Цікавыя расліны

Дрэва, што расце каранямі да гары


Нейк само сабой у той дзень выйшаў да гэтых дрэваў

Цікава, што гэта?
даволі звычайнае дрэва
Дрэва, між іншым, даволі звычайнае. Хто вязам называе, а хто ільмам кліча. Хто горны дадае, хто голы. Мне больш да спадобы — шурпаты. Дрэва то звычайнае і шмат хто праводзіў далонью па яго шурпатых лістах. Але гэта калі вы бачылі звычайныя, высокія, магутныя дрэвы. А вось гэтую форму-разнавіднасць шурпатага вяза пабачыш нечаста. Батанікі называюць яе — плакучая, і вядомай яна стала ў 1816 годзе. А вось у народзе празвалі «дрэвам, што расце каранямі да гары». Самае вядомае такое дрэўца расло ў парку Станькава (і не адно,нават легенду пра іх склалі), але не вытрывала снежнай зімы. Дзесьці яшчэ па парках яно сустракаееца. А пра мінскія экзэмпляры пішуць «... можна пералічыць на пальцах адной рукі».


Я налічыў пакуль два — ў парку Горкага ды на Сталетава. Можа хто яшчэ сустракаў такія вязы ў горадзе?

Ну, і, як напамінак пра лета гэтымі снежнымі днямі...

 

Помнік 1863-му


Як вядома, усе тры сыны Валенція Ваньковіча ўдзельнічалі ў Паўстанні. Старэйшы — Адам — у Мінскім уездзе, Казімір — на абшарах Мінскай губерніі, Ян — кіраваў партызанскім атрадам на Берасцейшчыне. Чым скончылася гэтая гісторыя, усім вядома. Сям-там у Беларусі з’яўляюцца напамінкі, памятныя знакі, мемарыяльныя шыльды пра тыя падзеі... А ў Мінску... Канешне, як у той прымаўцы, крышачку інакш чым у Слуцку...
Але... Кажуць, што іх дзядзька Эдвард Вайніловіч вельмі перажываў за сваіх пляменнікаў, тым больш, што Адам знаходзіўся зусім побач з домам — у манастыры бернардзінаў, што ў той час выконвала функцыі турмы. І ў іх гонар, у памяць пра зламаныя лёсы ён пасадзіў ля дома вяз...

Вул. Інтэрнацыянальная
Канешне, гэта легенда. Вельмі прыгожая легенда, але вельмі патрэбная.

Але... Як сцвярджае інжынер-дэндролаг Л.А. Дэйнэка, гэты вяз, сапраўды, быў высаджаны прыкладна 150 год назад — у 60-е гады ХІХ стагоддзя...

Пабачыць Парыж і...


Нейк не так даўно пабачыў здымак прыгожай камчацкай расліны. Расліна вельмі ўпадабалася і пачаў шукаць яе бліжэйшых родзічаў у нас на Беларусі. Ёю апынулася мудранка, па руску «вороний глаз» (па слоўніку Зоські Верас беларускай назве «варонье вочка» адпавядае назва грыба «спорынья»).

Магчыма, вы гэтую расліну памятаеце яшчэ са школьнага курса. Быў такі ўрок у сёмым класе на тэму «Не трэба верыць вачам сваім»: сама расліна адносіцца да аднадольных, а мае прыкметы двухдольных.

Ды размова не пра гэта. Факт тое, што расліна смяротна ядавітая і мае лацінскую радавую назву Paris.

Paris
Магчыма адсюль і пайшло: «Пабачыць Парыж і сканаць»? Дакладней пакаштаваць))

Мінскі рэлікт — дрэва часу


Увесь час хачу нешта цікавае распавесці, але заўсёды знаходжу дзве прычыны гэтага не рабіць:
1. Часу не хапае.
2. Калі я ўжо ў сваёй правінцыі пра гэтае дазнаўся, то іншыя людзі ведаюць пра гэта абавязкова, таму час марнаваць не буду.

Але гэтай сустрэчы я чакаў даўно, таму дазволю сабе раскошу і час згубіць, і «пабаяніць». Неяк краем вуха я пачуў, што ў Мінску ўжо даўно расце дрэва гінкга. Не, ну каб гэта было ў Батанічным садзе, я б нават з месца не зварухнуўся, бо ўжо бычыў яго ў кіеўскім Батанічным садзе. Але і шырата (геаграфічная каторая) не тая, ды і шалёныя грошы на Батанічны сад не трэба выкідываць.

Расце яно непадалёк ад чыгуначнага вакзала ў дворыку тэхналагічнага ўніверсітэта. Вось паглядзіце на гэтага кволенькага небарачку

Гэта і ёсць гінкга білоба 
Гэта і ёсць гінкга білоба — гінкга двухлопасцевае. Адразу скажу, што і ў прыродзе, і на больш паўднёвых шэротах яно дасягае больш велічных памераў — да сарака метраў вышынёю і амаль пяць у дыяметры. Магчыма, гэтаму дрэўцу і ўмовы не спрыяюць, і маладзенькае яно яшчэ. Час пакажа.


Чым жа яно такое цікавае і чаму я так ім запаліўся? Таму што гэта сапраўдны рэлікт! Не, не для мінскага часу, а для ўсяго Сусвету. Рэлікт — гэта кавалачак вельмі далёкага, вельмі дагістарычнага мінулага, якое дайшло да нашага часу. Каб было больш зрзумела, то для назвы гінкга выкарыстоўваюць вельмі трапные параўнанні — «жывы выкапень», «дрэва дыназаўраў». То бок, іх росквіт прыйшоўся на мезазойскую эру, калі на Зямлі панавалі дыназаўры.

У дзікай прыродзе, яно захавалася толькі ў двух невялічкіх раёнах на ўсходзе Кітая, але шырока вырошчваецца ў культуры субтропікаў.
Яшчэ адна цікавостка. Хочаце верце, а хочаце не, але бліжэйшыя родзічы гэтага дрэва ў Беларусі — гэта... елкі і хвоі!!! Так — так... Магчыма, гэтае расліна злучыла продкаў і нашчадкаў: папараці і хваёвыя расліны. Калі зірнуць на лісцце дык і не скажаш

«білоба»
Ну, вось цяпер вам і зразумела, чаму «білоба» — ліст яго быццам бы складаецца з дзьвух паловаў, частак. А назву «гінкга» дык наогул атрымала з-за памылкі якую зрабілі больш за трыста гадоў назад. Ginkjo — так трэба было б называць гэтае дрэва на мове арыгіналу. А ў Японіі яго называюць «качыныя лапкі». І сапраўды, вельмі падобна.


Ну, пра што яшчэ распавесці? Можна яшчэ шмат чаго сказаць....., але німа часу. А пакуль не забыўся, патлумачу чаму загнаў здымак пад кат з такой назвай. Справа ў тым, што лісце гінкга апошнім часам сталі шырока выкарыстоўвацца пры стварэнні прэпаратаў для паляпшэння памяці. Але гэта спрэчнае пытанне. Адно вядома, што цыркуляцыю крыві ў галаўным мозге ён сапраўды паляпшае.

З.Ы. Пагугліў тут і пабачыў якім прыгожым гінкга робіцца ў залатую восень. Наша дрэўца таксама павінна стаць такім жа прыгожым. Але і жаўцее, і скідае лістоту яно вельмі хутка. Так што не правароньце — залатая восень ужо хутка. Ды мне свісніце. Я ж лімітчык)))

З.З.Ы. Краем другога вуха я чуў, што ў мінскіх дварах недзе расце яшчэ адно дрэўца. Але пра яго мне пакуль што нічога невядома((( Але сумаваць не трэба: гінкга жыве да двух з паловай тысяч год і у мяне шмат часу.

А ў Лошыцы цвіце магнолія

Лошыца ўсё яшчэ рэальна багатая на рарытэты мінуўшчыны. Як канстатуе «Беларуская энцыкляпэдыя», у Лошыцкім парку растуць такія экзоты, як дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы японская, сібірская й эўрапейская. Тут ёсьць шматвяковы дуб-чараўнік. Як вызначылі адмыслоўцы, у навакольлі існуе больш за 400 біялягічных відаў дрэваў, кустоў, насякомых, жывёлін і птушак.

Магнолія кобус
 
Цвіце магнолія кобус
 

9.01.2016
Сергей Ярохович
Источник: http://valatsuga-by.livejournal.com/tag/%D1%80%D0%B0%D1%81%D0%BB%D1%96%D0%BD%D1%8B

Читайте еще