минск
Минск старый и новый
минск: старый и новый
 

Вуліца Берсана (у мінулым Трубная)

Уверх ад вуліцы Мяснікова на галоўную магістраль горада падымаецца вуліца Берсана, у мінулым Трубная. Працягласць 340 м. У сярэдзіне XIX ст. тут праходзіла мяжа старога горада, адзначаная рэшткамі землянога вала, які цягнуўся далей праз цяперашні праспект Незалежнасці (раней Ф.Скарыны) да вуліцы Свярдлова. Земляны вал быў зраўняны, і ўздоўж яго высаджаныя ліпы, якія дасягалі выключнай магутнасці і рэдкай прыгажосці. У канцы XIX ст. гэта былі месцы пагулянак і адпачынку. Пры новай забудове ў 1960-я гады ліпы былі спілаваныя. Вуліца забудаваная дамамі, што не ўтвараюць адзінага ансамбля.

Цяперашні назоў вуліца атрымала ў 1922 г. у гонар наркама па справах нацыянальнасцяў Заходняй вобласці і фронту, а затым наркама Дзяржкантролю Літоўска-Беларускай ССР Станіслава Ігнацьевіча Берсана (1895-1919), расстралянага польскімі легіянерамі. У 1917 г. Берсан С.І. быў намеснікам старшыні Мінскага Савета, камісарам ВРК Заходняга фронту. З лістапада 1917 г. - наркамам па справах нацыянальнасцяў Аблвыканкамзаха. У 1918 - 19 гг. - старшыня Мінскага ваеннага савета. (Аднак, у самім Мінску знаходзіўся толькі 2 месяцы).



Фота Валажынскага У.Г., жнівень 2007 г.На вуглу Берсана і Мяснікова, 39 - Міністэрства замежных справаў. Справа - будынак Мінскпраекта і Белгіпрагандля.



Мінскпраект. Фота Валажынскага У.Г., красавік 2008 г.



Рэканструкцыя старога будынка, які, мабыць, належыць рэстарану "Папараць-Кветка".
Фота Валажынскага У.Г., красавік 2008 г.


Ніжэй прыведзеныя ўспаміны аб Берсане. Іх аўтар - Вацлаў Солскі, польскі сацыяліст, сябра мінскага Савета працоўных і салдацкіх дэпутатаў.

Польскае Сацыялістычнае Аб'яднанне адыграла вялікую ролю ў кастрычніцкім перавароце ў Заходняй вобласці. "На чале Аб'яднання стаяў фармальна Стэфан Хельтман, які калісьці, задоўга да рэвалюцыі, быў чальцом ППС, але потым з яе выйшаў. Фактычным жа кіраўніком Аб'яднання быў Станіслаў Берсан, які ніякіх стасункаў з рэвалюцыйным рухам раней не меў.

Ён быў вельмі выдатны чалавек у шматлікіх адносінах. Паходзіў  ён з вядомай варшаўскай сям'і банкіраў і выхоўваўся за мяжой, у Швейцарыі і ў Францыі. У 1917 году яму было каля 35-ці гадоў. Я яго сустракаў у Мінску яшчэ ў 1916 году. Ён быў тады малодшым унтэр-афіцэрам у аўтамабільнай частцы ў Мінску, валодаў вялікімі сродкамі і жыў на шырокую нагу. Начальнік часткі, у якой ён служыў, нейкі капітан, атрымліваў ад Берсана дарагія падарункі і быў у яго стала ў пазыках. Дзякуючы гэтаму  Берсан рабіў што жадаў і ваеннай службай не вельмі стамляўся. Ніякіх рэвалюцыйных намераў у 1916 годзе ў яго не было Ніякіх рэвалюцыйных намераў у 1916 году ў Берсона не было, але я памятаю, што ён аднойчы прасіў мяне даць яму пачытаць якія-небудзь кнігі "сацыялістычнага зместу". Ён вярнуў іх мне вельмі хутка і сказаў, што спрабаваў чытаць, але не мог: "Вельмі сумна, я не знайшоў у іх таго, чаго я шукаў". Ён так і не сказаў мне, чаго ён шукаў у кнігах, якія я яму даў. Але ў іншы раз ён мне распавёў, што ў Швейцарыі або ў Францыі, яшчэ ў гімназіі, ён пазнаёміўся з нейкім сацыялістам, ідэі якога яго зацікавілі. Гэта быў, мабыць, адзіны судотык Берсана з сацыялізмам да рэвалюцыі.

Аднак ён быў чалавек надзвычай энергічны і па-свойму шчыры. Ён адразу ж стаў на пазіцыі крайняга "рэвалюцыянізму", што не ўкладаўся ні ў якія існыя партыйныя рамкі. Ён быў, па тагачасным лятучым выразе, "лявей разумнага сэнсу", папракаў Кнорына і іншых бальшавікоў у згодніцтве і ў рэакцыйнасці. Яны звычайна адказвалі яму смехам, бо спрачацца з Берсаном не прыходзілася: ён не валодаў тады нават мінімумам неабходных для рэвалюцыянера або нават проста палітычнага дзеяча ведаў. Але сваю палітычную непісьменнасць ён хутка зжываў: стаў чытаць па начах палітычныя брашуры і рэгулярна чытаў газеты, чаго раней, да рэвалюцыі, ніколі не рабіў…

Я думаю, што крайняя "рэвалюцыйнасць" Берсана тлумачылася яго прымітыўнасцю. Ён не ўмеў і не жадаў паглыбляцца ні ў якія пытанні, бачыў ва ўсім толькі чорнае альбо белае. Але ён быў чалавекам далёка не дурным і давёў сваю адданасць рэвалюцыі ў момант сваёй смерці. Ён быў арыштаваны салдатамі польскага войска генерала Доўбар-Мусніцкага… Войска генерала Доўбар-Мусніцкага складалася з палякаў, што былі раней у рускім войску. У лютым 1918 года (1919 на самай справе), за некалькі дзён да наступу немцаў, Доўбар-Мусніцкі заняў Бабруйск, Барысаў і некаторыя іншыя гарады блізу Мінска. Берсан быў затрыманы атрадам гэтага войска па дарозе з Мінска ў Маскву. Разам з ім былі затрыманыя некаторыя іншыя польскія сацыялісты, у тым ліку і такія, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Але яны былі тут жа вызваленыя. Што датычыцца Берсана, то ён звярнуўся з прамовай да арыштаваўшых яго салдат і афіцэраў, у якой ён дводзіў, што яны, як контррэвалюцыянеры, павінны яго расстраляць. Паводле аповедаў відавочнікаў. Ён тут жа і быў расстраляны, прычым да апошняга моманту ён працягваў сваю прамову. Тых, што арыштавалі яго, больш за ўсё абурыла тое, што Берсан сказаў ім, што, калі б яны, "польскія контррэвалюцыянеры", трапіліся яму раней у рукі, то ён загадаў бы іх расстраляць без услякага суду". (стар.44-45)

"… у другой палове верасня, Польскае Сацыялістычнае аб'яднанне пачало нарэшце выдаваць сваю ўласную штодзённую газету, якая называлася "Польская Праўда". Мы доўга спрачаліся адносна назвы. Яна была прапанаваная Берсанам, матывіроўка назвы была такая: трэба паказаць што ў нас, польскіх сацыялістаў, ёсць "свая" праўда, трэба супрацьпаставіць "Польскую Праўду" бальшавіцкай "Праўдзе". Што датычыцца грошай на выданне газеты, то яны цалкам і поўнасцю былі дадзеныя тым жа Берсанам. Так, прынамсі, ішла справа напачатку. Берсан даў грошы на першыя 15-20 нумароў, потым, здаецца, ён атрымаў нейкія грошы ад мінскага Савета". (стар. 134)

"Рэдактарам стаў Берсан і ён жа пісаў перадавыя артыкулы, роўна як і шмат іншых артыкулаў у кожным нумары. Але яго артыкулы давялося перарабляць і выпраўляць. Апынулася, што ён па-польску піша дрэнна, робіць граматычныя і арфаграфічныя памылкі. Тлумачылася гэта тым, што вучыўся ён, галоўным чынам, за мяжой". (стар. 134)

Крыніца: [87] - Вацлав Солский "1917 год в Западной области и на Западном фронте", научный редактор С.Н.Хомич, серия "История Беларуси в архивных документах", Мн. "Тесей", 2004 г.




On-line консультант ICQ: 307-564-319 (Уладзiмер)
On-line консультант ICQ: 232-026-109 (Вера)

© Валожынскiй У.Г., 2003 - 2008 гг. Усё правы абароненыя. Любое выкарыстанне фатаграфiй дадзенага праекту без узгаднення з аўтарам праекту (minskoldnew@mail.ru) будзе пераследвацца па законе.

главная страница добавить в избранное карта сайта электронная почта
бел | рус | de | en | sh