Могілкі Цна

Могілкі Цна ўяўляюць сабой звычайныя былыя вясковыя могілкі, дзе да падзення Расійскай імперыі хавалі пераважна праваслаўных сялян. Пазней яны сталі гарадскімі і там сталі з'яўляцца пахаванні свецкага тыпу (без рэлігійных атрыбутаў). Таму правільна было б назваць іх змешанымі.


Яны займаюць невялікі ўчастак ўздоўж вуліцы Зялёналужскай недалёка ад МКАД. Адносяцца да абмежавана-дзеючых могілак: там хаваюць з дазволу адміністрацыі Паўночных могілак, як правіла, у форме падхавання да ўжо пахаваных сваякоў.

Могілкі Цна захавалі частку гісторыі Беларусі, якую могуць распавесці даследчыкам і цікаўным. Так там ёсць пахаванні адносна маладых людзей і зусім юных, якія скончылі жыццё падчас Першай сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны.

 

Здзіслаў Славінскі. Пахаванне з эпітафіяй на польскай мове. Рэдкая з'ява для былых вясковых праваслаўных могілак.

Магіла Агафіі Бацянавай. Пахаванне 1905 г. На могілках часта сустракаюцца прозвішчы Бацян / Боцян і Няхайчык.

Казімір Няхайчык. Яшчэ адно пахаванне дарэвалюцыйнага часу.

Сцяпан Жукоўскі і яго сястра Сідзякіна-Жукоўская пахаваныя тут, паводле кнігі З. Пазняка «Курапаты», згубілі сваіх бацькоў, якіх расстралялі ў Курапатах падчас сталінскіх рэпрэсій. Цікава, што згодна звесткам Пазняка, якія ён атрымаў ад Сідзякінай-Жукоўскай забіў іх мясцовы жыхар, супрацоўнік НКУС Рыгор Бацян, які паводле яе слоў сам так сцвярджаў.

Р. Бацян памёр ці скончыў жыццё самагубствам ў 1954 г. Калі верыць даследчыку сталінскіх рэпрэсій Леаніду Маракову, то яго смерць магла быць эпізодам з хвалі масавых самагубстваў удзельнікаў сталінскіх рэпрэсій у першыя гады пасля смерці Сталіна. Многія з іх баяліся па-за судовай расправы ці катаванняў і самі накладалі на сябе рукі.

На гэтых могілках ёсць пахаванне іншага Рыгора Бацяна, які памёр ці загінуў у 1916 г. Але магчыма міліцыянер Рыгор Бацян таксама пахаваны на адных могілках з дзецьмі тых, каго асабіста расстраляў.

Ёсць тыя ад каго засталося толькі імя...

... І тыя, ад каго нічога не засталося акрамя «вечнай памяці».

Могілкі Цна захвалі шмат мінулага. Але ў свабодным доступе знайшлася інфармацыя толькі пра Жукоўскіх, і толькі таму, што ім «пашанцавала» стаць ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Між тым на сайтах рытуальных паслуг нават памылкова даецца год заснавання могілак – 1944. Таму даследчыкам гісторыі яшчэ шмат чаго могуць распавесці Цнянскія могілкі.

А.В. Берастоўскі


Дадатковая інфармацыя:
Могілкі Цна. Таямнічы ўзгорак//Блог Андрэя Берастоўскага, доступ: http://berastouski.blogspot.com/2016/07/1.html і http://berastouski.blogspot.com/2016/07/2.html
З. Позняк Куропаты. 10 лет спустя, доступ: http://katyn.ru/index.php?go=Pages&in=view&id=595
Могілкі Цна//Некропалі Беларусі, доступ: http://niekropali.by/katalog/mogilki/2309

Читайте еще