минск
Минск старый и новый
минск: старый и новый
 

Сацыяльна-эканамічныя асновы жыцця (жизнь населения при оккупации)

Эканамічнае жыццё гарадоў было ў першую чаргу звязана з функцыянаваннем мясцовай прамысловасці, якая на Беларусі мела свае асаблівасці, што склаліся яшчэ ў даваенны час. Так беларускія прадпрыемствы былі арыентаваныя на маларэнтабельную пераапрацоўку сыравіны сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай гаспадаркі, а машынабудаванне і металаапрацоўка ў БССР складала толькі 15,2% ад агульнасаюзнага ўзроўню. На вясну 1941 г. 90% прамысловай вытворчасці прыходзілася на ўсходнія раёны Беларусі, а чатыры гарады - Віцебск, Мінск, Гомель, Магілёў - давалі 72% рэспубліканскай прамысловай прадукцыі. Адмова ад будавання прамысловых прадпрыемстваў у Цэнтральнай Беларусі тлумачылася і "стратэгічнымі" меркаваннямі.

45 К

Снято с немецкого самолета в период оккупации.

Аналагічнае становішча назіралася і ў Заходняй Беларусі, дзе 85% насельніцтва жыло ў сельскай мясцовасці. Пры 23% тэрыторыі Польшчы і 11% насельніцтва, у Заходняй Беларусі было толькі 2,8% прадпрыемстваў краіны і 1,9% рабочых. Усяго ў прамысловасці, гандлі, сферы паслуг было занята каля 86 тыс. чалавек [2]. Эканамічны крызіс 30-х гг. спрычыніўся да закрыцця многіх прадпрыемстваў у Заходняй Беларусі. З прыходам савецкай улады ў верасні 1939 г. многія прадпрыемствы былі ўзноўленыя і атрымалі асігнаванні. Пры канцы 1940 г. у заходніх абласцях Беларусі дзейнічалі 392 прадпрыемствы з колькасцю рабочых больш за 20 чалавек (усяго 40 тыс. чалавек)[3] , большасць складалі дробныя прадпрыемствы; колькасць рабочых у БССР пры канцы 1940 г. разам з заходнімі абласцямі склала каля 320 тыс. чалавек.

Як ужо згадвалася вышэй, з Заходняй Беларусі з прычыны хуткага наступу нямецкай арміі эвакуацыя праведзена не была, эвакуяваліся толькі прадпрыемствы Усходняй Беларусі. Усяго ўлетку 1941 г. было дэмантавана, эвакуявана і знішчана больш за 220 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў (пры агульнай колькасці прадпр. - 500). У Заходняй Беларусі (у дадзеным выпадку можна казаць і пра Генеральны абшар Беларусь) прамысловасць засталася амаль некранутай, але і патэнцыял вытворчасці тут быў значна ніжэйшы.

На аднаўленне эканамічнага жыцця і па магчымасці вонкавага стану гарадоў былі накіраваныя першыя намаганні акупацыйных уладаў. Найбольшую складанасць уяўляў стан сталічнага Мінска, які моцна пацярпеў у выніку бамбёжак і пажараў.

"Прадмесьці захаваліся лепш, а пачынаюцца яны часта пару блёкаў ад галоўнай Савецкай вуліцы і прадстаўляюць сабою старыя, яшчэ з перад Першай вайны драўляныя дамкі, вельмі патрабуючыя рамонту. Са значнейшых захаваных будынкаў, захаваўся Дом Саветаў, дзе мясьціліся галоўныя ўрады. Дом Саветаў - вялізарны будынак бэтоннага колеру. Цэнтр будынку адсунуты далей ад вуліцы і творыць пляцык, на якім перад цэнтрам будынку п'едэстал, на якім засталіся два боты належачыя Леніну, самога-ж Леніна скінулі хутка пасьля заняцьця гораду. З іншых значных будынкаў захаваліся: тэатр, дом Кампартыі, дом Чырвонай Арміі, тры бакі пляцу Волі, музэй, гарадзкая ўправа, тэлефонная станцыя і бібліятэка імя А. Пушкіна ордэна Леніна. Захаваўся Чырвоны касьцёл на Савецкай вуліцы, які быў перароблены [за савецкім часам - А.Г.] на дзіцячы тэатр, нават з рухомай сцэнай, Жоўтая царква, царква Чыгуначнікаў ды будынак падручнага вастрогу, бо галоўны згарэў"[5], - канстатаваў у сваіх успамінах Леанід Галяк, які прыехаў у горад у ліпені 1941 г.

23 К

Снято со стороны Октябрьской (Центральной) площади. Сайтhttp://kupala-library.iatp.by/

Тым не менш, аднаўленне прадпрыемстваў у ГАБ праходзіла ў максімальна кароткія тэрміны. Так у беларускай сталіцы на снежань 1941 г. функцыянавалі 73 прамысловыя прадпрыемствы. Былі адноўленыя піваварны завод, дрожжавы завод, хлебазавод "Аўтамат", завод "Металіст", вагонарамонтны завод, абутковая фабрыка, завод імя Варашылава і інш. [5]. На красавік 1943 г. у Мінску было ўжо 150 прадпрыемстваў, з іх 14 тэкстыльных, 20 металургічных, 41 будаўнічае [6]. На 1 снежня 1941 г. у сталіцы працавалі 56 з 60-ці крамаў, што існавалі за савецкім часам ...[7].

Характэрная рэч для часоў акупацыі - раскітнеў прыватны і саматужны бізнес. Сістэма рамяства ўніфікавалася распараджэннем генеральнага камісара ад 26 лістапада 1942 г. Згодна з распараджэннем, кожны чалавек мог займацца рамяством, аднак дзеля гэтага трэба было мець дазвол, які выдаваўся на пэўны тэрмін і які трэба было падаўжаць. Рамеснікі таксама мелі права яднацца ў цэхі, якія аб'ядноўвалі саматужнікаў аднага рамяства [8].

Нямецкая ўлада дазваляла набываць патэнты, на арэнду дробных прадпрыемстваў. Быў вызначаны спіс рамёстваў, якімі мог займацца патэнцыйны дробны прадпрымальнік, гандляр ці саматужнік. Усе рамёствы падзяляліся на некалькі катэгорый: будаўляныя (муляры, плотнікі, крыльшчыкі стрэхаў, штукатуршчыкі, маляры, пячнікі, трубачысты, будаўнікі дарог, рэзчыкі камня, ганчары, шкляры), рамёствы апрацоўкі дрэва (сталяры, токары, калесьнікі, бандары і інш.); металёвае рамяство (кавалі, слесары, будаўнікі машынаў, такары, рамеснікі, бляхары, электрыкі, мэханікі), вопратка-тэкстыльныя і скураныя рамёствы (краўцы, капялюшнікі, ткачы, вышывальнікі, прадзільшчыкі, гарбары, шаўцы, вяровачнікі); харчовае рамяство (пекары, кандытары, мясьнікі), іншыя рамёствы (друкары, пераплётчыкі, майстры музычных інструментаў, цырульнікі, фарбавальнікі, фатографы, прачкі).

22 К

На рынке - [72].

Так, Мінская гарадская ўправа пры канцы 1941 г. выдала загад, згодна з якім, на ўсіх прадпрыемствах, установах, а таксама майстэрнях з 1-га студзеня 1942 г. уводзіліся спецыяльныя журналы работ, куды штодня мусіла ўносіцца падрабязная справаздача зробленага за дзень. Штотыдзень гэтыя журналы мусілі быць прадстаўленыя ў вышэйшыя інстанцыі [9]. Такім чынам, новая адміністрацыя ўводзіла жорсткі кантроль не толькі самой прамысловай вытворчасці, але і саміх працоўных з мэтай, па-першае, найбольш эфектыўна выкарыстоўваць чалавечы рэсурс для патрэбаў Германіі, а па-другое, зменшыць магчымасці для дзейнасці накіраванай супраць улады.

Згодна з распараджэннем новых уладаў, працаваць мусіла (як дарэчы і за савецкім часам) усё працаздольнае насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў, іначай над ім вісела пагроза вывазу на працы ў Германію. Як і за савецкім часам, працоўны тыдзень доўжыўся 6 дзён і выключаўся адпачынак. Працоўны дзень для рабочых доўжыўся 10 гадзін, ва ўстановах - 8 гадзін. Аднак у адрозненне ад савецкага часу, дзе быў адзін выходны на тыдзень, цяпер выходнымі былі і царкоўныя святы. Для праваслаўных гэта былі: Каляды, Новы год, Вадохрышча, Васіль Вялікі, Грамніцы, Вербніца, Вялікдзень, Дабравешчанне, Святога Юр'я, Ушэсце, Святога Мікалая, Святога Івана, Пятра і Паўла, Іллі прарока, Перамяненне Хрыста, Усьпеньне Дзевы Марыі, Івана Галавасека (Хрысціцель), Нараджэнне Дзевы Марыі, Святога Крыжа, Сьвятой Дзевы Марыі, увядзенне Хрыста ў Храм, Святога Мікалая [10].

Каталікі, згодна з традыцыяй, святкавалі меней: Каляды, Новы год, Тры Каралі, Вялікдзень, Ушэсце, Сёмуха, Цела Хрыста, Пятра і Паўла, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Усіх святых, Бязвіннага пачацця.

На пачатку акупацыі заробак вызначаўся распараджэннем аб установе заробку ад 2 снежня 1941 г. Згодна з ім, Генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ вызначаў, што крытэрам для ўсталявання зарплаты мусіць быць зарплата на 20 чэрвеня 1941 г. Менавіта столькі мусілі атрымліваць рабочыя на прадпрыемствах, і менавіта гэтыя тарыфы, як дарэчы і цэны, не павінны былі падвышацца [11]. Пазней заробкі ў Беларусі рэгуляваліся "Распараджэннем для рэгулявання заработнай платы і ўмоваў працы для мясцовых працаўнікоў, занятых у прамысловасці ад 1 чэрвеня 1942 г.", выдадзеным Вільгельмам Кубэ. Распараджэнне распаўсюджвалася на ўвесь абшар Генеральнай акругі Беларусь. У ім усталёўваліся стаўкі заробкаў, якія плацілі на заводах.

 

Усе работнікі дзяліліся на пяць асноўных катэгорый:

"Група 1-а. Чорнарабочыя…0,80 руб. за 1 г. (чорнарабочымі зьяўляюцца нявышкаленыя работнікі, якія займаюцца найпрасьцейшай дапаможнай работай)
Група 1-б. Нявышкаленыя работнікі, дапаможныя работнікі
Вышэй за 18 гадоў…1, 00 руб. за 1 г.
Ніжэй за 18 гадоў…0,80 руб. за 1 г.
Ніжэй за 16 гадоў…0,50 руб. за 1 г.
Група ІІ. Вышкаленыя работнікі …1,35 р. за 1 г
Група ІІІ работнікі спецыялістыя…1,70 руб. за 1 г.
Група IV… майстры … 2,50 руб. за 1 г..
Група V… Нявышкаленыя жанчыны для тыпова жаноцкае работы…0,80 руб. за 1 г. …0,60 руб. за 1 г." [12].

Зыходзячы з таго, што працоўны дзень быў устаноўлены 10 гадзін у суткі, а сярэдняя колькасць рабочых дзён у месяц вагаецца ад 22 да 26, то можна зрабіць наступныя падлікі: сярэдні заробак чорнарабочага павінен быў складаць ад 176 да 208 рублёў у месяц; нявышкаленых работнікаў - 220-260 рублёў; вышкаленых работнікаў - 295-350 рублёў; работнікаў-спецыялістаў - 374-442 рублёў; майстроў - 550-650 рублёў.

Рэальныя заробкі залежылі таксама і ад рэнтабельнасці прадпрыемства, калі былі нізкія прыбыткі, адпаведна і заробкі былі невялікія.

Заробак настаўніка быў значна меншы, чым заробак сярэднестатыстычнага рабочага, ён вагаўся ў памеры 300-400 рублёў. Значна болей атрымлівалі дырэктары школаў і гімназій. Так дырэктар Мінскай прагімназіі атрымліваў 1.500 рублёў ці 150 RM (адна акупацыйная марка была прыраўненая да 10 савецкіх рублёў), яго намеснік - 100 RM загадчык бібліятэкі 75 RM. У гарадах і вёсках заробкі вясковых настаўнікаў былі значна меншыя. Так настаўнікі Лагойску атрымлівалі заробак у памеры 22-25 RM [13], у заходніх абласцях заробак быў крыху вышэйшы, ад 35 да 45 RM.. У памеры 25-40 RM вагаўся заробак урачоў. Нават заробак загадчыка раённай бальніцы не перавышаў 55 RM [14]. Прычыны невялікіх заробкаў настаўнікаў і ўрачоў былі, акрамя іншага, звязаныя з больш нізкай (у параўнанні з непасрэднай вытворчасцю) карыснасцю іх працы для нямецкіх уладаў. Адпаведна чым больш зацікаўленыя былі новыя гаспадары ў функцыянаванні тых, ці іншых вытворчых ці адміністрацыйных структур, тым на большыя маглі разлічваць іх працаўнікі. З іншага боку, аплата працаўнікоў бюджэтнай сферы ў квазікапіталістычных дзяржавах, заўсёды меншая, за сярэдні ўзровень тых жа рабочых.

Так заробак людзей, датычных да кіраўніцтва на павятовым узроўні быў значна большы, чым урачоў ці настаўнікаў. Акруговы старшыня зарабляў 180 RM, ягоны намесьнік - 150 RM, сакратар - 58 RM.. Так, старшыня Лагойскага павету атрымоўваў 177 RM, школьны інспектар - 93 RM, міравы судздзя - 108 RM.. Кіраўнікі павятовых упраў, а таксама аддзелаў самапомачы мелі зарплату каля 55 RM.

Добра плацілі ў паліцыі, магчыма, таму туды і запісваліся грамадзяне. Так, звычайны стражнік атрымліваў удзень 0,80 RM (жанаты 1,80 RM), камандзір аддзялення - 1, 00 RM (жанаты - 2,00 RM), камандзір аддзялення - 1, 10 RM (2,10 RM), звязовы - 1, 50 RM (3,00 RM), ротны - 2, 30 RM (3,80 RM), батальённы - 3, 30 RM (4,80 RM) [15]. Трэба ўлічваць таксама і тое, што паліцэйскія знаходзіліся на пастаянным казённым харчаванні, а сям'я паліцэйскага карысталася рознымі льготамі.

Большыя заробкі былі на прадпрыемствах, якія з'яўляліся прадстаўнікамі нямецкіх фірмаў. Так, супрацоўнікі Мар'іна-горскай канторы Цэнтральнага гандлёвага таварыства "Усход" атрымлівалі заробкі значна вышэйшыя за сярэдні заробак гараджан. Так, дырэктар атрымліваў 150 RM, аграномы - 80 RM, галоўны бухгалтар - 100 RM, ягоныя намеснікі - 80 RM [16].

Улетку 1943 г. паступіла распараджэнне аб аплаце працы служачых публічнай адміністрацыі ў ГАБ. Яна ўсталёўвалася для 5 катэгорый. Найвышэйшыя работнікі атрымлівалі 140-180 RM, кіруючыя - 110-140 RM, служачыя з закончанай вышэйшай асветай, якія працавалі па спецыяльнасці - 90-110 RM, служачыя з сярэдняй асветай - 70-90 RM, тэхнічныя служачыя - 60-70 RM. Яўрэям выплочвалася 80% ад пералічаных катэгорыях.

Выплочваліся ў Мінску і пенсіі. Падставай для выплаты пенсій стала распараджэнне гарадской управы. Пенсіі выплачваліся штомесяц інвалідам працы, іх сем'ям, па старасці і за выслугу гадоў. Падставай для выплаты пенсій служыў ордэр і разліковая кніжка, выдадзеная аддзелам апекі гарадской управы [17].. Пенсіянеры 1-й групы атрымлівалі 72 руб.27 кап., другой групы - 91,46 руб., трэцяй - 88,28 руб., пенсіянеры па старасці гадоў -117,07 руб., па выслузе гадоў - 78,81 руб. Гэта былі мізэрныя грошы. Найвышэйшыя былі персанальныя і акадэмічныя пенсіі складалі 475,13 руб [18]. Прыкладам, у Мінску пенсію атрымлівалі толькі 4% ад агульнай колькасці жыхароў, што з'яляецца значна меншым працэнтам ад агульнай колькасці пенсіянераў.

Пры ацэнцы рэальнага ўзроўню заробкаў і пенсій неабходна звярнуць увагу на структуру харчавання гараджан. Згодна з афіцыйнымі нормамі харчавання, у тыдзень чалавек мусіў спажываць 1.750 гр. хлеба. 200 грамаў мяса, 200 грамаў мукі, 150 грамаў крупаў. Для яўрэяў прадугледжваліся ў два разы меншыя нормы.

14 К

На улицах города, июнь 1942 г.

Дзеля забеспячэння нармальнага ўзроўню харчавання ўводзілася карткавая сістэма. Вызначаліся дзве формы картак, якія выдзяляліся працаздольным асобам векам ад 18 да 55 гадоў, іх жонкам, а таксама адзінокім мужчынам з дзецьмі да трох гадоў. Той, хто не меў гарадской прапіскі, атрымліваў карткі па прад'яўленні даведкі з месца працы. Гаспадары дробных прадпрыемстваў, работнікі гэтых прадпрыемстваў, а таксама саматужнікі-адзіночкі атрымлівалі карткі ў тым выпадку, калі былі зарэгістраваныя ў аддзеле працы горада. У картку ўпісвалася імя, імя па бацьку, прозвішча асобы, імёны ўтрыманцаў. Карткі выдаваліся тэрмінам на месяц. Хворыя і непрацаздольныя асобы мусілі прад'яўляць даведку з амбулаторый пры гарадской управе [19].

Каб ацаніць рэальны ўзровень прыбыткаў насельніцтва, варта звярнуць ўвагу таксама і на цэнавую палітыку ўладаў. Адміністрацыя гораду імкнулася рэгуляваць цэны на прадукты, раз-пораз выдаючы пералікі тавараў і іх афіцыйных коштаў, якія друкаваліся ў тагачасных газетах. Так, згодна з распараджэннем нямецкіх уладаў, 1 кг сала у краме і рынку мусіў каштаваць 35 руб.., масла - 35 руб., яйкі - 7 руб./дзесятак, літр малака -3.60 руб., свініна - 15 руб., алей - 20 руб. за літр, бульба 50 руб. за мех (50 кг), 1 кг чорнага хлеба - 1.20 руб., ялавічына першага гатунку - 9 руб., ІІ-гатунку - 6 руб [20]. Аднак гэта былі дэкларатыўныя цэны, бо рэальныя былі ў некалькі разоў вышэйшыя, прыкладам на "чорным" рынку 1 кг хлеба каштаваў 3.50 РМ.

У часы акупацыі аднавілі сваю дзейнасць разнастайныя ўстановы грамадскага харчавання. Так сталоўкі паралельна забяспечвалі платным і бясплатным харчаваннем (паводле распараджэнняў управаў і аддзелаў самапомачы). Прыватныя кавярні і бары забяспечвалі патрэбы больш заможных грамадзян, аднак, відавочна, іх абарот быў невялікі. Так увесь грашовы абарот Вілейскай кавярні сп-ні Бжэзінскай з 17 ліпеня па 1 верасня 1941 г. склаў 4.955 рублёў [21]. А цэны у сярэднестатыстычным рэстаране, напрыклад, у Любані былі наступныя: чырвоны боршч - 0.65 руб., мяса тушанае -1.35 руб., рыба свежая - 1.15 руб [22].

Матэрыяльнае становішча жыхара Мінска ілюструе дакумент мінскага камісарыята, які аналізуе спажывецкі кошык сям'і кваліфікаванага рабочага аднаго з мінскіх заводаў.

Прыход  Расход
  • Па асноўным занятку - 550 руб. 
  • Зарплата па другасным занятку -
  • Іншыя даходы - 
  • Заробак інш. членаў сям'і - 250 руб 
  • Продаж прадуктаў з уласнай гаспадаркі - 2.200 руб.
  • Продаж рэчаў - 8.535 руб.
  • Усяго паступленняў - 11.535 руб. 
  • Іншае - 20,0 
  • Памяшканне і камунальныя паслугі…53,0
  • Паліва - 80,0
  • Харчаванне…9400
  • Напіткі - 300, Гарэлка - 400
  • Вопратка, лячэнне -
  • Гігіена…450,0
  • Культ. выдаткі -54,0
  • Усяго выдаткавана 11.535 [23].
Безумоўна, дадзеныя разлікі з'яўляюцца ў вялікай ступені абстракцыяй, бо ў кожнага асобнага чалавека была свая індывідуальная сітуацыя: адрозніваліся і заробкі, і сямейны склад, і магчымасці для продажу ўласных рэчаў, і патрэбы. Адно было відавочна, амаль усе заробленыя і здабытыя іншымі шляхамі сродкі працоўны чалавек укладаў у забеспячэнне харчавання для сябе і сям'і.

Акрамя таго, гарадское насельніцтва, як і раней сплочвала падаткі. Асноўны спаганяўся з заработнай платы. Яго памер вылічаўся ад колькасці заробку і быў роўны, у сярэднім 6,5-15%, быў прагрэсіўным (выплочваўся ў залежнасці ад памеру заробку). Зямельная рэнта складала 5 кап. за 1 м2 без пабудоў, 20 кап.за 1 м. кв. з пабудовамі [24].

Асаблівую вастрыню ў першыя месяцы акупацыі набыла жыллёвая праблема. У выніку баявых дзеянняў летам 1941 г. некаторыя гарады Беларусі былі моцна разбураныя, найбольш пацярпела сталіца Беларусі. Пажары выклікалі самастойнае і некантраляванае перасяленне жыхароў-пагарэльцаў у цэлыя памяшканні. Адміністрацыя гарадоў спрыяла перасяленню людзей на новыя месцы. Перасяленне тычылася не толькі пагарэльцаў, трэба было рассяліць і новую нямецкую ўладу, і, як у прыкладзе з Мінскам, беларускую адміністрацыю, збольшага прыезжую. Так, беларускае кіраўніцтва Мінска пасялілася ў шматкватэрным доме, што раней належыў кіраўніцтву Заходняй ваеннай акругі [25] на вуліцы Ленінградскай (дом 5). Аднак перасяляліся не толькі найвышэйшыя чыноўнікі.
У выніку перамяшчэння яўрэяў у гета, вызвалілася вялікая частка жыллёвага фонду, і наадварот, неяўрэйскае насельніцтва пакідала межы гета. Мінская гарадская ўправа выдавала адпаведныя ордэры на новыя кватэры. Прыкладам, да 20 верасня 1941 г. ўжо было выдадзена 6.918 ордэраў, з іх 5.377 - пагарэльцам, 709 - па абмене кватэр, а 872 - на паляпшэнне жыллёвых умоваў . Выдаваліся ордэры і пазней, і ў выніку - жыллёвая праблема ў Мінску часткова была вырашана. Трэба адзначыць, што крыху лепш была справа з жыллём была ў правінцыі, якая з розных прычынаў спазнала меншыя разбурэнні.

Што ж датычыць цэнаў на жыллё, то іх рэгуляванне залежыла ад мясцовых уладаў. Так, у Вілейцы загадам начальніка павета Барыса Сініцкага ў 1941 г. былі ўсталяваныя наступныя кошты:

  • за кватэрнае памяшканне 1 руб. 30 кап. за 1 м2;
  • за памяшканне занятае пад прадпрыемства, гандлёвае ці рамесную ўстанову - 2, 50 руб. за м2 [27]. Аналізуючы дамавыя кнігі і кнігі ЖКГ можна адзначыць, што за камунальныя паслугі з звычайнай кватэры плацілі ў памеры 50-70 руб. у месяц.

Суровыя ваенныя ўмовы вымагалі і адпаведных захадаў па абуладкаванні дома. Так, згодна з прадпісаннямі ўлады, нельга было выкарыстоўваць больш за лямпачку, улічваючы прыёмы святламаскіроўкі. Практыкаваліся і выпадкі адключэння электрычнасці з мэтамі эканоміі.

Дзеля забеспячэння аховы парадку і прадухілення тэрарыстычных акцый, а таксама зважаючы на ўмовы ваеннага часу ў гарадах уводзілася каменданцкая гадзіна. Яна вызначалася ў ГАБ, паводле загаду генеральнага камісара Вільгельма Кубэ ад 29 лістапада 1941 г., ад 19 гадзіны вечара і да 7 раніцы [28]. Улетку каменданцкая гадзіна пачыналася ад 21 гадзіны і сканчалася а 5 раніцы. У акругах каменданцкая гадзіна ўводзілася акруговымі камісарамі і магла розніцца на адну-дзве гадзіны. Цывільныя асобы, затрыманыя ў забаронены час на вуліцах, арыштоўваліся. Выключэнне складалі толькі наведнікі тэатраў, канцэртаў, якія мусілі пры сабе мець квіток, што быў пропускам, а таксама рабочыя прадпрыемстваў, што працавалі ў другую ці трэцюю змены [29].

У часы нямецкай акупацыі ў гарадах працягвалі сваё функцыянаванне ўсе камунальныя службы, якія забяспечвалі нармальную жыццядзейнасць гараджан. Так у Мінску быў адноўлены вадаправод, дзейнічалі вулічныя водазаборныя калонкі, артэзінянскія калодзежы [30].

Для палягчэння камунікацыі аднаўлялася тэлефонная сувязь, найперш гэта тычылася нямецкіх службоўцаў і беларускай адміністрацыі. Для звычайнага абывацеля тэлефонная сувязь, як і ў ранейшыя дзесяцігоддзі, была вялікай раскошай. У Мінску, былі ўведзеныя пяцізначныя нумары (усяго каля 150 нумароў). Усе тэлефоны пачыналіся на "21". Так патэлефанаваць камісару горада Мінска - 21-100, у яго прыёмную - 21-102, бурмістру горада - 21-103, у прыёмную бурмістра - 21-105, а вось тэлефоны Вільгельма Кубэ і супрацоўнікаў ГКБ былі, праўдападобна, засакрэчаныя, іх няма ў дакументах упраў.
Як і цяпер, тэлефон даведкі быў "09", заявіць аб няспраўнасці тэлефоннага апарата можна было па "08", а патэлефанаваць у хуткую дапамогу - "01".

Тагачасным цэнтрам Мінска быў квартал, які абмяжоўвася сённяшнім простакутнікам (Карла Маркса - Камсамольская - Рэвалюцыйная - Плошча Свабоды). Так управа БНС знаходзілася на Алеся Гаруна, 13 (сённяшняя Камсамольская, 13, чырвоны будынак, дзе месціцца гадзіннікавая крама). Насупраць, можна было паласавацца ў рэстаране "Бэрлін" (Гаруна, 14), той, хто меў меней грошай у сталоцы БНС у тым жа будынку на Алеся Гаруна, 13. Рэдакцыя "Беларускай газэты" - вул. Рагнеды (Рэвалюцыйная, 2). На рагу плошчы Свабоды і вуліцы Рагнеды знаходзілася паліцыя. У доме па былой вуліцы Карла Маркса знаходзіўся генеральны камісарыят, у будынку Ленінскай бібліятэкі - акруговы камісарыят, пазней сюды перасялілася Беларуская цэнтральная рада.

19 К

Центр города - [72].

У доме №5 па вуліцы Ленінградскай, насупраць хімічнага факультэту БДУ жыла беларуская адміністрацыя, потым нямецкія ўлады выселілі іх на Ратамскую. Новыя ўлады вырашылі перайменаваць усе "савецкія" вуліцы. Паводле загаду, найперш трэба даваць вуліцам нейтральныя назвы (садовая, лясная і г.д.), потым - імёны беларускіх дзеячаў, паэтаў, пісьменнікаў. У скрайнім выпадку - нямецкіх паэтаў, кампазітараў, культурных дзеячаў. Даваць імёны дзеячаў нацыянал-сацыялітычнага руху забаранялася. Так Маскоўская вуліца ў Мінску стала звацца Варшаўскай, што болей лагічна з геаграфічнага гледзішча, Энгельса стала Ф. Скарыны, Савецкая -Захар'еўскай, потым 25 сакавіка [31]..
3 сакавіка 1942 г. было выдадзена распараджэнне "Аб часовай рэгуляцыі руху ў Остландзе", якое, сярод іншага, паведамляла: "кожны поваз мусіць быць у пэўным бяспечным для руху стане, асабліва нармальна функцыянаваць тармазы, асвятленьне і кіраванне". Аўтамашыны мусілі мець службовыя знакі. Найбольшая хуткасць, якая прадугледжвалася ў гарадах - 40 км/г, на вясковых дарогах: для грузавікоў і аўтобусаў 50 км/г, для аўтамабіляў і матацыклаў - 80 км/г [32]. Аднак у Беларусі было вельмі мала асабістага транспарту, каб зважаць на гэты загад, таму рэгламентацыя хутчэй тычылася службовага. У начны час усе машыны і павозкі мусілі мець "каціныя вочы" - святлавяртальнікі.

Асобна ставілася пытанне карыстання веласіпедамі. Раз-пораз нямецкая адміністрацыя імкнулася забраць гэты транспарт на карысць новай улады, аднак не атрымалася і веласіпеды засталіся асноўным сродкам перамяшчэння для мясцовага незаможнага насельніцтва ў тыя часы. Гэтую сітуацыю падцвярджае ў сваіх мемуарах Леанід Галяк: "Вясною 1942 году, каля Менску было яшчэ адносна спакойна з савецкімі дэсантамі, і аднойчы я з I. Касяком выбраліся на ровэрах адведаць майго бацьку ў Радашкавічах. Даехалі туды, пабылі пару гадзінаў і пачалі варочацца. Едучы назад заехалі ў Заслаўе, там пераначавалі. Назаўтра вярнуліся ў Менск" [33].

Аднаўленне працы камунальных службаў, а таксама сродкаў і шляхоў камунікацыі з'яўлялася праявай зацікаўленасці новых нямецкіх уладаў у трывалым функцыянаванні гарадоў, як цэнтраў кіравання акупаванымі тэрыторыямі. Адначасова захады па забеспячэнні нармальнай жыццядзейнасці павінны былі стварыць у гараджан упэўненасць у доўгатрываласці новага рэжыму.

Яшчэ адной праявай імкнення аднавіць бачнасць нармальнага жыцця гарадоў было аднаўленне працы банкаўскай і судовай сістэмаў. Так працаваў Грамадскі банк, які выдаткоўваў крэдыты грошы як прыватным, так і дзяржаўным прадпрыемствам, Крэдыты былі памерам ад 500 да 1000 рэйхсмарак [34].

Аналагічна на акупаваных тэрыторыях паступова наладжвалася і сістэму судоў. Яе аднаўленнем займалася намесніцтва Мінскай акругі. У жніўні 1941 г. былі створаныя суды ў Радашковічах, Смаялявічах, Койданаве, Уздзе, Заслаўі, Чэрвені, Лагойску, Мар'інай Горцы, чатыры суды ў Мінску [35].

З часам сістэма судоў была некалькі перабудавана. Юрысдыкцыя Мінска пераносілася на ўвесь Генеральны абшар Беларусь. Быў заснаваны Мінскі акруговы суд пад старшынствам Мікалая Навагродскага (пазней быў таксама створаны Баранавіцкі акруговы суд). Мінскаму акруговаму суду падпарадкоўваліся суды ў акругах. У сваю чаргу акруговаму галоўнаму міравому суду падпарадковаўліся суды паветаў. У Мінску, як сталіцы, было чатыры міравыя суды. У акруговых і павятовых гарадах - па адным. Суд складаўся са старшыні, юрыста і двух народных прадстаўнікоў. Планавалася, што гарадскія і раённыя суды будуць разглядаць як крымінальныя, так і цывільныя справы. На справе выйшла інакш, на працягу двух гадоў беларускія суды займаліся цывільнымі справамі (кватэрныя пытанні, пытанні спадчыны, зямлі і т.д.). Толькі ад лета 1943 г. у іх кампетэнцыю пачалі перадавацца дробныя крымінальныя справы, якімі дагэтуль займаліся нямецкія паліцэйскія улады. Па трапным выслоўі Леаніда Галяка, звычайна апошняй інстанцыяй у такіх справах быў любы нямецкі паліцэйскі [36].
Паколькі свайго беларускага права не было, то у судовых спрэчках кіраваліся нормамі польскага цывільнага права, якое, у сваю чаргу, узяла за аснову нормы, створаныя ў Расійскай імперыі.

21 К

 Указатели направлений. Годы оккупации.

Яшчэ больш неабходным, чым аднаўленне банкаў і судоў, было наладжванне функцыянавання ў часы акупацыі сістэмы аховы здароўя, якая выконвала задачы барацьбы з магчымымі эпідэміямі (характэрнымі для бязладдзя ваеннага часу), а таксама забеспячэння мінімальных прыстойных умоваў жыцця гарадскога насельніцтва як асноўнай прамысловай працоўнай сілы. Адначасова наладжаная праца сістэмы аховы здароўя стваралася ўяўленне пра нармальнасць умоваў існавання жыхароў гарадоў.

Адным з першых крокаў, зробленых у гэтым кірунку ў акупацыйных умовах, было заснаванне ў ліпені 1941 г. Беларускага чырвонага крыжа, які ўзначаліў д-р І.Антановіч. Цікава, што прыезд на пасаду бурмістра Мінска д-ра Вітаўта Тумаша таксама разглядаўся нямецкімі ўладамі не з палітычных, а выключна з прагматычных (медыцынскіх) пазіцый - для змагання з эпідэміямі і хваробамі [37].

Неабходна было вяртаць да жыцця не толькі старую даваенную сістэму аховы здароўя, але і стварыць арганізацыю, якая мусіла б адказваць за яе функцыянаванне. З гэтай мэтай 22 кастрычніка 1941 г. з дазволу міністра акупаваных усходніх тэрыторый была заснаваная Беларуская народная самапомач, на чале з д-рам Янам Ермачэнкам. Згодна са статутам, БНС мусіла апекавацца над насельніцтвам і займацца пытаннямі аховы здароўя. Дзеля дасягнення мэты прадугледжвалася арганізоўваць інтэрнаты, дзіцячыя садкі, а таксама розныя прадпрыемствы.

Пад наглядам новай адміністрацыі ў гарадах, раёнах і акругах паступова ўзнаўлялася праца бальніц і амбулаторый. Так, у Мінску колькасць бальніц зменшылася з 12 даваенных да чатырох, ды і то паслугі ў іх былі платныя. Прыём лекарам каштаваў 6 руб., паўторны прыём - 4 руб., прыём фельчарам - 4 руб., стаматолагам - 4 руб., пламбаванне зуба - 7 руб., выдаленне - 5 руб., з абязбольваннем - 10 руб., налажэнне гіпсу - 25 руб. Наведванне ўрачом на даму каштавала 12 руб., дапамога акушэркі пры родах - 30 руб., прыём у хірурга і тэрапеўта - 5 руб., рэнтген грудной клеткі - 10 руб, рэнтген страўніка - 20 руб. Знаходжанне ў лякарні адзін дзень (ложак-дзень) каштаваў 10 руб [38]. Нягледзячы на платныя паслугі (грошы ад іх часткова ішлі на заробак, а часткова на закупку лекаў), нямала рабілася і бясплатна, перадусім, збяднелым слаям насельніцтва.

Змяншэнне колькасці бальніц тлумачылася, акрамя іншага, змяншэннем колькасці медыцынскага персаналу. Частка жыхароў, сярод іх медыцынскія работнікі, значную колькасць якіх складалі яўрэі-медыкі, эвакуяваліся на усход, унікаючы пераследу немцаў. Пазней, ужо пасля першых месяцаў акупацыі, часткова звальняліся і перамяшчаліся ў гета пазасталыя ў бальніцах яўрэі. Таму, згодна з адпаведным загадам па Мінскім намесніцтве, павялічвалася ўрачэбная нагрузка, і, апрача таго, урачы мусілі абавязкова дзяжурыць у неўрочны час.

Адной з найбольш важных для ўладаў функцый медыцынскіх службаў былі захады па прадухіленні эпідэмій, якія распаўсюджваліся "дзякуючы" ваенным умовам жыцця. Так, згодна са зводкамі, калі на пачатку 1941 г. на 300.000 колькасць жыхароў было 16 выпадкаў сыпнога тыфусу, то ў першай палове 1942 г. на 105.000 прыходзілася ўжо 314 выпадкаў. Акрамя звычайных захадаў па барацьбе з эпідэміямі, важная была прафілактыка гэтых захворванняў і агітацыя за здаровы лад жыцця. Аднак ваенныя ўмовы ўносілі свае карэктывы ў магчымасці такой працы. Так нават у сталіцы было толькі чатыры лазні, якія працавалі раз-два на тыдзень. Гэтай колькасці было недастаткова, бо санітарна-эпідэмічная камісія вызначыла неабходна-дапушчальную колькасць памывак роўную тром на месяц.

Новыя акупацыйныя ўлады былі зацікаўленыя ў фізічным і маральным здароўі мясцовага насельніцтва, што было залогам бесперапыннага і бесперабойнага функцыянавання прадпрыемстваў. Паводле загаду генеральнага камісара В.Кубэ ад 13 снежня 1941 г., абавязковым чынам уводзілася сацыяльнае страхаванне насельніцтва, на выпадак хваробаў і няшчасных выпадкаў. Згодна з загадам, усе прамысловыя ўстановы і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы павінны былі выплачваць узносы сацыяльнага страхавання па былым тарыфе. Усе гэтыя грошы мусілі пералічвацца на адпаведны рахунак "сацыяльнае страхаванне", адкуль потым і рабіліся выплаты [39].

Такім чынам, дапамога для нежанатых складала 40% тыднёвага заробку, жанатым - 60% дапамога выплачвалася максімальна на працягу двух тыдняў (нежанатым), і чатырох тыдняў (жанатым). Калі прычынай непрацаздольнасці быў няшчасны выпадак, то дапамога выплачвалася на працягу 10 тыдняў. Аднак, для атрымання такой дапамогі неабходна было адпрацаваць на прадпрыемстве дагэтуль не менш за 6 тыдняў. Яўрэям такая дапамога не прадугледжвалася.

Вялікую дапамогу збяднелым слаям насельніцтва аказвала Беларуская народная самапомач праз сістэму бясплатных абедаў. Так, за студзень-сакавік 1944 г., згодна са справаздачамі Мінскай гарадской управы, у Мінску было бясплатна раздадзена 54 тыс. 303 абеды, пераважна вымушаным уцекачам, школьнікам, састарэлым і інвалідам. Аднак у той жа справаздачы БСП прызнавала, што каларыйнасць, якая ўтрымлівалася ў тыповым абедзе (хлеб+крупы+мяса) - 1.159 калорый, была меншай за неабходную колькасць калорый, патрэбных для нармальнага функцыянавання арганізму [40]..

Акрамя іншага, аказвалася і персанальная дапамога насельніцтву ў харчаванні. За згаданы вышэй перыяд збожжам, мукой, крупамі, бульбай інш. у студзені 1944 г. было выдадзена 6.869 кг прадуктаў. Аказвалася дапамога і грашыма [41]. Так, грашовая дапамога накіроўвалася з наступных устаноў (скрынкавыя зборы - 2.532 RM, ахвяраванні Мінскага касцёла - 2.000 RM, ахвяраванні мінскіх цэркваў - 0, ахвяраванні школ - 523 RM, ад падпісных лістоў - 4.583 RM, латарэі, сяброўскія складкі - 4.851 RM). Усяго атрымана было 14.489 RM, якія былі размеркаваныя сярод збяднелага насельніцтва.

Зборам ахвяраў сярод мясцовага насельніцтва займаліся, пераважна, школьнікі. Вось што згадвае пра тыя часы Вітаўт Кіпель: "Аднае пятніцы дырэктар школы сп. Пётра Кісель, аддаўна знаны беларускі настаўнік, сабраў вучняў 6-х і 7-з клясаў у калідоры (залі не было) і сказаў прыблізна такое: "У Менску шмат сіротаў, якімі апякуецца ў асноўным Беларуская народная самапомач. БНС зьвярнулася да школаў Менску, каб правесці збор грошай для дапамогі сіротам. І вось сабраў тут вас, вучняў старэйшых клясаў, каб прасіць дапамагчы ў такой справе. Патрэбныя толькі дабарахвотнікі". Згадзіліся ісьці на збор амаль усе вучні, асобаў 25-30. Дырэктар раздаў нам скарбонкі і вызначыў раёны, дзе зьбіраць грошы. Мне выпаў Ляхаўскі. Скарбонкі былі велікаватыя, літры на паўтара-два, і перапаясаныя бел-чырвона-белымі-стужкамі…Я здаў сваю скарбонку каля гадзіны 5-й. Пры мне той з БНС адчыніў скарбонку ды высыпаў тысячы рублёў і шмат, шмат марак. Як казаў нам пазьней дырэктар Кісель, той збор грошай быў вельмі памысны. Ваенны Менск шчыра адгукнуўся на заклік аб дапамозе" [42].

Нягледзячы на кампактанасць тэрыторыі, жыццё ў гарадах ГАБ мела рэгіянальныя асаблівасці. У заходніх абласцях яно было больш заможным, чым у раёнах, што на жнівень 1939 г. знаходзіліся ў складзе БССР. Саветызацыя Заходняй Беларусі не прывяла да поўнага яе збяднення. Менавіта сюды і імкнуліся выязджаць людзі, у надзеі на лепшыя ўмовы жыцця: тут былі і большыя заробкі, і больш спакойнае існаванне (да 1943 г. нязначная колькасць партызанаў і падпольшчыкаў).

Такім чынам, сацыяльна эканамічнае жыццё ў гарадах ГАБ рэгулявалася нямецкай адміністрацыяй і было накіравана найперш на стварэнне нармальных умоваў для функцыянавання прамысловасці на патрэбы Германіі, а таксама на забеспячэнне трывалай падтрымкі новай улады мясцовым насельніцтвам. Найбольш важныя агульныя рашэнні адносна акупаваных тэрыторый прымала нямецкая адміністрацыя, а іх выкананне і кантроль, а таксама вырашэнне мясцовых праблемаў эканамічнага і сацыяльнага кшталту было ўскладзена на беларускую мясцовую адміністрацыю ўзроўню гарадоў, паветаў, акругаў. Для агульнай рэгламентацыі жыцця жыхароў Остланда, і, у прыватнасці, ГАБ нямецкая адміністрацыя выдавала пастановы, што друкаваліся ва Урадавым весніку, ці перадруковаўліся ў мясцовых беларускіх газетах. Пры гэтым пастановы ва Урадавым весніку друкаваліся па-беларуску і па-нямецку, у адрозненне ад аналагічнага выдання для Рэйхскамісарыята Жытомір, дзе загады друкаваліся толькі па-нямецку.

Увага нямецкіх ўладаў да сацыяльна-эканамічнага жыцця гарадоў ГАБ была пабудавана па прынцыпах карыснасці. Так ад наладжвання прамысловасці нямецкая эканоміка атрымоўвала непасрэдны прыбытак, а вось функцыянаванне аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэнне мела значэнне найперш для самога мясцовага насельніцтва, а не для нямецкай адміністрацыі. Адпаведна і сродкі, якія накіроўваліся ў гэтую, традыцыйна бюджэтную сферу, вызначаліся зыходзячы з падтрымання мінімальнага ўзроўня яе функцыянавання, неабходнага для нармальнай жыццядзейнасці мясцовага працоўнага насельніцтва.

18 К

 Пленные на улицах города - [72].

Тым не менш, нельга не заўважыць, што захады новага кіраўніцтва па наладжванні сацыяльна-эканамічнага жыцця гарадоў закліканыя былі стварыць у мясцовага насельніцтва ўражанне аб трываласці і доўгатэрміновасці новага рэжыму, а адначасова і стварыць пласт лаяльных да ўладаў жыхароў.

Олег Гордиенко

 

При написании статьи использовались следующие материалы:

1. Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй… С. 44.
2. Нарыс гісторыі Беларусі ў 2-х частках. Частка 2. С. 215.
3. Тамсама. С. 261
4. Галяк Л. Успаміны. Лос-Анджэляс. Т.1. Машынапіс…
5. ДАМВ, ф.688, воп.1, спр.25, арк.21
6. Кнатько Г. Мінск в годы оккупации…
7. ДАМВ, ф.688, воп.1, спр..11, арк.3-5.
8. Урадавы Веснік. 15 студзеня 1943 г.
9. ДАМВ, ф.1039, воп.1, спр. 210, арк. 55
10. Урадавы Веснік.. 16 мая 1942 г. №5.
11. Урадавы Веснік. 1942 г. 30 студзеня
12. ДАМВ, ф.1039, воп.1, спр.210, арк. 39-42
13. тамсама, воп.1, спр.1, арк. 12
14. тамсама, спр.. 16, арк. 6
15. тамсама, ф.1613, воп.1, спр.1, арк. 57.
16. тамсама, ф.1039, воп.1, спр.210, арк.47.
17. тамсама, ф.623, воп.1, спр.1, арк. 9
18. Кнатько Г. Мінск в годы оккупации…
19. ДАМВ, ф. 688, воп.1, спр.11, арк. 9-10.
20. Беларуская газета. 8 чэрвеня і 10 чэрвеня 1942 г.
21. ДАМВ, ф.4218, воп.1, спр.13, арк. 74.
22. тамсама, ф.1039, воп.1, спр.1, арк.21.
23. тамсама, воп.1, спр.115, арк.18
24. НАРБ, ф.3500, воп.3, спр. 65, арк. 25-27.
25. Дз. Касмовіч. За вольную і суверэнную Беларусь…
26. Кнатько Г. Мінск в годы оккупации…
27. ДАМВ, ф. 4218, воа.1, спр. 2, арк. 28.
28. Урадавы Веснік . 30 студзеня 1942 г.
29. Тамсама.
30. Кузьменко В.И. Интеллигенция Беларуси в период немецко-фашистской оккупации. (1941-1944). С.31
31. Калубовіч А. Прафэсар Вацлаў Іваноўскі і Беларуская Рада Даверу. У кн. Аўген Калубовіч. Крокі гісторыі. Мінск-Вільня-Беласток, 1993. С. 154
32. Урадавы Веснік. 15 красавіка 1942 г. №4. С. 71.
33. Галяк Леанід. Успаміны.
34. Блізнюк Дз. Побыт гараджанаў (1941-1944) // Спадчына. 2002. №2. С.66-73. С. 67
35. НАРБ, ф.. 373, воп.1, спр.2, арк. 7.
36. Галяк Леанід. Успаміны.
37. Вітаўт Кіпель. Пра настаўніка, супрацоўніка, прыяцеля (прадмова да кнігі В. Тумаш. Выбраныя працы). Мн., 2002. С. 7-16.
38. ДАМВ, ф.688, воп.2, спр.6, арк.15
39. тамсама, ф.623, воп.1, спр.1, арк. 16.
40. НАРБ, ф.381, воп.1, спр..15, арк. 4-6.
41. Тамсама.
42. Кіпель Вітаўт. Жыве Беларусь! Жменька ўспамінаў-разважаньняў. // Наша ніва. 2002. 22 лютага

Вы можете оказать финансовую поддержку сайту разместив Вашу рекламу на его страницах. 

  

 Индивидуальный предприниматель Воложинский В.Г., свидетельство о государственной регистрации выдано 4.07.2012 г. Минским горисполкомом. УНП 191785219.

  vladimir_volozhinsky
 
© Воложинский В.Г., 2003 - 2014 гг. Все права защищены. Любое воспроизведение фотографий данного проекта без согласования с автором проекта  будет преследоваться по закону.
© Дизайн и программирование - Креатив-Лаборатория 82
главная страница добавить в избранное карта сайта электронная почта
бел | рус | de | en | swe | pl