×

Дажыць да 100 гадоў

Якія шанцы меў жыхар Менска 17-18 ст. дажыць да ста гадоў?

Спакойныя гады па тых часах вялікая рэдкасць. Войны, эпідэміі, пажары, голад змянялі адно аднаго. Высокая дзіцячая смяротнасць, а ўзровень развіцця медыцыны такі, што можна было адкінуць капыты ці не ад любой хваробы. І тым не менш.

22 лістапада 1733 года манахі Менскага Свята-Духавага манастыра ў будынку сваёй царквы пахавалі стогадовага менчука Захарыяша-Станіслава Бельскага. Калі даць веры менскім базыльянам і Бельскі сапраўды нарадзіўся ў пачатку 1630-х гадоў, то за свой век ён перажыў 6-х каралёў: Жыгімонта ІІІ, Уладзіслава IV, Яна-Казіміра, Міхала, Яна ІІІ, Аўгуста ІІ. (Ляшчынскага не лічым, ён перажыў нашага героя). Бельскі нарадзіўся, калі быў яшчэ жывы Леў Сапега, а памёр, калі ўжо нарадзіўся Джордж Вашынгтан.

Цяжка знайсці партрэты людзей, якія б нейкім чынам спрычыніліся да гэтай гісторыі. Праілюструю нататку гравюрай 1680 года, на якой выяўлены базыльянін Іасафат Бражыц, у 1650-х насельнік Менскага Свята-Духава манастыра, які праславіўся ў горадзе цудамі ў часе эпідэміі чумы 1655 года, а пазней як вядомы на ўсё Вялікае Княства Літоўскае экзарцыст. Магчыма дзякуючы Бражыцу Захарыяш-Станіслаў Бельскі і дажыў да такога паважнага веку.

Дзяніс Лісейчыкаў

Telegram

Читайте еще