×

На веласіпедзе па веладарожках Мінска

З канца мінулага лета (2014) я пачаў карыстацца веласіпедам, як транспартным сродкам на невялікія адлегласці. У веліка ёсць свае перавагі і недахопы і ў такім горадзе як Мінск без яго магчыма нармальна ездзіць. Але мая заўвага пра іншае.

У Мінску развіваецца інфраструктура для веласіпедыстаў. Расце колькасць велапарковак. Ёсць веладарожкі. І вось адной такой, што цягнецца прыкладна ад ст. м. пл. Перамогі да ст. м. Усход мусіў скарыстацца ўчора вечарам.

Мне давялося праехаць уздоўж веладарожкі на сваім жалезным кані ад пл. Калініна да Нацыянальнай бібліятэкі. Зручнасці — амаль аніякай.

Па першае, веласіпедысты ў большасці сваёй правілаў дарожнага руху не трымаюцца. Мала хто з іх пераходзіць пешаходную "зебру" — звычайна пераязджаюць. Таму ехаць ўздоўж веладарожкі адпаведна правілам праблематычна, калі на цябе едзе, маўляў, парачка закаханых, што не жадаюць ехаць інакш як разам па ўсёй шырыні дарожкі.

Знак "Беражыся ровара!"

Па другое, многія веладарожкі пешаходы разглядаюць як сваю тэрыторыю — і ў выніку амаль увесь свой шлях я проста гойсаў паміж пешаходамі і парушаў такім чынам правілы, бо наяўнасць веладарожкі не дае мне права ехаць па пешаходнай зоне (а часам і па зялёнай, каб пазбегнуць наезду на пешаходаў, асабліва дзяцей).

Па трэцяе, веладарожка, па якой я ехаў, у некаторых мястах стварала аварыйную сітуацыю ўжо тым, што была вузкай. Так ад скрыжавання пр. Незалежнасці з вул. Філімонава з боку Нацыяналкі там, дзе зараз ідзе рэканструкцыя, дарога ідзе па-над узгоркам, што над мастом праз Сляпянскае вадасховішча. Размінуцца з іншымі веласіпедыстамі (ці пешаходамі) можна толькі калі трымацца каменных блокаў агарожды ад праезнай часткі ці краю ўзгорка і мець добры шанец паляцець уніз пад адхон.

Веладарожка на пр. Незалежнасці, крыніца: http://velobelarus.com/2-novosti/109-velodorozhka-na-prospekte-nezavisimosti.html

Яшчэ адзін парадокс да тэмы. Заўважыў, што найбольш аптымальна на веласіпедзе ехаць па праезнай частцы невялікіх вуліц з сціплым транспартным патокам. Калі трымацца правілаў (ад бардзюра не далей за 1 м і інш.), то атрымаецца хутчэй праехаць пэўную адлегласць, чым па пешаходнай зоне. Нават ляжачы паліцэйскі не так стукне па пярэдняму колу, як бардзюр на пешаходнай зоне.

Дэкаратыўная кветачніца ў форме ровара

вторник, 26 мая 2015 г. Андрэй Берастоўскі

http://www.berastouski.blogspot.com/2015/05/blog-post_26.html

Instagram
Instagram

Читайте еще