Батлейка

Батлейка — з Бэтлеем (Віфлеем) — Betleem — Бэйт Лехем (Іўрыт) — хлебны дом — народны лялечны тэатар, які зарадзіўся ў нашым краі ў XVI стагодзьдзі.

Апроч найбольш распаўсюджанай назвы — «батлейка» — сустракаюцца найменьні «яселкі», «вяртэп», «жлоб». Адам Міцкевіч у сваёй паэме «Pan Tadeusz» згадвае «jasełka», пэўна, назіраныя ім на ягонай Наваградчыне:

...biegła bardzo szybko, suwała się raczej,
Jako osobki, które na trzykrólskie święta
Przesuwają w jasełkach ukryte chłopięta.

...сунулася, быццам лялечка з батлейкі, 
Якой, схаваўшыся, штукар кіруе нейкі.
(пераклад Пятра Бітэля)

Першыя батлейкі завезьлі да Вялікага Княства Літоўскага з Заходняй Эўропы мніхі-франьцішканы ў XVI стагодзьдзі і выкарыстоўвалі іх для тэатралізацыі касьцельных абрадаў, што прываблівала люд да храмаў і спрыяла пашырэньню хрысьціянства. Падпісаньне Берасьцейскай Уніі 1596 году і заснаваньне ўніяцтва паўплывала на зьяўленьне батлейкавага тэатру і ў цэрквах. Пэўны час батлейка заставалася справаю выключна сьвятароў, а яе рэпэртуар меў чыста рэлігійна-кананічны характар.

Батлейка-ратуша Пані Ганны Выгоннай
Батлейка-ратуша Пані Ганны Выгоннай

У XVII стагодзьдзі батлейкавае майстэрства ад рэлігійных асобаў перанялі іх вучні — студэнты езуіцкіх калегіяў. «Менавіта апошні чыньнік стаўся вырашальным ва ўзьнікненьні перасьмеўнасьці і кпінаў у змесьце паказаў» . У канцы XVII — пачатку XVIII стагодзьдзяў батлейка ад студэнтаў і шкаляроў-сэмінарыстаў трапіла да местачковых рамесьнікаў, а пазьней і сялянаў. З гэтага часу пачалося пашырэньне рэпэртуару батлейкі праз далучэньне да яго інтэрмэдыяў — жартаўлівых сцэнак, народных па паходжаньню, што адлюстроўвалі палітычнае, сацыяльнае, бытавое жыцьцё ўсіх нацыянальнасьцяў і пластоў насельніцтва, што жылі ў Рэчы Паспалітай. Так спалучыліся два пачаткі — клерыкальны і народны.

Ельнінская батлейка XVIII - пачатку XIX стагодзьдзяў. Рэканструкт Пані Ганны Выгоннай
Ельнінская батлейка XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў. Рэканструкт Пані Ганны Выгоннай

Са зьменай сюжэту батлейкі і пярэйсьцем тэатру ад манахаў да простых людзей зьмянілася і форма батлейкавай скрыні. Трохпавярховая батлейка ў выглядзе царквы альбо касьцёла нібы ўвасабляла ў сабе мадэль сусьвету: угары было «неба», пасярэдзіне — «зямля», на доле — «пекла». Далей скрыня набыла традыцыйны двухпавярховы падзел сцэнічнай пляцоўкі на неба (вышні паверх) і зямлю (дольны паверх). На вышнім паверсе паказвалі сцэны з гісторыі нараджэньня Езуса, на дольным — містэрыяльную драму «Цар Ірад» ды інтэрмэдыі.

У XVII i XVIII стагодзьдзях батлейка перажывае свой росквіт. Дасьледнікі батлейкавага тэатру адзначаюць, што да паўстаньня 1863-1864 гадоў амаль у кожнай вёсцы, ваколіцы была альбо свая ўласная батлейка альбо яе прывозілі і ладзілі на Каляды вандроўныя батлеяры.

Паднявольнае жыцьцё адмоўна адбівалася і на мастацтве, і ў канцы XIX стагодзьдзя пачаўся заняпад батлейкавага тэатру. На пачатку XX стагодзьдзя шпэктаклі ладзілі толькі асобныя батлеяры. Захаваліся ўспаміны пра дзейнасьць аднаго з такіх — батлейніка Патупчыка, які выступаў у Докшыцах з 1909 па 1916. Вядомымі ёсьць таксама мірскія батлеяры Яўген Сілко з братам, Мацей Барашка з сынам, Ёсіф Моніч, што ставіў батлейку на Наваградчыне да 1939 году. На іх і абарвалася жывая батлейкавая традыцыя.

Апошні Батлеяр Яўген Сілко зь Міру
Апошні Батлеяр Яўген Сілко зь Міру

У 1983 годзе прафэсыйны графік Аўгіня Ліс і майстар традыцыйных музычных інструмэнтаў Алесь Лось адрадзілі зь нябыту батлейкавы тэатар. Створаная імі слаўная Залеская Батлейка дала пачатак іншым. Да жалю, адраджальніцы батлейкі Аўгіні Ліс ўжо няма, яна сышла ў 2009 годзе. Але ейная справа жыве. Першую нашую батлейку, зладжаную ў Навасёлкаўскай школе 23 сьнежня 2009 году, мы ахвяравалі памяці Аўгіні Ліс.

Прапаную гутарку з музыкам і батлеярам Панам Ськіргайлам.

Гутарка з Панам Ськіргайлам

2 сакавіка 2012 нам пашчасьціла спаткацца з адмысловым батлеярам, дударом ды ўвогуле асобаю неардынарнаю — Панам Ськіргайлам. Ён ласкава адчыніў для нас дзьверы сваёй гасподы, папраўдзе каралеўства творчасьці. Мы разгледзелі некалькі батлейкавых скрыняў, дакрануліся і пагулялі з кожнай лялькаю, прымералі маскі. А якая гэта раскоша — сядзець ва ўтульным пакойчыку сярод цмокаў (драўлянага і драцянога), галоваў-масак мядзьведзя, казы, крумкача, Перуна і слухаць іхнага майстра, пытацца і атрымліваць грунтоўныя адказы! У гасподзе Пана Ськіргайлы безьліч найцікавейшай драбязы, але нам бракуе часу, каб дасканала разгледзець усё і запытацца пра ейнае прызначэньне, мы толькі прагна акідваем яе вачыма. Бо хочацца паназіраць, як Пан Ськіргайла рыхтуецца да шпэктаклю: на раскладным стале ставіць двухпавярховую скрыню, акурат на ўзроўні нашых вачэй, выбірае лялькі, адначасна тлумачыць нам сакрэты батлейкавага майстэрства.

Батлейка й лялькі Пані Галіны Жаровінай
Батлейка й лялькі Пані Галіны Жаровінай. Фатаграфаваў Алесь Кудрыцкі

...Раптоўна на сцэне зьяўляецца Цар Гэрод, разгневаны, што мы асьмеліліся чапаць куфар з бутэлькамі ў ягоным «дварцы», відаць, прыгатаваны на час ня рэдкага ў цара баляваньня: «Хто разрашыў?! Паставіць сій час жэ на места!» Цар Гэрод абяцае знайсьці на нас управу і пагражае, што пакліча сваіх ваякаў!.. Распачынаецца вядомая ўжо нам містэрыяльная драма «Цар Гэрод», але ў яе гарманічна ўплецены сцэнкі з народнага жыцьця, альбо інтэрмэдыі. Вось паказваецца бабця з доўгім таўкачом у рукох і апавяшчае нам пра свае прыгатаваньні да «куцьцёва-кісялёвага» сьвята: зараз яна таўчэ крупы, а як скончыць, пойдзе варыць кісель і пячы кілбасу. Чаргуюцца пэрсанажы, зьмяняюцца сцэнкі, біблейныя карціны саступаюць мейсца камізму і сатыры, грунтаваным на падзеях і фактах цяперашняга навакольнага жыцьця. Дзіва, але кіруе лялькамі на абодвух паверхах батлейкі, прамаўляе да нас рознымі галасамі, патрапляе знайсьці адпаведнасьць актуальнаму моманту і публіцы (гэта значыць нам), імправізуе — адзін чалавек!

Батлейка й лялькі Пані Галіны Жаровінай

Зрэшты, слова — Майстру.

— Упершыню я пабачыў батлейку ў 1992 годзе ў Міры, дзе вучыўся гэтаму майстэрству ў Галіны Жаровінай. Мне надта пашанцавала, што маёй настаўніцай была праўдзівая рэстаўратарка-адмыслоўка, якая разам з Ганнаю Выгоннаю падрабязна вымервала й крэсьліла з аўтэнтычных лялек і батлеек XIX-га стагодзьдзя, перахоўваных у расейскіх музэях, і адмыслова рэканструявала паводле гэтых крэсьбаў-вымераў. Дасьледніцы знайшлі і вывучылі ўсе мажлівыя зьвесткі пра батлеярства. Нарэсьце, Галіна Жаровіна й Ганна Выгонная стварылі ўласны музэй-тэатар-студыю ў мірскае вучэльні. Таму творчасьць маёй настаўніцы для мяне ўзорам. У 1999-м пачаў ладзіць уласныя шпэктаклі.

Мы дзівімся, як дасканала зробленыя лялькі:
— А з чаго яны?
— Гэта кардон, аблеплены паперкаўкай (так Пан Ськіргайла называе пап’е-машэ) і пафарбаваны алейнымі фарбамі.
— Няхай Пан будзе ласкавы выказаць нам свой погляд на батлейку.

— Ва ўсім, што мы паказваем у шпэктаклі, шмат сэнсаў. Напрыклад, лялька мужыка Антона. Яна сабою сымбалізуе штосьці накшталт архэтыпу, то бок, такіх вельмі шмат, прасталюдзінаў. Мы апранулі яго ў сучаную апратку. Альбо бабця — таксама архэтып, бо яна спалучае ў сабе вобразы бальшыні бабцяў. Архэтыпы ў маёй батлейцы гавораць на трасянцы, што дадае прамовам сьмяхотнага калярыту і, уласна, адлюстроўвае штодзённую рэчаіснасьць. Трасянка была й у тэкстах ХІХ стагодзьдзя. Але, калі пэрсанажы прамаўляюць як асобы, але не як архэтыпы, тады яны гавораць на амаль чыстай вялікалітоўскай мове. І гэтак было й у колішніх інтэрмэдыях. Усе пэрсанажы, якія ўяўляюць сабою архэтыпы, могуць быць апранутыя ў сучасную апратку, каб людзі іх лацьвей пазналі. Бо калі гледачы бачаць ляльку ў апратцы XIX стагодзьдзя, яны мяркуюць: «Ат, гэта ўсё рэлігійны сюжэт, старажытны...» — і не асацыююць з сучаснасьцю, што ў гэтых архэтыпах паказана тое, што й цяпер існуе.

Ксёндз. Твор Пана Ськіргайлы
Ксёндз. Твор Пана Ськіргайлы. Фатаграфаваў Іван Мікалаеў

А як мы патлумачым гэтым хлопцам, якія пайшлі на бокс, што яны мусяць шанаваць ня толькі сілу, але і розум? Мы можам у батлейцы паказаць гэтыя ўсялякія памылкі такім чынам, каб людзі іх пазналі. І гэта наша маленькая спроба выхаваць людзей, даць ім мажлівасьць паглядзець на сябе, як на лялькі, і ўцяміць, што яны таксама, як гэтыя лялькі, памыляюцца.

Калі мы будзем казаць камусьці ў вочы: «ты паводзіш сябе, як лялька,» — то гэта можа быць патрактавана за абразу. А калі мы сьпярша пакажам шпэктакаль, дзе лялечныя пэрсанажы паводзяць сябе, як хамы альбо як простыя і наіўныя, то потым у гутарцы з гэтымі людзьмі льга згадаць пэрсанажа і прапанаваць ім параўнаць яго з сабою. Ведама ж, і на гэта будуць крыўдаваць, але калі сказаць пэдагагічна-дыпляматычна-хітра, то такім чынам мы можам выхоўваць іншых людзей. Вось гэтыя сродкі ўплыву на іншых людзей і ёсьць тэатар. Тое, што мы ня можам сказаць наўпрост, мы маем мажлівасьць сказаць крыва, праз пасярэдніцтва лялек.

— А ў каханьні?
Вось пра тое, што людзі як лялькі. Вашэці, ўсе тры — будучыя жонкі чыесьці. І, маніпулюючы зь лялькамі, вы можаце даўмецца пра тое, што іншыя людзі таксама імкнуцца маніпуляваць іншымі як лялькамі. І ў асабістых стасунках часта ці хлопец, ці дзяўчына імкнуцца маніпуляваць сваімі партнэрамі менавіта як лялькамі. Або каб атрымаць довады, што іх папраўдзе кахаюць, яны змушаюць таго, хто ў іх закаханы, чымсьці ахвяраваць, напрыклад, поглядамі. І нярэдка яны ў гэтым перагінаюць.

Таму галоўная ідэя батлейкі, на мойны споцям — навучыць людзей ня быць лялькамі і самому навучыцца ня быць лялькаю. І ў стасунках зь іншымі людзьмі не пераходзіць тае мяжы, калі пачынаеш іншага чалавека трактаваць за ляльку і пазбаўляць яго волі. Як вось у гэтым маім расповедзе пра залёты. Хлопцы вельмі любяць скарыстацца зь дзявочай наіўнасьці і цалкам падпарадкаваць сабе дзяўчыну, то бок, зрабіць зь яе сапраўды ляльку. Пэўна ж, дзяўчаты з хлапцамі гэтаксама ўчыняюць. Але пазбаўленьне чалавека волі і ператварэньне чалавека на ляльку ў любым выпадку да добрага не давядзе. Бо чым больш чалавек саступае, тым больш яго далей будуць змушаць саступаць; чым больш чалавек бачыць, што яму саступаюць, тым больш ён будзе змушаць іншага ад чагосьці адмовіцца дзеля яго — ад поглядаў, ад годнасьці чалавечае... Ён будзе трактаваць таго, хто яму саступае, як сваю ахвяру, як сваю здабычу, і не будзе шанаваць. У асабістых стасунках, калі такое адбываецца, ён будзе потым і здраджваць і ўрэшце рэшт кіне. Альбо будзе трымаць за рабыню. Тое самае адбываецца і ў грамадзкім жыцьці. Напрыклад, гэта стасункі кіраўніка і падпарадкаваных яму.

Каб патлумачыць людзям галоўную ідэю, што мы заклікаем іх ня быць лялькамі сваім шпэктаклем, ільга ня толькі апрануць нейкіх пэрсанажаў у сучасную апратку. Мы можам увесьці ў свой шпэктакаль элемэнты вось гэтых выпадкаў з жыцьця так, каб яны выглядалі адначасна й сьмешна, і трагічна; каб даць людзям мажлівасьць пазнаць сябе ў лялечных пэрсанажах.

Бабця. Твор Мамы Галіны Жаровінай. Фатаграфаваў Васіль Явід.

Разьвітваючыся з найлепшым батлеярам ад Нясьвіжу да Вільні, мы разумеем, што патрэба ў такой батлейцы адпадзе тады, калі люд пазбавіцца ад заганаў і кожны чалавек разьняволіць свой дух і усьведаміць сябе Асобаю.

Праводзіў нас Пан Ськіргайла гукамі дуды.

Скульптура «Батлейка» побач з тэатрам музычнай камедыі, аўтар Л.Зільберг (успаміны тут). 25.06.2009 гФота Валожынскага Ў., 

Вэраніка Матусэвіч, 26-30.III.2015

Сьпіс выкарыстаных крыніцаў: 
1. Adam Mickiewicz. Pan Tadeusz czyli Ostatni zajazd na Litwie: Historia szlachecka z r. 1811 i 1812 we dwunastu księgach wierszem, ks. I, 551-553.
2. Адам Міцкевіч. Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве. Шляхэцкая гісторыя з 1811 і 1812 гг. у дванаццаці кнігах вершам/ Пер. П. Бітэля; Камэнт. В. Рагойшы, Я. Янушкевіча; Маст. В. Шаранговіч. — Мн.: БФК, 1998; кн. I, 552-553.
3. Аўтарская праграма з метадычнымі рэкамендацыямі батлейкавага гуртка «Калядня» двухгадовага тэрміну навучання для дзяцей 7-13 гадоў для ўстаноў пазашкольнага навучання і выхавання і агульнаадукацыйных школ / Укл. А. Ліс. — Мн.: НЦТДзіМ, 2004.
4. Беларускі тэатр лялек батлейка: Месца ў сістэме дадатковай адукацыі / Укл. і малюнкі Аўгіні Ліс. — Мн.: УА «НЦТДзіМ», 2001. — 60 с.
5. Гісторыя беларускага тэатра. У 3-х т. Т. I. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917. / [М. Каладзінскі, А. Мальдзіс і інш.]. — Мн.: Навука і тэхніка, 1983.
6. http://www.sb.by/v-poiskakh-utrachennogo/article/pan-skirgayla.html
«СБ», публікацыя Сьвятланы Ліцкевіч «Пан Скиргайла» ад 18.01.2003.



Читайте еще