначальвала мясцовае самакіраваньне ў сярэднявечных гарадох, дзе дзейнічала магдэбурскае права.
9 Райца — выбраны або прызначаны ад багатых гараджанаў чалец рады магістрату.
10 Кадэнцыі – пэўны тэрмін, на працягу якога адбываліся судовыя паседжаньні.
11 Ладоўніца — падсумак, патранташ.
12 Жабінец — каштоўны камень жоўтага колеру, выкарыстоўваўся як амулет супроць атруты.
13 Туркус — біруза.
14 Возны — магістрацкая пасада, спалучаў функцыі сьледчага й судовага выканаўцы.
15 Баніцыйны ліст — каралеўская грамата аб выгнаньні пэўных асобаў за ўчыненыя зладзействы.
16 Трэвік — чаравік.
17 Карбач — пуга, зробленая з валовай скуры ці сухажыльля.
18 Гадзіна няшпорная — час вечаровай малітвы.
19 Лаўнік — чалец магістрату ў гарадох з магдэбурскім правам. Уваходзіў у склад войта-лаўніцкага суду, які разглядаў крымінальныя справы.
20 Паўрозы – вяроўкі, путы.
21 Корд – кароткі меч
22 Лёзныя людзі – асобы бяз пэўнага месца жыхарства й вызначаных заняткаў.

 

Instagram
Instagram

Читайте еще