Лошыца
Сядзіба ў Лошыцы – [30].
І сам Лошыцкі парк, і пабудовы, якія захаваліся, – ўсё прасякнута духам даўніны. Унутры сядзібы захаваліся ляпныя столі, кафельныя печы, сцяна з чырвонага дрэва з патаемнымі дзверцамі, веранда, адкуль было відаць раку. З гаспадарчых пабудоў – лядашчы, з амшалымі сценамі будынак бровара (час пабудовы якога адносіцца да XVIII стагоддзя: з 1896 года – бровар, а да нядаўняга часу там знаходзіўся жылы дом), разваліны млына з чырвонай цэглы. Ад капліцы, у якой хавалі памерлых гаспадароў, засталася толькі сцяна. Была тут і ўласная стайня, якая згарэла.
Першая сядзіба была закладзена напрыканцы XV стагоддзя, што пацвердзілі археалагічныя раскопкі ў ліпені 2001 года. Драўляны флігель з вежкай, ганачкам і разнымі грымсамі адносіцца да пазнейшага перыяду. Тут жыла прыслуга.
Маёнтак Любанскага (апошняга гаспадара Лошыцы) быў даволі вялікім. У 1917 годзе ў ім жыло (разам з гаспадарамі) 88 чалавек.
Першы пісьмовы ўспамін аб Лошыцы гісторыкі звязваюць з 1557 годам. Паводле старажытных летапісаў, тады тут, уздоўж плыні рэк Свіслач і Лоша, размяшчаўся Лошыцкі Двор князя Талачынскага, Сухая Лошыца князя Адзінцова, Лошыца Гарнастаеўская і іншыя сядзібы. Пазней тутэйшымі землямі валодалі князі Друцкія-Горскія, нашчадкі самога Усяслава Чарадзея, а напрыканцы XIX стагоддзя Лошыца перайшла да Прушынскіх.
Маёнтак у Лошыцы, малюнак Ю. Пешкі.
Каралеўскі генерал-ад’ютант, кавалер шматлікіх польскіх ордэнаў, Станіслаў Прушынскі ператварыў старую сядзібу ў агромністую рэзідэнцыю. У гэты час тут пабывала вялікая колькасць высокіх гасцей, у тым ліку апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі і расейскі імператар Павел І. Крыху пазней у цяністым Лошыцкім парку нярэдка гулялі па алеях пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, кампазітар Станіслаў Манюшка і іншыя вядомыя людзі таго часу.
Аб некаторых прадстаўніках роду Прушынскіх можна пачытаць тут (пакуль старонка не гатова, магчыма, з’явіцца ў сакавіку).
Але найвялікшая слава прыйшла да Лошыцы пры Яўстафіі Любанскім, прадстаўніку жаночай лініі Прушынскіх. Новы ўладальнік сядзібы і парка меў дужа шырокае кола інтарэсаў. Акрамя актыўнай гаспадарчай і дзяржаўнай дзейнасці, ён “забаўляўся” тым, што спансіраваў няўдалы замах на мінскага губернатара Курлава і папулярызаваў… веласіпеды. Улетку дарожкі каля сядзібы пераўтвараліся ў пляцоўкі для выступленняў менскіх веласіпедыстаў, таварыства якіх узначальваў сам Яўстафій Любанскі. Акрамя таго, гаспадар лошыцкай сядзібы ўзбагаціў тутэйшы парк, дзе пазней праводзіліся ўнікальныя эксперыменты па скрыжаванню разнастайных драўняных раслін. Першыя флянсы для яго спецыяльна заказваліся з розных краін дзякуючы пану Любанскаму. Таму зараз тут можна ўбачыць маньчжурскі арэх, горную і крымскую сасну, сібірскую піхту, магнолію… Гавораць, што Яўстафій Любанскі спецыяльна для сваёй жонкі прывёз з Японіі магнолію кобус.
Гэта дрэва, згодна з легендай, расцвітае ў Дзень нараджэння маладой пані.
Большасць дрэў уражвае сваёй магутнасцю: двух-, трохствольныя, у тры абхваты і шырэй. Сустракаюцца рэдкія экземпляры: малады пладаносны маньчжурскі арэх пасярод пня-волата, дрэва, укаранелае ў паваленым ствале. Жыццёвая сіла большасці з іх проста здзіўляе. Напрыклад, на дзве трэці разбураны пень працягвае жывіць ствол агромністага дрэва, якое вырасла на ім. Само месца, з якога гэты ствол расце, нагадвае карані, якія спаўзаюць па кары ўніз. Калі распілавалі старую ліпу, паваленую ветрам, і падлічылі колькасць кольцаў, выявілася – дрэву не менш за 240 гадоў.
Акрамя ўсяго іншага, ёсць яшчэ ў Лошыцкім парку так званы заручальны дуб. Як успамінае ўнучатая пляменніца апошняй гаспадыні сядзібы, з незапамятных часоў сюды прыходзілі прасіць здароўя, кахання, сяброўства, творчага натхнення. Адным словам, каму што трэба. І ўсе жаданні (асабліва калі гаворка ідзе аб творчасці) дуб да нашага часу здзяйсняе спраўна.
Галоўная алея парка, 1998 – [14].
Гісторыкі і археолагі ўстанавілі яшчэ адну ўнікальную асаблівасць парка: каля 10 тысяч гадоў назад тут праходзіла мяжа, на якой спыніўся апошні ледавік. Таму ў гэтых мясцінах наглядаецца 32 глебавыя разнастайнасці і больш за 400 біялагічных відаў (дрэваў, кустарнікаў, насякомых, жывёл і птушак).
Навакольны краявід незвычайна прыгожы. Узвышшы, якія адкрываюць погляду шырокую перспектыву – зялёныя лугі, звілістую рэчку, абрывы і нізіны з балотцамі, паросшымі чаротам.
У 37 гадоў Любанскі ажаніўся. Яго выбранніцай стала дваццацігадовая дачка главы мозырскай шляхты Ядвіга Кіневіч. Красуня Ядвіга была жанчынай шчодралюбнай і паспявала строіць вочкі шматлікім знатным мужчынам. Ёсць звесткі, што сярод іх апынуліся і менскі губернатар Мусін-Пушкін, і гарадскі галава граф Караль Эмерык Чапскі. Вось толькі верыцца ў гэта з цяжкасцю, бо абодвум паклоннікам прыгажосці гаспадыні Лошыцы ў гэты час было каля 70 гадоў. Да таго ж мясцовыя жыхары расказваюць, што Ядвіга воспалала гарачым пачуццём зусім не да іх, а да прыгожага маладога чалавека (ці то да гусара, ці то да простага панскага служачага).
Ядвіга Любанская, 1898г. – [58].
У 1905 годзе тут адбылася наступная падзея. У свой Дзень нараджэння (а пан Любанскі вельмі любіў рабіць яркія святкаванні) пані сустрэла прыгожага маладога чалавека, які закружыў ёй галаву. А праз два месяцы здарылася трагедыя.
Што здарылася ў тую ноч, дакладна невядома. Вядома толькі, што сярод ночы Ядвіга Любанская спусцілася па абрывістаму берагу да ракі (сцяжынка захавалася і да сённяшняга часу) і, хутчэй за ўсё, села ў лодку. Раніцай апошнюю гаспадыню Лошыцкай сядзібы знайшлі ўжо мёртвай недалёка ад перавернутай пасудзіны.
Па некаторых меркаваннях красуня-жонка ўтапілася ў Свіслачы з-за таго, што аб яе любоўным рамане папаўзлі чуткі па ўсім горадзе, і Ядвіга не вынесла ганьбы. Па другіх даных, Ядвіга ўжо чакала ад свайго каханага дзіця. Зразумела, Яўстафій вынесці гэтага не змог бы…
Пан Любанскі моцна перажываў трагедыю. Ён загадаў замураваць акно ў комнаце Ядвігі цэглай (навошта?), пакінуў свой маёнтак, усе справы і пераехаў жыць на Каўказ, дзе неўзабаве і памёр.
Ядвіга ж, відаць, пакідаць Лошыцкія ўладанні не збіраецца. Аб белым прывідзе, які з’яўляецца ў поўню, расказваюць не толькі бабкі-пляткаркі, але і людзі сур’езныя, напрыклад, намеснік дырэктара Лошыцкай садова-паркавай гаспадаркі Яўген Рыгоравіч Церахаў: “У красавіку, калі поўня супадае з перыядам цвіцення рэліквіі Лошыцкага парку – маньчжурскага абрыкоса, с 10 да 11 гадзін вечара на фоне луны з’яўляецца надзвычай выразны сілуэт жанчыны ў шырокай белай вопратцы. А не далей як у 2003 годзе, у пятніцу 13-га, напярэдадне Янова дня, які бывае прыкладна раз у 70 гадоў, каля месца зліцця Лошыцы і Свіслачы таксама з 10 да 11 вечара сілуэт белай дамы лунаў над вадой. Як гавораць у народзе: на млынах чорты водзяцца. Не сталі выключэннем і лошыцкія млыны (а было іх два). Бачаць чарцей звычайна тыя, хто даволі добра прыняў на грудзі. Але бачаць іх толькі аднойчы. Пасля сустрэчы п’янчугі з чортам яшчэ раз, першага знаходзяць раніцай мёртвымі”. На памяці Яўгена Церахава выпадкаў, калі п’яных раніцай знаходзілі мёртвымі, і менавіта на развалінах млыноў, набярэцца ўжо з дзесятак.
Каля дзесяці гадоў таму вартаўнік Лошыцкага садова-паркавага комплекса падняў на вушы ўсё наваколле. Ён сцвярджаў, што асабіста сустрэў маладую пані ў старадаўняй вопратцы, якая гуляла каля чатырох гадзін раніцы пад маньчжурскім арэхам недалёка ад захаванай часткі капліцы.
Рымска-каталіцкая капліца ў імя Нараджэння Пані Марыі, 1998г. – [14].
Месца там “нячыстае”. Яшчэ пры Прушынскіх у Лошыцы была адбудавана рымска-каталіцкая капліца, дзе знаходзіўся фамільны склеп гаспадароў.
Капліца, другая палова XVIII стагоддзя – [58].
У 1935 годзе ўзарвалі непатрэбнае збудаванне, а свінцовую труну з рэшткамі Ядвігі Любанскай з могільніку адправілі на переплаўку для акумулятараў машынна-трактарнай станцыі. Рэшткі нябожчыцы, як і другіх прадстаўнікоў дынастыі Прушынскіх, пры гэтым былі пахаваныя недалёка ад капліцы, а потым разрабаваныя.
Падчас сталінскіх рэпрэсій тут, у агароджанага калючым дротам Чорнага яра, часта чуліся стрэлы і стогны людзей. Дакладна вядома, што ў былым доме млынара савецкія чэкісты арганізавалі школу па падрыхтоўцы сваіх дыверсійных брыгад. Ў час вайны ў Лошыцы размесціліся важныя фашыстскія чыны…
У 1946 – 1947гг. тут, у сядзібе Лошыцкага парка, знаходзілася Упраўленне місіі ЮНРРА, якое займаецца гуманітарнай дапамогай пацярпелым ад фашізма краінам.
Капліца, фота Сяргея Палянскага, 2005 г.
У 1988 годзе Лошыцкі сядзіба-паркавы комплекс узяты пад абарону дзяржавы і аб’яўлены помнікам гісторыі, культуры і архітэктуры.
Сядзіба, фота Сяргея Палянскага, 2005 г.
Зараз на тэрыторыі парка знаходзіцца конны клуб, зялёны рынак з цяпліцамі, дзе вырошчваюць на продаж расаду пладова-ягадных, дэкаратыўных, адналетніх і мнагалетніх раслін.
Сядзіба, фота Сяргея Палянскага, 2005 г.
Ёсць планы аднавіць карчму, карэтны двор, якія не захаваліся. Разам з другімі пабудовамі яны дапоўняць агульную карціну гістарычнага мінулага.
Флігель, фота Сяргея Палянскага, 2005 г.
Фота Сяргея Палянскага, 2005 г.
Куткі старога парка:
Знята ў 2006 г. Фота Валажынскага У.Г.
Знята ў 2006 г. Фота Валажынскага У.Г.
Знята ў 2006 г. Фота Валажынскага У.Г.
Знята ў 2006 г. Фота Валажынскага У.Г.
Пераклаў Мальцаў Дзяніс Васільевіч.
|