Памятник Язепу Драздовичу


Памятник установлен в Троицком предместье

Рисунки Минска Я. Дроздовича тут


Фенамен Язэпа Нарцызавіча Драздовіча (13.10.1888-15.09.1954 гг.) - гэта неверагоднае спалучэнне ў адной асобе вялікай колькасці рознабаковых талентаў і схільнасцей.  Больш вядомы шырокай грамадскасці як мастак-жывапісец, Я.Драздовіч праяўляе сябе і як таленавіты краязнаўца-графік,  і як этнограф, і як археолаг, як дзеяч Беларускага Адраджэння і як літаратар.

Язэп Драздовіч

ЖЫВАПІС І ГРАФІКА Я.ДРАЗДОВІЧА
Асноўныя  характэрныя рысы творчасці Драздовіча можна ахарактэрызаваць схільнасцю  да тэм нацыянальнай гісторыі, старажытнасці, рэалізмам і матэрыялізмам, якія выяўлялі беларускасць; сімвалізмам, алейныя партрэты яго былі скарыстаныя Беларускім Адраджэннем, якое патрабавала нацыянальных герояў. Ва ўсіх ягоных творах назіраецца асноўны творчы прынцып - “перажытасць адлюстраванага”, што адрознівае яго ад М.Чурлёніса, творчасці якога больш уласцівы абстракцыянізм.

Калі звяртацца да краязнаўчай графікі Драздовіча, можна правесці паралель паміж ягонымі творамі і творчасцю Н.Орды, але варта разумець, што Орда прапанаваў у сваіх малюнках спадчыну Рэчы Паспалітай, Я.Драздовіч у адрозненне ад яго маляваў спадчыну сваёй краіны, той дзе ён нарадзіўся і вырас, у гэтай сферы ён яскрава праяўляе сябе не толькі як мастак, але і як руплівы этнограф і рамантычны паэт.

Гістарычная творчасць у жывапісе і графіцы
Бадай, што з першых творчых крокаў пад час навучання ў Віленскай школе мастацтва, Драздовіч пападае ў адраджэнскі рух «Нашай Нівы» і становіцца ягоным адданым удзельнікам. Дзеячы Адраджэння усур'ёз працуюць над падвышэннем нацыянальнай свядомасці, у выдавецкай дзейнасці шырока выдаюцца навуковыя, публіцыстычныя працы, празаічныя і вершаваныя творы, што прызваныя ўздымаць забытую спадчыну і заклікаюць «Людзьмі звацца». Важнае месца тут адведзена Я.Драздовічу, менавіта ён павінен візуалізаваць патрыятычныя настроі руха Адраджэння.

Так у 1919 годзе з'яўляецца ягоная «Пагоня», коннік на белым кані на зорным небе, спалучаецца з напаўненнем малюнка крыламі, маланкамі і сімвалічным колам Руху часу, мастак спрабуе спалучыць як міфалагічныя так і хрысціянскія сімвалы – коннік выратоўвае ад цмока жанчыну за ягонай спіной – у гэтым творы выразна чытаюцца вобразы як св. Георгія, так і Ярылы – сімвалу урадлівасці зямлі, таксама сам вобраз  Пагоні ёсць сімвалам незалежнасці, сімвалам абаронцы Радзімы ад ворагаў, шмат сэнсаў укладваецца і ў жанчыну, якую бароніць коннік, гэта не толькі каханая жанчына, альбо жанчына маці, шмат хто трактуе яе як дзяржаўную незалежнасць і свабоду. «Лубочны» альбо «маляваны» стыль твору, за які Драздовіча не раз далучаць да інсітнай культуры, у дадзеным выпадку толькі надасць твору выразнасці ў такім сваеасаблівым яднанні з духоўным жыццём беларускага народу.

Апасля падпісання Рыжскай дамовы, якая разарве краіну на дзве часткі, Драздовіч малюе «Пагоню Ярылы», сваеасаблівую дапрацоўку папярэдняй карціны. Гэтая карціна дае магчымасць гледачу зразумець гістарычную сувязь часоў у матэрыяльных помніках Беларусі, а таксама дакрануцца да міфалагічнага пласту народнай культуры. Па філасофскаму зместу гэта твор, у якім выразна адлюстроўваецца мастацкае бачанне духоўных пластоў, дзе адбываюцца іншабыційныя працэсы сусветнай гісторыі і працягваецца адвечнае змаганне сіл Цемры і Святла.

У 1920-1921 гадах Драздовіч першы ў нацыянальным мастацтве стварае графічную серыю партрэтаў полацкіх князёў Рагвалода, Усяслава, Брачыслава, Барыса. У патрэтах перадаецца вобраз уладара і дзяржаўнага заступніка за бацькаўшчыну. Творы выдзяляюцца псіхалагічнай індывідуалізацыяй і своеасаблівасцю гістарычнага адзення, яны паяднаныя паміж сабою мужнасцю і ўпэўненасцю, што дыхае з твараў. Адчуваецца цяга Драздовіча да асобы Усяслава Чарадзея, яму ён прысвячае некалькі жывапісных твораў, сярод якіх вылучаецца «Князь Усяслаў у порубе кіеўскага князя», у твары непахіснага князя можна знайсці рысы самого Драздовіча.

Тэму Полаччыны працягвае асветніцкая тэма ў серыі карцін пра славутага беларускага асветніка эпохі Залатога веку Беларусі Ф.Скарыну, распачатая першым творам у 1927 годзе, серыя будзе істотна дапрацаваная на працягу пасляваенных гадоў, у ёй будуць адлюстраваныя перыяды жыцця Ф.Скарыны – «Развітанне юнака Скарыны з родным Полацкам», «У друкарні Ф.Скарыны», «Ф.Скарына вядзе размову з маладой кніганабыўцай». На карціне, дзе малады Францішак выпраўляецца ў шлях да навукі, зноўку можна пазнаць самога Драздовіча. 

Гістарычныя творы Драздовіча вельмі аўтабіяграфічныя, іх таксама можна трактаваць як пэўныя візіі, альбо сны мастака пра самога сябе, пра ягоную разнастайную дзейнасць. Гэта яскрава заўважна на карцінах прысвечаных пахода за навукай і вяртанню з навукі Ф.Скарыны, - яны ўздымаюць у памяці перманентныя вандроўкі Драздовіча, ад пачатку за навукай для сябе, потым каб вучыць іншых, а потым агулам жыццё што ператварылася ў адзіную суцэльную вандроўку без выразна акрэсленых межаў; магутнасць і непахіснасць Усяслава Чарадзея ў порубе кіеўскага князя нагадвае пра тупіковы стан жыцця Драздовіча. Разам з тым з'яўляюцца асацыяцыі з гістарычным лёсам беларусаў, з аднаўленнем і стварэннем дзяржаўнасці, уздымам да ўзроўню сусветнай культуры і вяртаннем у стан стагнацыі.

Этнаграфічная графіка
Акрамя жывапісу, Язэп Драздовіч славуты сваімі графічнымі творамі. І па-першае, гэта «этнаграфічна-краязнаўчая калекцыя, лікам больш за сотні, рысункі графікі вялікага фармату і сшыткаў у дзесяць альбомаў (вага каля пуда) – характарызуючых сабою балотны край  - Піншчыну і Пінскае Палессе: краявіды, забыткі (архітэктура капліц і розных будынкаў, вопратка народная і тыпы жыхароў Палесся)…»

Падштурхоўвае да збору матэрыялаў па традыцыйнай культуры беларусаў Драздовіча вядомы грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху А.Луцкевіч, працягваючы справу брата Івана Луцкевіча па стварэнні Беларускага музея ў Вільно; ў 1926 годзе Беларускае навуковае таварыства накіроўвае Драздовіча на Пінскае Палессе, самую глыбінку Беларусі.

Падчас гэтае камандыроўкі, з пад пяра Драздовіча выходзіць «каля 30 драўляных цэркваў, капліц, звыш 20 палескіх хат, гаспадарчых забудоў, сакральных крыжоў, шмат этнаграфічных рэчаў (драўляная палеская саха для разганяння бульбы, 13 відаў бандарных вырабаў, 16 відаў глякаў, вулей-двухрал, вулей-стаяк, 6 відаў вазкоў, брычкі, …») .

Драздовіч вяртаецца з камандзіроўкі перапоўнены ўражаннямі. Народнае дойлідства, народныя строі, «раскрэсныя» крыжы прыбраныя ў белыя тканіны, уся гэтая прыгажосць будзе надзейна зафіксаваная не толькі ў сэрцы мастака, але і надзейна занатаваная на паперы. Малюнкі, выкананыя алоўкам і тушу, сваім дакументалізмам, выразнасцю, сведчаць пра разуменне задач, што ставіліся перад удзельнікам экспедыцыі. Драздовіч выступае як паслядоўнік беларускага этнографа А.Сержпутоўскага, пазіцыя якога была ва ўзвелічваннні лепшага і тыповага ў культуры Беларусі, не зважаючы на не характэрнае ёй. 

Сярод замалёвак – як і панарамныя малюнкі вёсак і могілак, так і фрагментарныя выявы гаспадарчых і жыллёвых пабудоў, прылады сялянскага побыту, замалёўкі Драздовіча дапамагаюць у дакладным раскрыцці спосабаў канструкцыі, прыёмаў вырабу і аздаблення, яны абавязкова дапоўненыя допісам, дзе пазначана дакладнае месца вырабу, мясцовая тэрміналогія, ды іншыя звесткі, неабходныя для навуковай рэканструкцыі і аналізу.
У малюнках можна вылучыць наступныя группы: краявіды, драўлянае дойлідства, інтэр'ер жылля, сельскагаспадарчыя прылады працы, транспартныя сродкі, рыбалоўства, бортніцтва, ганчарства, народны строй. 

Краявіды выразна перадаюць асаблівасці ландшафту, прыроды, архітэктуры регіёна, іх багацце і разнастайнасць, насычанасць унутраным рамантызмам мастака дае магчымасць дакрануцца да жыцця тагачасных жыхароў Пінскага Палесся, да іх побыту і акаляючага асяроддзя. Алоўкавыя і пёра-тушавыя замалёўкі сядзіб, краявідаў, вуліц, капліц, цэркваў, касцёлаў, хат, гаспадарчых і пабытовых пабудоў даюць магчымасць узнаўлення планіроўкі забудовы беларускай вёскі, перадаюць характэрныя асаблівасці канструкцыі, будаўніцтва і мастацтва народнага дойлідства 19 ст. – пачатку 20 ст.: канструкцыйнае вырашэнне страхі з франтонам, тыповыя агарожы, двусхільныя брамы на ўваходах у цэрквы. Паслядоўна і ўзаемазвязана перадаюцца інтэр'еры вясковых хат.

Шмат малюнкаў прысвечана, міжвулічным крыжам, як сакральнай архітэкруты малых формаў. Міжвулічныя крыжы – адметныя аб'екты калектыўнага шанавання, помнікі маральнага ачышчэння і заступніцтва, у адрозенне ад каплічных і прыхатніх крыжоў, яны багата ўпрыгожваюцца абразамі, ручнікамі і фартухамі, кампазіцыя ўпрыгожвання крыжа супадае часцяком з кампазіцыяй чырвонага кута ў інтэр'еры сялянскае хаты, таксама сістэма ўпрыгожвання крыжа, задрапіраванага вялікімі і малымі фартухамі, асацыюецца з жаночым адзеннем. Паганскія светаўяўленні палешукоў, веру ў цудадзейнасць белых палотнаў намінат, фартухаў, ручнікоў, якімі аздабляюцца металічныя аброчныя крыжы ў адмыслова-выбраныя шчасліва-радасныя альбо тужліва-трывожныя дні паляшучкамі, па гэты дзень пануе сярод беларусаў. Малюнкі з крыжамі і апатрапейнымі тканінамі каштоўныя перш за ўсё раскрыццём семістыкі помнікаў хрысціянства з паганскім зместам.

З выразнай дакладнасцю перададзеныя на малюнках мастака палескія жанчыны, тут выразна бачны не толькі характэрны тыпаж беларускай жанчыны, але ж патрэтныя профільныя і трохчацвяртныя малюнкі даюць магчымасць рэканструкцыі спосабаў завівання пінскай наміткі. Лаканізм, спалучоны з дакладнасцю вымалёўкі ліній крою, узораў арнаменту, складак, дазваляе разабрацца ў архітэктоніцы летняга і зімовага адзення, даведацца пра характары крою, спосабы нашэння, аздаблення арнаментам, пра складальнікі строю для розных пораў года і розных палоў.

Замкавае будаўніцтва ў творчасці Я.Драздовіча
За тры гады – перыяд з 1927 па 1930гг Язэп Драздовіч стварае сем буйных альбомаў графічных серыяў, прысвечаных помнікам замкавага будаўніцтва Заходняй Беларусі 13-16 стагоддзяў. Духоўная і мастацкая змястоўнасць альбомаў вызначаецца сваім накірункам на вывучэнне і даследванне багатай гісторыі свайго народа, папулірызацыі яе сярод суайчыннікаў, у працах праступае заклапочаннасць мастака лёсам вялікай мінуўшчыны народу, што праз безліч суворых падзей была кінутая на скрыжаванне шляхоў з Захаду на Усход і «з варагаў у грэкі».

Асноўныя прынцыпы адлюстравання гістарычных помнікаў ва ўсіх графічных серыях – вынясенне на вокладку альбома галоўнага вобразу-сімвалу гораду альбо мястэчка, альбо панарамы гораду, потым адлюстраванне аб'екту ў розных ракурсах, малюнкі асобных фрагментаў.

Працуючы над серыяй прысвечанай Наваградскаму замку, Драздовіч акунаецца з галавой у працу не толькі мастака, а па-першае даследчыка-гісторыка,  аналізуючы наяўныя археалагічныя і гісторыяграфічныя крыніцы, абапіраючыся на іх, ён робіць уласную рэканструкцыю замчышча, складае ягоны план.

Акрамя мастацкай выразнасці, малюнкі ўстрымліваюць у сабе навуковыя мэты: як мага дакладней зафіксаваць і данесці да гледача гістарычны помнік. На дакументалізм накладваецца шчырае сэрца і ўзнёслая душа мастака, якія надаюць жыцця аб'ектам, даюць магчымасць адчуць тагачасны бег часу, паглыбіцца ў роздумы пра дзеі продкаў, пра пражытое. Застаецца верным мастак і сімвалізму: на адным з малюнкаў прысвечанаму Крэўскаму замку руіны ажывуць у выглядзе таямнічых сфінксаў.



Але пры ўсім пры гэтым малюнкі Драздовіча не напоўненыя павялічаным рамантызмам і ідэялізацыяй, загадкавасць гісторыі, звязаная з сучаснасцю, паўстае побач, дакладней сярод звычайнай штодзённай заходнебеларускай рэчаіснасці, менавіта так, як яны паўстаюць перад вачыма мінака, замкі паўстаюць велічнымі сведкамі мінуўшчыны не па-над шэрымі маленькімі хатамі, а сярод іх, быццам зрасліся яны з гэтымі сялянскімі хатамі, краявідамі і ландшафтамі, і сувязь іхняя ёсць неразрыўнай.

У гэтай галіне творчасці Язэп Драздовіч паўстае перад намі не толькі як мастак, але і як руплівы навуковец. Праца ў гістарычным накірунку выяўляе ягоную схільнасць да асветы, жаданне данесці да сучаснікаў веліч і багацце мінуўшчыны сваёй Радзімы.  Выкарыстоўваючы гістарычныя тэмы ў сваіх творах, звяртаючыся да традыцый дойлідства і культуры, падымаючы ў сваіх творах вялікі пласт гісторыі, Драздовіч пры гэтым імкнецца пазбягаць усяго трагічнага і цёмнага, бо лічыць, што «у мінулым тэба шукаць агонь, а не попел. Тое, што распроствае народны дух, прыгнечаны няволяй».
Усе тыя часткі гісторыі, што сведчылі пра лепшае, светлае, пра годнасць, адвагу і мудрасць, праз паэтызацыю і ўзвышэнне, ён спрабуе зрабіць частку сваёй сучаснасці, дзеля захавання у народа гістарычнай памяці, бо адсутнасць памяці цягне за сабою і адсутнасць будучыні.

ФУТУРЫСТЫЧНЫЯ ВІЗІІ Я.ДРАЗДОВІЧА

Касмалагічная творчасць

Язэп Драздовіч першы беларускі мастак, што звяртаецца да тэмы космаса ў сваёй творчасці, на вялікі жаль дамінуючай, гэтая тэма у ягоным мастацтве не стане, але прагу да касмічных глыбінь Сусвету Драздовіч пранясе праз усё жыццё, у ёй ён праявіць себя як літаратар і даследчык, на свет з’явіцца першая на Беларусі кніга па астраноміі “Нябесныя бегі”, у 1930-я гады ён адышле ў Акадэмію Навук рукапіс працы “Гармонія планетаў Сонечнай сістэмы”, напрыканцы 1940-х ім будзе напісаны шэраг артыкулаў на касмічныя тэмы і манаграфія прысвечаная роздумам над рухам планет “Тэорыя руху ў касмалагічным значэнні”.

Яшчэ пад час навучання, падлетак Язэп раскажа маці пра знакі планет і нябесную сферу, намаляваную на скляпеннях Віленскай бібліятэкі, у адказ на гэты захаплёны дзіцячы аповед маці скажа яму вучыцца і пазнаць нябесныя бегі, бо ці ня ёсць светапабудова найвялікшай з таямніц, ці не гэты наказ, падтрымліваў яго пад час сваёй такой недарэчнай і крыху вар’яцкай на той час цікаўнасці да космасу.

Першыя касмічныя падарожжы Я.Драздовіча адбываюцца пад час вайсковай службы, іх ён апісвае ў сваіх лістах у газету “Наша Ніва”. Жывапісным і графічным працам будуць папярэднічаць пісьмовыя занатоўкі самнамбулічных сноў, дбайна і рупліва Драздовіч будзе фіксаваць на паперы на пачатку пісьмовыя апісанні сваіх блуканняў па планетах, потым гэтыя падарожжы ўвасобяцца ў малюнках.

“Раблю гэта не дзеля забавы і тшчэслаўя, а дзеля навукі. Хто гэтаму не верыць, хай праверыць праз тэлескопы, і я пэвэн, што бальшыну таго, што мной апісана, убачыць як на далоні” – піша ён у сваім дзённіку. 

У свае вандроўкі па планетах Драздовіч выпраўляецца спакойна і будзёна нібы на пагасціны да свайго сябра. Па вечарох нецярпліва чакае наступнага падарожжа, як мажлівасці пакінуць цесную непрыдатную для нармальнага жыцця каморку і пабрысці па далёкіх прыгожых планетах, дзе існуюць незнаёмыя краіны з таямнічымі краявідамі, дзіўнымі жыхарамі, незвычайнымі раслінамі і жывёламі. Уважліва назірае і фіксуе потым ўбачанае, так як калісьці ён фіксаваў і апісваў палескія строі і  пабудовы, і не забываецца дапоўніць яго навуковымі ведамі.  Мастак спадзяецца, што ў хуткім часе астраномія будзе займацца не толькі адлегласцямі паміж планетамі, іх масамі, а звернецца да іх геаграфічных уласцівасцяў, вывучэння клімату, жыццёвай арганізацыі і іхніх насельнікаў.

Драздовіч пераносіць на халсты касмалагічныя візіі нібыта ў спробе матэрыялізаваць у іх свае мары пра гарманічнае зямное жыццё: пад час суцэльнага закрыцця беларускіх школак на Усходніх крэсах узнікае “Марсіянская школа пад адкрытым небам”, у сябра Р.Яхімовіча Віленскі магістрат забірае майстэрню – у Драздовіча  з’яўляецца горад Артаполіс – горад мастацтва, дзе знойдзецца месца для ўсіх мастакоў і творчаў.

На касмічных палотнах Драздовіча пануе адвечны спакой, там зацішша ў садах, моры без штормаў, адданасць і прывязанасць да рэальнага жыцця адбіваецца на ягоных палотнах. Краявіды касмічных візій падобныя на тыя, што былі створаныя падчас яго вандровак па Беларусі. Гэтак жа сама, не выказваючы свайго стаўлення і пачуццяў, паказвае ён іх гледачу, падобнасць да беларускіх краявідаў падкрэсліваецца самім аўтарам.

Зараз імя Драздовіча есть у міжнародным астранамічным каталогу, а часопіс «Зямля і сусвет» пры расійскай Акадэміі навук піша : «Калі б працы Драздовіча былі апублікаваныя ў 1930 годзе, то яны былі б не менш цікавыя для гісторыі астраноміі, чым вядомая ў той час касмалагічная тэорыя Джефрыса-джынсу».

Маляваныя дываны
У сталыя гады  паралельна з касмічнымі творамі, Драздовіч будзе займацца “аздабленнем” сялянскіх хацін маляванымі дыванамі, гэты накірунак сваёй творчасці ён разглядае як магчымасць выхавання ў народа пачуцця прыгожага.

Маляваныя дываны ў перадваенныя і пасляваенныя часы былі амаль у кожнай сялянскай хаце, разам з эстэтычнай і аздабленчай функцыямі, яны найперш выконвалі ролю сямейнага абярога, што пераносіў невыносна цяжкае сялянскае жыццё ў чароўныя казкі.

Першы раз Язэп Драздовіч сустракаеца з вырабленнем дываноў, будучы ў гасцях у свайго сябра Янкі Пачопкі ў Летніках. Пачопка, выкарыстоўваючы моду на маляванкі, спрабуе такім чынам зарабіць на жыццё ў беспрасветным беспрацоўі. Тады, дапамагаючы сябру, Драздовіч яшчэ не ведае, што ён стане ледзве не першым прафесійным мастаком, малявальшчыкам дываноў, што будзе прыкладам для вялікай колькасці паслядоўнікаў на роднай Дзісеншчыне.

Маляванне дываноў, да якога ў першыя часы Драздовіч ставіцца не сур’ёзна, дасць яму магчымасць не толькі заробку, але і стане спосабам рэалізаваць ягоныя педагагічныя і адукацыйныя памкненні і здольнасці. “Ад месяца ліпеня аж да канца верасня аддаўся дзеля развіцця ў народзе мастацкага, эстэтычнага пачуцця і размалёўваю для тых, хто запросіць, на простым вясковым саматканым палатне рознаўзоравыя дываны з месячнымі пейзажамі на асяродках” – так напіша ён у сваім дзённіку. Да таго, заказы на дываны будуць задавальняць ягоную патрэбу ў падарожжах. Ходзячы ад хаты да хаты, ад вёскі да вёскі Драздовіч не абмінае магчымасці пільна аглядаць ваколіцы, распытваць тубыльцаў пра мінулыя часы, шукаць і занатоўваць курганы-валатоўкі, сляды паганскіх могілак і старажытных паселішчаў. Прыходзячы на заказ у хату малюяваць дываны, мастак улучае магчымасць і вяскоўцам чытаць лекцыі пра небазнаўства і тлумачыць ім пры дапамозе спадручных сродкаў бег планет і зорак.

Сюжэты, што пераважаюць у Драздовіча  - ў асноўным ўяўляюць сабою начныя выявы старажытных замкаў, краявіды Беларусі абвітыя ліанамі кветак, садавіны, лісця альбо матылёў – “пераносіў на палатно штосьці з бачанага наўкол. Яшчэ тое-сёе падказвала ўяўленне. Маляваў старое гарадзішча, замак над возерам, стары млын, бачаны на Дзісенскай дарозе. На іншых яго дыванах дзяды-цымбалісты на лясной паляне самазабыўна ігралі нешта велічна-журботнае, можа, кантату пра адважных і мудрых палачан, пра далёкіх продкаў…”.

Дываны Драздовіча вылучаюцца багаццем фантазійных думак. Магчымасць паказаць вяскоўцам часціны сваёй душы, казачныя, мала каму разумелыя, яны чаруюць і паўстаюць варотамі ў невядомы чароўны Сусвет, іх можна параўнаць з тэлевізарамі, на гэта наводзіць звычайна авальнае здабленне сюжэту, але некаторыя медальёны маюць выгляд падобны на замочную скважыну ў якую глядач употайкі мае магчымасць зазірнуць у нешта яму далёкае але неверагодна роднае.

Драздовіч пашырае магчымасці дывановай кампазіцыі, ён уводзіць у яе пейзаж, жанравыя і анімалістычныя вобразы, пры гэтым не парушаючы традыцыйную карцінку, так рамантычны пейзаж ніяк не пярэчыць традыыйнаму кветкаваму арнаменту, але ягоная вытанчанасць супадае з народнай прагай чыстай прыгажосці.

Майстэрства Драздовіча, ягоная фантазія ў спалучэнні з асаблівасцямі народнай традыцыі стварыла чарговую старонку унікальнае беларускай культуры. Вярнуўшыся ў занябыце да народнай культуры, Драздовіч не раствараецца ў ёй, цалкам захоўвае адначасова і ейныя законы паэтыкі і сваю вобразнасць і індывідуальнасць.

У нялёгкі для сябе час, журботы, адзіноты і жабрацтва натуральны летуценнік Я.Драздовіч не апускае рукі. Пра гэтае сведчаць ягоныя уцёкі на іншыя планеты, передадзеныя нам у дакладных малюнках і апісаннях. У карцінах прысвечаных Месяцу, Марсу альбо Сатурну адлюстроўваў мастак сваё разуменне чалавечага шчасця і суцэльнай гармоніі. Палёт ягонай фантазіі за мільёны кіламетраў ад Зямлі будуе новае, неверагоднае жыццё, поўнае святла і прыгажосці. Разам с касмалагічным накірункам творчасці неадрыўна ідзе праца над дыванамі, на той момант, гэта амаль што адзіная магчымасць заробка, але і яе Язэп Драздовіч выкарыстоўвае, як магчымасць педагагічнай працы, магчымасць развіцця эстэтычнага густу ў простага селяніна. Калі касмалагічныя палотны ўтрымліваюць толькі, тое, што было пабачанае на другіх планетах пад час астральных падарожжаў, дываны ўвабралі ў сябе і палёт фантазіі, і ўспаміны пра ўбачанае на Беларусі, і элементы народнай традыцыйнай культуры. Але калі касмалагічныя візіі – гэта толькі спроба Драздовіча наблізіць  да гледача вядомы яму сусвет, то дываны – прамая прапанова далучыцца да падарожжаў. 

Усё жыццё мастака – няспынная вандроўка з пошукамі ідэяльнага Сусвету, які ён ня можа не адлюстроўваць у сваіх занатоўках і малюнках. “Знаёмых маю каля тысячы, паспявай толькі раскланьвацца ды вітацца, а пагасціць няма дзе, няма ў каго…” – запіс у дзённіку за першае студзеня 1933 году, але як здаецца гэты запіс трапна апісвае ўсё ягонае жыццё.

Часцяком творы Драздовіча папікаюць залішняй дакладнасцю, разумеючы яе як недасканалае майстэрства творцы, але ці не ўроджаны педагагічны талент патрабуе гэтай дакладнасці, патрабуе данесці да людзей жывы натуральны выгляд маўклівых сведкаў гісторыі. Наколькі скрупулёзна занатоўвае ён сваё жыццё, настолькі ж дакументальны ён у сваіх творах, незалежна ад таго ці тычацца яны фантастыка-касмічных візій, што прыходзілі да яго пад час астральных падарожжаў, ці хацінаў, жанчын у нацыянальных строях, курганоў-валатовак, што сустракаліся яму пад час зямных вандровак.

Перманентная патрэба ў падарожжах і цяжкае безпрасветнае жыццё выльецца ў Драздовіча ў астральныя падарожжы па іншых планетах і выяўленчую дзейнасць па іх фіксаванню. Дзейнасць Драздовіча ў дадзеным выпадку выглядае спробай уцёкаў ад рэчаіснасці, што вымушае мастака перагледжваць вядомыя яму светапоглядныя асновы і жыццёвыя веды, і ствараць на іх аснове новыя; біблейская міфалогія, гісторыя, астраномія, тэорыя эвалюцыі, усё гэта будзе пераасэнсаванае ім і сінтэзаванае ў адну вялікую мару пра шматлікае жыццё у Сусвеце. І гэта будзе адчайнай раматычнай спробай адолець сваю асабістую адзіноту праз  ліквідацыю ідэй унікальнасці чалавечае культуры і стварэнне адпаведных ёй культур на іншых планетах. 

Як непроста было яму жыць, мала кім зразумелы, стомлены ад нястачы матэрыяльнай і духоўнага болю за краіну, з хаты да хаты бадзяўся ён па краіне, пакідаючы пасля сябе сляды каляровымі дыванамі, разнымі фігуркамі і кіямі, патрэтамі, пейзажамі і касмічнымі трызненнямі. Пры ўсіх сваіх талентах, асабліва ў апошнія гады жыцця, творчасць творцы не была запатрабаваная шырокімі коламі грамадскасці, шмат у гэтым адыграла і не адпавядальнасць уяўленням пра мастацтва пануючай савецкай ідэалогіі, незапатрабаваны ў гэтай сферы, адышоўшы ад колаў нацыянальнай інтэлігенцыі, Драздовіч вымушаны быў вярнуцца ў народную культуру, так атрымалася, што на той момант гэта будуць адзіныя адданыя спажывальнікі ягонага таленту і якім дзіўным чынам творчасць Драздовіча ўплялася і стала неадрыўнай часткай народнай культуры. Прызнанне да майстра прыдзе праз 20 год апасля ягонай смерці, вялікая частка ягонай спадчыны страчаная, але і тое, што засталося прымушае нас спазнаць веліч і моц таленту вечнага вандроўніка.

 

 Часть фотографий картин взята отсюда: http://drazdovich.by/ru/gallery/all

 

Читайте еще